Усяго пяць школ і чатыры дзіцячыя сады дзейнічаюць ва Ушацкім раёне. Аднак гэтым установам адукацыі ўдалося знайсці і падкрэсліць сваю адметнасць. У гэтым пераканаліся прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” падчас прэс-туру.
— Нягледзячы на тое, што раён наш маленькі, апошнія дзесяцігоддзі заўсёды ёсць пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў прадметных алімпіяд. Сёлета нават была пераможца Міжнароднай алімпіяды па біялогіі. Ёсць апантаныя настаўнікі, якія здольны выдатна падрыхтаваць школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. На мой погляд, аснова для гэтага была закладзена настаўнікам фізікі Віктарам Мікалаевічам Герцыкам і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Верай Васільеўнай Спярчонак. Таксама хачу адзначыць работу Ларысы Аркадзьеўны Струй, якая выкладае хімію, і настаўніцы біялогіі Вольгі Анатольеўны Жыдкай, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама Людміла Давыдава.
Нацэлены на вынік
У дзіцячым садзе № 4 Ушач асаблівую ўвагу ўдзяляюць развіццю выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення.
Спецгрупу наведваюць 12 малышоў ад трох да шасці гадоў. З дзецьмі працуюць лагапед, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг.
— У першай палове дня нашы спецыялісты праводзяць заняткі і карэкцыйную работу, а ў другой палове арганізавана дзейнасць гурткоў. Дзякуючы развіццёваму асяроддзю, якое створана ў групе, выхаванцы маюць магчымасць гуляць у сюжэтна-ролевыя гульні, займацца пескаграфіяй, — паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнай установы Вольга Тычына.
— Работа праводзіцца сур’ёзная, а галоўнае — выніковая. У мінулым годзе ў спецгрупе было пяцёра выпускнікоў, чацвёра выйшлі на норму развіцця, — падкрэсліла выхавальніца Святлана Будняк.
У рабоце з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення педагогі актыўна выкарыстоўваюць сучасныя методыкі. Сярод іх развіццёвыя гульні і дапаможнікі В.Васкабовіча. Яны скіраваны на тое, каб абуджаць у дзяцей творчае мысленне і фантазію, выклікаць цікаўнасць і дапамагаць атрымліваць новыя веды. Выдатны эфект ад гульняў серыі “Логадзеравяшка”, якія спрыяюць развіццю маўлення і пісьменнасці.
Пяты год у садзе рэалізуецца адукацыйная праграма “Інфарматыка без разеткі” пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій.
— Праграма даказала сваю эфектыўнасць у развіцці лагічных здольнасцей выхаванцаў. Пяць педагогаў прайшлі анлайн-навучанне і атрымалі сертыфікат ПВТ. У гэтым годзе пачалі далучаць да ўдзелу ў праекце дзяцей са спецгрупы. Пераканана, што таксама атрымаем станоўчыя вынікі, — адзначыла загадчыца дашкольнай установы Софія Баранава.
Шчодрыя на напрацоўкі
Плэй-кейсы, лэпбукі, кросенсы, гульні з QR-кодамі — далёка не поўны пералік таго, што выкарыстоўваюць у сваёй рабоце з дзецьмі выхавальнікі дзіцячага сада № 1.
Шмат гадоў тут вядзецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. Гэта дало магчымасць сістэматызаваць назапашаны вопыт і веды і далучыцца два гады назад да абласнога творчага праекта “Полікультурнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту ў сучасных умовах развіцця дашкольнай адукацыі”. У ім задзейнічаны дзеці з сярэдняй і старшай груп. Распрацаваны планы-канспекты заняткаў, гульняў, сумесных мерапрыемстваў з бацькамі. Праводзіцца шмат экскурсій і пешых прагулак па родных Ушачах. Сталі традыцыйнымі тэматычныя тыдні “Ушаччына — мая малая радзіма”, “Гучы, наша родная мова!”, тыдзень сям’і.
Заслугоўвае ўвагі вопыт работы выхавальніцы Святланы Ушаковай з бацькамі дзяцей. Яна рэалізуе адразу некалькі праектаў (“Здаравячок”, “Мой радавод”, “Пакарміце птушак зімой”), а таксама арганізоўвае акцыю “Разам з татам”, выпуск сямейнай газеты, фотавыставы, конкурсы ўласных вырабаў.
— Нашы выхавальнікі распрацавалі метадычны дапаможнік па вывучэнні творчасці паэтаў Ушаччыны і канспекты заняткаў да яго, а таксама шмат дыдактычных гульняў (“Беларуская нацыянальная кухня”, “Беларускія рамёствы. Якога майстра вырабы?”, “Назаві музычныя народныя інструменты”). Адна з апошнік напрацовак — плэй-кейс па полікультурным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту “Дзве сястры — Беларусь і Расія”. Ён уяўляе сабой набор з 10 гульняў, сярод іх — “Сімвалы Беларусі і Расіі”, “Беларускі і рускі арнамент”, “Народныя цацкі Расіі і Беларусі”, — падзялілася загадчыца дашкольнай установы Вікторыя Кляшторная.
