Настаўнікі Махроўскай сярэдняй школы выхоўваюць у дзяцей любоў да малой радзімы сродкамі музейнай педагогікі

- 10:07Образование

Ужо 45 гадоў настаўнікі Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна выхоўваюць у дзяцей цікавасць і любоў да малой радзімы сродкамі музейнай педагогікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рэха мінулага

Народны гісторыка-края­знаўчы музей, які дзейнічае ва ўстанове адукацыі, налічвае больш за 900 экспанатаў асноўнага і звыш 2100 экспанатаў дапаможнага фондаў. Кожны з іх раскажа шмат цікавага і пазнавальнага.

— Наш музей — гэта свое­асаблівае адукацыйнае асяроддзе, якое фарміруе ў вучняў каштоўнасныя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю, сваіх продкаў і культурнай спадчыны, — расказвае кіраўнік музея настаўнік геаграфіі Міхаіл Кунахавец. — Музейная экспазіцыя складаецца з 13 раздзелаў, якія знаё­мяць з гісторыяй вёскі Махро, партызанскім рухам на тэрыторыі раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны, землякамі-ветэранамі, мінулым мясцовага калгаса і школы… Акрамя таго, пры музеі дзейнічаюць мастацкая зала, прысвечаная жыццю і творчасці настаўніка-мастака Анатоля Рубановіча, і стаянка штаба Пінскай партызанскай брыгады ва ўрочышчы Красіна. Гэта адначасова помнік і музей пад адкрытым небам, дзе адноўлены зямлянкі, траншэі з бліндажамі, калодзежныя зрубы, лясная школа і нават партызанская кухня.

Знаёмства з экспазіцыяй па­чынаецца з прылад працы стара­жытнага чалавека, знойдзенымі на Іванаўшчыне. Упершыню вёска Махро згадваецца ў гістарычных дакументах за 1517 год. Пераканаўчых крыніц пра паходжанне яе назвы няма. Хутчэй за ўсё яна ўтварылася ад слова “мох”, якога было вельмі шмат на тутэйшых балотах.

З гісторыяй вёскі цесна звязана і гісторыя мясцовай драўлянай царквы, пабудаванай па загадзе памешчыка ў 1792 годзе. Адметна, што ўзвёў яе не замежны дойлід, а таленавіты майстар Парфірый Дашкевіч з сяла Адрыжын. У экспазіцыі — прадметы, перададзеныя музею настаяцелем храма: абраз, лампада і царкоўныя кнігі ХІХ стагоддзя.

— Шмат цікавага можна даведацца пра развіццё рамёстваў у вёсцы, — працягвае Міхаіл Кунахавец. — Здавён-здаўна мясцовыя жыхары стваралі кавальскія і ганчарныя вырабы, ткалі, шылі, вышывалі і плялі для розных гаспадарчых патрэб. Спачатку льняныя вырабы не мелі пэўнага колеравага рашэння, але пазней сталі прыярытэтнымі чырвоны і чорны колеры. Экспанаты знаёмяць з асаблівасцямі тутэйшага арнаменту мужчынскага і жаночага адзення. Калі ў першым адчуваўся ўплыў украінскіх традыцый, выкарыстоўваліся раслінны матыў і зялёны колер, то на другі паўплывала заходняе мастацтва.

Значная частка музейнай экспазіцыі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, якія пакінулі на Іванаўшчыне незагойныя раны. Амаль адразу пасля акупацыі рэгіёна пачалі стварацца першыя партызанскія групы з ліку савецкіх актывістаў, былых ваеннапалонных і салдат-акружэнцаў. Сярод іх вылучаецца інтэрнацыянальная група Аляксандра Самуйліка, куды ўваходзілі беларусы, рускія, марыец, чуваш і мардвін. На адной з чыгуначных станцый партызаны зрабілі засаду і хітрасцю захапілі эшалон фашыстаў з нарабаваным дабром, упрыгожыўшы цягнік чырвонымі сцягамі. Па дарозе лясныя мсціўцы раздалі нарабаванае ворагам назад людзям і нават правялі мітынг з нагоды 25-й гадавіны Вялікага Кастрычніка. Гітлераўцы імкнуліся перагара­дзіць ім дарогу, але партызаны паспяхова ўцяклі ад іх, падпалілі цягнік і скінулі яго ў раку. За гэтую аперацыю Аляксандра Самуйліка ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

— Не менш гераічная і гісторыя атрадаў Молатаўскай брыгады, — заўважае Міхаіл Кунахавец. — Сярод іх — атрады імя Мікалая Шыша і Сяргея Лазо, створаныя на базе некалькіх партызанскіх груп. На іх рахунку — шмат паспяховых даверсійных аперацый у тыле ворага. У 1943 годзе з ліку гэтых і іншых атрадаў была створана брыгада імя Молатава, камандзірам якой стаў Міхаіл Герасімаў. У Пінскім злучэнні яна вылучалася найбольшай баяздольнасцю, а яе мужны кіраўнік вядомы партызанам не толькі Беларусі, але і Украіны і Польшчы. Партызанскім стратэгам называлі і начальніка штаба Дзмітрыя Удовікава, які распрацаваў 20 планаў аперацый па знішчэнні варожых гарнізонаў. Брыгаднымі камсамольцамі кіраваў Эдуард Нордман, арганізатар захопу паліцэйскіх гарнізонаў у шэрагу вёсак, дзе выступаў у ролі нямецкага каменданта. З цягам часу партызанскі рух шырыўся, у рады народных мсціўцаў уліва­ліся новыя байцы, якія адпраўля­лі пад адхон варожыя цягнікі, знішчалі фашысцкія гарнізоны і лініі сувязі праціўніка. У сакавіку 1944 года пры абароне Дняп­роўска-Бугскага канала партызанскае аддзяленне атрада імя Лазо цаной уласнага жыцця не прапусціла ворага ў партызанскую зону.

Трэба адзначыць, што народныя мсціўцы былі гаспадарамі не толькі лясоў, але і цэлых партызанскіх зон, у якіх дзейнічала савецкая ўлада. Так, у маі 1943 года ў вёсцы Калена яны стварылі сельсавет, што аб’ядноўваў восем вёсак Пінскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы яго старшыні Максіма Кананчука.

Пасля вызвалення Іванаўскага раёна ад ворага 300 жыхароў сельсавета адправіліся дабіваць фашыстаў у Еўропе ў складзе Чыр­вонай Арміі. 108 з іх не вярнуліся. На музейных фотаздымках яны назаўсёды засталіся маладымі.

— 18 пісем атрымала ад свайго 22-гадовага сына Міхаіла яго маці Соф’я Дзенісюк, — адзначае Міхаіл Кунахавец. — У адным з лістоў ён піша: “Гэта была самая вялікая радасць. Я даведаўся, што ўсе жывыя і здаровыя і зрабілі ўсе работы ў полі. Дарагія мамачка і сястрычка, вы пішаце, каб я бярог сваё жыццё. Але ведаеце, што жыццё не ў маіх руках. Па-другое, калі мне і давядзецца загінуць, то я загіну за Ра­дзіму”. Міхаіл быў паранены, два лісты маці атрымала са шпіталя, чакала, што хутка яны сустрэнуцца, але… Пра кожнага земляка можна расказваць бясконца. Некаторыя з іх удзельнічалі ў штурме Берліна.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі расказвае пра пасляваеннае мірнае будаўніцтва, у тым ліку пра стварэнне мясцовых калгасаў. Увазе наведвальнікаў музея прадстаўлены першыя заявы калгаснікаў, ведамасці працадзён, фотаздымкі 1950-х гадоў. Сярод найбуйнейшых гаспадарак — тагачасны калгас імя Мікаяна (пазней Леніна), які ў 2001-м увайшоў у склад ААТ “Баравіца”. На шматлікіх фотаздымках — людзі, якія ўпартай і стваральнай працай развівалі сельскую гаспадарку, рабілі жыццё больш уладкаваным і прыгожым.