Ёсць у садзе і этнаграфічны куток “Беларуская хатка”. Тут праходзяць не толькі экскурсіі, але і заняткі, гульні, тэатралізаваныя паказы, вядзецца даследчая работа.
“Вялікадолецкая святліца”
Такую цікавую назву мае музей, створаны на базе Вялікадолецкай сярэдняй школы iмя П.У.Броўкi.
Музей гасцінна адчыніў свае дзверы ў 2024 годзе. Яго кіраўніком з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Спірыдовіч. Несупынна і апантана яна займаецца музейнай педагогікай, якая ўключае ў сябе адразу некалькі кірункаў дзейнасці: культурна-асветніцкую, пошукавую, даследчую і экскурсійную.
— У нас ёсць актыў і савет музея. Яны каардынуюць дзейнасць вучняў і ажыццяўляюць асноўную работу. З пачатку навучальнага года складаем план работы, улічваючы экспазіцыі, размяркоўваем экскурсіі, экспедыцыі, на якія імкнёмся знаходзіць час кожны месяц, каб сабраць новую інфармацыю і экспанаты, — расказала Ніна Канстанцінаўна.
У цяперашні час у “Вялікадолецкай святліцы” размясціліся чатыры экспазіцыі. Першая прысвечана гісторыі школы, якая была заснавана яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.
— На паліцах прадстаўлены сапраўдны летапіс не толькі школы, але і самой вёскі. Ёсць унікальныя экспанаты — часопісы “Школьнае жыццё”, якія выдаваліся рэдкалегіяй установы адукацыі з 1963 па 1973 год. На стэндах — фотаздымкі і інфармацыя пра славутых выпускнікоў, сярод якіх — прафесар фізіка-матэматычных навук Генадзь Броўка, прафесар педагагічных навук Людміла Васюковіч. А вось Яўген Аніскевіч, малады вучоны-хімік. Дзевяцікласнікам ён стаў абсалютным пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, неаднаразова перамагаў на міжнародных алімпіядах. Пасля заканчэння школы паступіў на хімічны факультэт БДУ, хаця была магчымасць вучыцца ў ВНУ іншых краін. У 2017 годзе атрымаў тытул лепшага выпускніка факультэта. Скончыў аспірантуру, паспяхова займаецца навуковай дзейнасцю. Яўген — часты госць у роднай школе. Тут намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці працуе яго маці Рыма Леанідаўна, — заўважыла Ніна Канстанцінаўна.
У музеі сабрана шмат альбомаў выпускнікоў, якія выклікаюць вялікую цікавасць падчас вечароў сустрэч. Не абышлі ўвагай і настаўнікаў, якія плённа працавалі і працуюць сёння ў школе.
Другая экспазіцыя расказвае пра паэтаў і пісьменнікаў Ушаччыны. Усе імёны гучныя: Пятрусь Броўка, Еўдакія Лось, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін.
— У памятныя даты, прысвечаныя нашым знакамітым землякам, мы абавязкова праводзім мерапрыемствы, экскурсіі для школьнікаў, нават урокі, калі вывучаем творчасць таго ж Петруся Броўкі. Матэрыялу сабрана шмат — біяграфіі, фотаздымкі, успаміны родных. Гэта дазваляе дзецям пісаць даследчыя работы, прымаць з імі ўдзел у конкурсах, — паведаміла настаўніца.
У трэцім раздзеле музея — экспанаты, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
— На тэрыторыі Ушаччыны дзейнічалі 16 партызанскіх брыгад. На нашай зямлі дыслацыравалася брыгада Аляксея Данукалава. Мы сабралі шмат матэрыялаў, нават вялі перапіску з роднымі Героя Савецкага Саюза. З дзецьмі выканалі даследчы праект “Партызанскімі сцежкамі”, а потым распрацавалі маршрут і здзейснілі па ім паход. Па крупінках шукалі звесткі пра спаленыя вёскі, якія больш не аднавіліся, і пра тыя, што змаглі паўстаць з попелу. І гэтая работа працягваецца. Сёлета плануем прадоўжыць пошук інфармацыі пра Максіма Мацвеевіча Хіла, які быў дырэктарам школы, ваяваў, дайшоў да Берліна. Вельмі мала звестак пакуль. Як і пра спаленую вёску Мурагі, — падзялілася Ніна Канстанцінаўна.
Марына ЖДАНАВА
Фота Тамары ХАМІЦЭВІЧ