— Гісторыя школы непарыўна звязана з гісторыяй мясцовай царквы, — гаворыць Міхаіл Кунахавец. — У царкоўных дакументах (у кнізе запісаў расходаў) за люты 1855 года адзначана, што за 10 буквароў заплачана 62 капейкі, а ў царкоўных дакументах за 1874 год згадваецца настаўніца Махроўскага прыходскага вучылішча Настасся Чарняўская. На аснове гэтых звестак лічыцца, што школа адкрылася менавіта ў 1874-м. На працягу 1915—1920 гадоў яна была закрыта. За польскім часам працавалі Махроўская і Хамічаўская пачатковыя школы, дзе навучанне вялося па-польску. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР дзейнічалі Махроўская і Хамічаўская сямігодкі, а таксама Каленаўская пачатковая школа. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёску пры­ехалі настаўнікі, якія вялі заняткі ў жыллі, якое наймалася. Толькі ў 1960 годзе педагогі і вучні атрымалі новы будынак школы, а ў 1976-м — яшчэ адзін, разлічаны на 640 месцаў. Шматлікія фота­здымкі і дакументы падрабязна расказваюць пра мінулае і сучаснае жыццё ўстановы адукацыі.

Жывая памяць

Ваенныя раздзелы музейнай экспазіцыі ўдала дапаўняе стаянка штаба Пінскай партызанскай брыгады, які дыслацыраваўся на поўдні Іванаўскага раёна.

— На пяты дзень вайны Васіль Корж стварыў першы партызанскі атрад у краіне, — расказ­вае Міхаіл Кунахавец. — У Пінскае партызанскае злучэнне, якім ён кіраваў і якое налічвала больш за 8,4 тысячы чалавек, уваходзілі сем брыгад, у тым ліку Пінская партызанская, утвораная ў жніўні 1943 года. Яна дзейнічала ў Пінскім, Жабчынскім і Іванаўскім раёнах Пінскай вобласці і Любяшоўскім і Камень-Кашырскім раёнах Валынскай вобласці. Злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў сакавіку 1944 года.

У брыгаду ўваходзілі амаль 1,1 тысячы чалавек. Па загадзе Васіля Каржа яна дыслацыравалася на Іванаўшчыне. Штаб брыгады размяшчаўся ў атрадзе імя Арджанікідзэ за 6 км ад вёскі Махро непадалёк Акунінскага возера. У ваенны час гэтая тэрыторыя называлася Паслоўскім лесам. Узначальваў брыгаду грузін Іван Шубітыдзэ, які сустрэў вайну на пасадзе начальніка артылерыі 457-га стралковага палка 127-й дывізіі. Быў паранены ў баях пад Смаленскам, трапіў у палон, адкуль збег у верасні 1941-га. Стаў адным з арганізатараў партызанскага руху на Піншчыне. За баявыя заслугі Іван Шубітыдзэ ўзнагаро­джаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двойчы ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Размясціўшыся тут, партызаны разгарнулі актыўную баявую дзейнасць. Пад іх пастаянным кантролем знаходзіліся ўчастак чыгункі Іванава — Лунінец і шашэйныя дарогі Пінск — Столін і Пінск — Лагішын. З верасня 1943-га па сакавік 1944-га партызаны пад камандаваннем Івана Шубітыдзэ разграмілі варожыя гарнізоны ў пяці населеных пунктах.

— Доўгі час ва ўрочышчы Акуніна, на месцы стаянкі атрада імя Арджанікідзэ, захоўваліся рэшткі штабной партызанскай зямлянкі, якая знаходзілася каля магутнага дуба, што і цяпер яшчэ высіцца ля дарогі, — працягвае Міхаіл Кунахавец. — У час баёў там былі пахаваны загінуўшыя партызаны. На дубе выразаны імёны тых, каго не перапахавалі родныя. У 1951 годзе на вясковых могілках перапахавалі чатырох безыменных партызан.

На месцы стаянкі атрада імя Арджанікі­дзэ, які налічваў больш за 200 чалавек, і штаба Пінскай партызанскай брыгады ў 1975 го­дзе ўсталявалі памятны знак — стэлу. Гэтае месца ўключае звыш 20 пабудоў для пражывання, жылых зямлянак. Па перыметры — абарончая траншэя глыбінёй 1,5 м, выкапаная па ўсіх правілах ваеннай навукі, бліндажы і іншыя фартыфікацыйныя збудаванні. Зямлянкі выконвалі розныя функцыі і злучаліся між сабой траншэямі. На тэрыторыі атрада знаходзіліся восем калодзежаў з пітной вадой, якая выкарыстоўвалася не толькі ў гаспадарчых мэтах, але і для ахаладжэння кулямётаў.

У атрадзе было шмат дзяцей, бо ў партызаны, ратуючыся ад фашыстаў, ішлі цэлымі сем’ямі. Дзяцей вучылі не толькі грамаце, але і ваеннай справе: хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі функцыі разведчыкаў і сувязных. Паперы і прылад для пісьма было мала, таму выкарыстоўвалі лістоўкі і дошчачкі з мокрым пяском, на якіх пісалі галінкамі.

У цэнтры стаянкі — штабная зямлянка, у якой — вялікі стол, тапаграфічная карта мясцовасці, чырвоны сцяг, партрэты Леніна і Сталіна.

— На тэрыторыі лагера выстаўлялася варта, якая штодзень змянялася, — гаворыць Міхаіл Кунахавец. — Усталёўваўся сутачны пароль, радыус нясення варты — да 3 км. Пры штабе быў каменданцкі ўзвод, пакінуць лагер можна было толькі з дазволу камандзіра. Амаль штодзень пар­тызаны трэніраваліся ў кругавой абароне, кожны дакладна ведаў сваё месца і ролю падчас баявых дзеянняў. У штабе быў ручны электрагенератар. На ўзбраенні — трафейныя і савецкія вінтоўкі і аўтаматы. Міны выраблялі самаробным спосабам: выплаўлялі тратыл са знойдзеных бомб і снарадаў.

Асаблівую ролю адыгрывала партызанская кухня, якая забяспечвала выжыванне людзей у экстрэмальных умовах. Кухняй кіраваў гаспадарчы ўзвод. Асноўнымі пас­таўшчыкамі харчовай прадукцыі былі найбліжэйшыя вёскі. Муку малолі на месцы жорнамі. Харчаваліся тры разы ў дзень. Партызанскі рацыён складаўся з грыбоў і ягад, бліноў з крапівой, сала, засоленых агуркоў, бульбы і яек.

— За гады вайны ў тыле ворага дзейнічалі больш за шэсць тысяч партызанскіх атрадаў, у якія ўваходзілі звыш аднаго мільёна чалавек, — паведамляе Міхаіл Кунахавец. — 88 беларускім партызанам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вывучэнне трагічнага мінулага дапамагае захаваць гістарычную праўду і ўсвядоміць каштоўнасць мірнага неба над галавой. Гэта адначасова памяць страт, разбурэнняў, пакут і славы, подзвігаў, няскоранасці духу. Мы не павінны забываць пра людзей, якім абавязаны жыццём. Мой прадзед пайшоў маладым на фронт і не вярнуўся. Бабуля гадавала дзяцей адна. У нашай сям’і захоўваецца памяць пра яго — балючая, але вельмі неабходная маладому пакаленню.

Работа па аднаўленні партызанскай стаянкі пачалася з пошукава-даследчай дзейнасці школьнікаў і педагогаў, якія на працягу пяці гадоў вывучалі архіўныя дакументы занальнага дзяржаўнага архіва ў Пінску, працавалі з матэрыяламі гісторыка-краязнаўчага музея і ўспамінамі старажылаў вёскі. Гэтая інфармацыя ўвасобілася ў навукова-даследчую работу “Незабытае рэха партызанскай вайны”.

Разам з тым у час летніх канікул ладзіліся трохдзённыя турыстычныя паходы па экалагічных сцяжынах мясцовых азёр, дзе вучні займаліся рэканструкцыяй штабной зямлянкі і фартыфікацыйных збудаванняў, добраўпарадкоўвалі помнікі Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі сельвыканкама. Праект махроўскіх школьнікаў, які перамог у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў “100 ідэй для Беларусі”, падтрымалі мясцовыя органы кіравання і самакіравання. Было вырашана стварыць музей пад адкрытым небам, каб увекавечыць подзвіг продкаў і выхоўваць на іх прыкладзе моладзь. У чэрвені 2021 года партызанскую стаянку ўрачыста адкрылі.

Таленавітыя землякі

Асобнае месца ў музеі адведзена зале, прысвечанай мясцоваму мастаку Анатолю Рубановічу.

— У 1927 годзе ў нашу вёску прыехаў незвы­чайны чалавек — Павел Рубановіч, які нарадзіўся ў вёсцы Лемяшэвічы на Піншчыне, — расказвае Міхаіл Кунахавец. — Паводле архіўных дакументаў, ён меў спадчыннае дваранскае званне і займаў высокія пасты ў губернскім праўленні. Узнагароджаны шматлікімі медалямі і ордэнамі. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у махроўскай царкве. Яго сын Анатоль Паўлавіч атрымаў добрую мастацкую адукацыю ў Варшаве, Вене і Парыжы, пасля чаго вярнуўся на малую ра­дзіму. У 1930-я гады ён стварыў шэраг непаўторных абразоў Мікалая Цудатворца, Серафіма Сароў­скага і Распяцця, а ў 1940-м пасля смерці бацькі стаў псаломшчыкам у царкве.

У час нямецкай акупацыі фашысты прызначылі самага адука­ванага ў вёсцы чалавека Анатоля Рубановіча старшынёй Махроўскай воласці. Жыхары сцвярджаюць, што калі б не яго мудрасць і чалавекалюбства, то ад вёскі Махро, пэўна, нічога не засталося б: 25 лютага 1944 года 100 махроўцаў стая­лі пад прыцэлам фашысцкіх куля­мётаў, але ўмяшанне Анатоля Паўлавіча, які добра валодаў польскай і нямецкай мовамі, выратавала іх. Неўзабаве такая сітуацыя зноў паўтарылася.

Адступаючы ў ліпені 1944 года, гітлераўцы адправілі многіх вяскоўцаў у Германію, у тым ліку Анатоля Рубановіча з яго жонкай і маці. Пасля заканчэння вайны ён вярнуўся ў родныя мясціны. Але савецкія ўлады абвінавацілі яго ў сувязях з фашыстамі і прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Подпісы, сабраныя ў абарону земляка, не дапамаглі. У далёкай Архангельскай вобласці ён пісаў вершы і карціны.

У 1954 годзе Анатоль Рубановіч вярнуўся ў Махро, дзе да канца жыцця працаваў настаўнікам малявання і загадчыкам клуба, кіраваў калгасным хорам. Напісаў шмат пейзажаў і партрэтаў землякоў, удзельнічаў у выставах.

— Будучы чалавекам высокай культуры і надзвычай інтэлігентным, ён выхоўваў і людзей вакол сябе, — заўважае Міхаіл Кунахавец. — Анатоль Рубановіч ніколі не павышаў голасу, моладзь заўсёды яго ўважліва слухала. На ўроках малявання ён з павагай адносіўся да любой вучнёўскай работы. Словы “ўжо лепш”, “выдатна”, “у гэтым нешта ёсць”, “ты робіш поспехі” вельмі акрылялі дзяцей. Тое, што ў нашай вёсцы шмат мастакоў, — заслуга менавіта Анатоля Паўлавіча.

У зале шмат яго асабістых рэчаў і карцін. Анатоль Рубановіч — выдатны пейзажыст. Навакольнае асяроддзе ў яго работах, сярод якіх няма аднолькавых, літаральна мяняецца на вачах. Асабліва ён любіў вясну і восень, неба. Родная прырода нібы размаўляе ў яго карцінах. Мастак удала спалучае фарбы. Мы адчуваем прахалоду і свежасць туманнай раніцы, бачым, як адзінокая бярозка заглядзелася ў люстраную гладзь, але не адчуваем суму. Яркімі мазкамі ўсіх адценняў зялёнага колеру аўтар стварае жыццесцвярджальны настрой. А куточкі роднай вёскі ў розную пару года і ў розны час дня здзіўляюць зменлівасцю і аптымізмам.

Плённа працаваў Анатоль Рубановіч і ў партрэтным жывапісе. У музейнай калекцыі найбольш прыметны партрэт Навума Масляка — франтавіка, які сустрэў Вялікую Перамогу і цяжка паранены вярнуўся дадому. Мастак паказаў моцную волю і цвёрды характар гэтага чалавека — такога, якім запомнілі яго вяскоўцы. Уважлівы і сур’ёзны позірк, нахмураныя бровы. У многіх махроўцаў захоўваюцца партрэты, напісаныя рукой таленавітага земляка.

Лепшым сябрам і вучнем Анатоля Рубановіча быў Сцяпан Кузьміч. Гэтых розных па характары і ўзросце людзей аб’ядноўвала любоў да прыроды і малявання. Сцяпан вучыўся ў настаўніка, у многім паўтараючы яго. Талент здольнага мастака праявіўся рана, але родныя не адпусцілі яго вучыцца ў Маскву. Амаль на ўсіх работах Сцяпана Кузьміча — залатая восень з яе непаўторнай прыгажосцю і лёгкім сумам.

Пуцёўку ў творчае жыццё атрымаў ад Анатоля Рубановіча і Сцяпан Талатыннік, які басанож прыйшоў да яго вучыцца маляваць з вёскі Адрыжын. У музейнай зале прадстаўлены партрэт настаўніка, напісаны вучнем.

Але, бадай, адным з самых любімых і таленавітых вучняў быў Віталь Кузьміч. Анатоль Рубановіч своечасова разгледзеў у ім талент і ўсяляк дапамагаў. У далейшым вучань скончыў мастацкае вучылішча ў Мінску. Выпадкова яго работы, якія нідзе не выстаўляліся, убачыў зямляк Сцяпан Кузьміч. Ён дапамог арганізаваць выставу. На карцінах Віталя Кузьміча адлюстраваны родныя палескія краявіды.

Сярод іншых адметных вучняў-мастакоў Анатоля Рубановіча — Пётр Паўлюкавец, Іван Клімовіч, Віталь Ігнатавец, афарміцель ААТ “Белавежскі”, і Рыгор Ігнатавец, настаўнік адной з мінскіх школ. З іх работамі таксама можна азнаё­міцца ў музейнай зале.

— “Калі на свеце ёсць жамчужына, дык гэта Беларусь, на Беларусі — Палессе, а на Палессі — Махро”. Гэтыя словы належаць нашаму знакамітаму земляку Аляксею Кузьмічу, які, як ён гаварыў, усім абавязаны Анатолю Рубановічу, — расказвае Міхаіл Кунахавец. — Будучы мастак нарадзіўся ў 1945 годзе ў вялікай сялянскай сям’і, скончыў факультэт жывапісу Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1981 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі. Многім суайчыннікам вядомы яго шматлікія Мадонны і партрэты знакамітых людзей. Работы мастака выстаўляліся ў Расіі, Англіі, Італіі, Швецыі і ЗША. Галоўны персанаж яго работ — колер. Мастак, як і імпрэсіяністы, не змешваў фарбы, а мазкамі, падчас грубымі, перадаваў убачаныя ім імгненні, прычым у руху.

Апошні падарунак майстра роднай школе — невялікія работы “Палескія Мадонны” і “Шчасце ў мацярынстве”, якія павінны былі скласці аснову вялікіх палотнаў на тэму мацярынства. Але ажыццявіць задуманае мастак не паспеў.

— Вяртаючыся да асобы Анатоля Рубановіча, трэба сказаць, што ён бачыў вытокі свайго таленту на малой радзіме, любоўю да якой прасякнуты ўсе яго работы, у тым ліку “Сакавік на Піншчыне”. Гэтая работа на працягу 62 гадоў знахо­дзілася ў чытальнай зале адной са сталічных бібліятэк. Дзякуючы намаганням Сцяпана Талатынніка і педагогаў школы, карціну ўдалося вярнуць на малую радзіму мастака, — падагульняе Міхаіл Кунахавец.

Даведка

Гісторыя Махроўскай сярэдняй школы пачалася 150 гадоў назад. Сёння ва ўстанове адукацыі, якую ўзначальвае Віктар Паляшчук, атрымліваюць веды 114 вучняў. Амаль палова педагогаў — выпускнікі школы. У 2022 годзе ўстанове прысвоены статус Школы міру за вялікую работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Па выніках мінулагодняга І абласнога злёту Школ міру Брэстчыны Махроўская сярэдняя школа атрымала дыплом ІІ ступені, а па выніках раённага конкурсу на лепшы куток, прысвечаны генацыду беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны, — дыплом І ступені. Сёлета ўстанова адукацыі ўдзельнічала ў міжнародным злёце пошукавых атрадаў памяці загінуўшых “Будзьце дастойнымі”. На рахунку вучняў — шматлікія перамогі ў спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