Лекавыя травы — галоўны інгрэдыент экасувеніраў педагога з Мастоўшчыны Марыі Cевасцьяновіч

- 14:24Увлечения

Як выкарыстоўваць лекавыя травы для здароўя і прыгажосці, добра ведае педагог дадатковай адукацыі Эколага­-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна Марыя Cевасцьяновіч. Фітазборы — галоўны інгрэдыент яе мыла, свечак і экасувеніраў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Магія творчасці

— Калі я была маленькай, мама ўвесь вольны ад работы час кроіла і шыла людзям адзенне на заказ. Абрэзкі тканін заўсёды стаялі ў скрынцы каля швейнай машынкі, і якраз гэтыя абрэзкі прыцягвалі маю ўвагу. Ужо тады з іх я скручвала сабе цацкі, рабіла адзенне для лялек, выразала сурвэткі. Пазней, калі вучылася ў Мінскім педагагічным вучылішчы, вельмі любіла заняткі ў майстэрнях і ва ўсіх творчых гуртках, дзе мы стваралі рэчы сваімі рукамі. Рознымі відамі творчасці я ахвотна займаюся ўсё жыццё і вучу гэтаму іншых, — расказвае Марыя Іосіфаўна.

Так, больш за 20 гадоў яна працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе, стварала сваімі рукамі рэчы і з дашкольнікамі, і для іх. Некаторы час яе выхаванцамі былі і наведвальнікі Мастоўскага аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў. З удзелам Марыі Іосіфаўны там была адкрыта свечачная майстэрня, якая працуе і сёння. Педагог загарэлася гэтай справай, калі падчас курсаў павышэння кваліфікацыі трапіла на экскурсію ў свечачную майстэрню пры храме ў Мінску. Вярнуўшыся дадому, паглыбілася ў тэму, навучылася рабіць свечкі і навучыла гэтаму сваіх асаблівых навучэнцаў.

Таленавітага майстра запрасілі працаваць метадыстам у Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў. Яна прыняла прапанову, бо яе вабіла асяроддзе прафесійных майстроў. Якраз там Марыя Cевасцьяновіч захапілася лялькамі-абярэгамі. Абодвума гэтымі кірункамі — стварэннем свечак і лялек — яна працягвае займацца і тут, у экацэнтры. Са сваімі навучэнцамі асвоіла і мылаварэнне, эксперыментуе з вырабамі з эпаксіднай смалы, гіпсу і інш.

— Нездарма мае аб’яднанні па інтарэсах называюцца “Магія мыла” і “Магія свечак”. Магія насамрэч тут існуе: інакш як звычайныя матэрыялы пераўтвараюцца ў прыгожыя рэчы? — падкрэслівае педагог.

Яе навучэнкі прызнаюцца, што раней не карысталіся мылам, якое стваралі сваімі рукамі, — шкадавалі. Але, калі іх мыльныя калекцыі пачалі папаўняцца, усё ж перадумалі. І цяпер, калі ў іх заканчваецца мыла, яны ва­раць новае, эксперыментуючы з дабаўкамі. Асабліва падабаецца дзяўчатам рабіць лячэбнае мыла, якое дазваляе ім пазбавіцца ад праблем са скурай.

Рыхтуючыся да чарговых заняткаў, педагог расстаўляе на сталах скрыначкі, шклянкі, талеркі з матэрыяламі для работы і расказ­вае пра іх змесціва:

— Чыстай і роўнай скуру твару падлетка зробіць мыла-скраб з дабаўленнем кавы, аўсянкі, здроб­леных костачак абрыкоса, шкарлупіны міндаля, грэцкага арэха і інш. Калі нам патрэбны пажыўныя ўласцівасці, то мы дабаўляем розныя віды масла: з вінаграднай костачкі, авакада, міндаля і інш. Дабаўляем у мыла і выцяжку з лекавых траў, натуральны мёд. Выкарыстоўваем мыльную аснову айчыннай вытворчасці. Яна бывае белай ці празрыстай. Аснову трэба нарэзаць і растапіць. Па жаданні мы яе фарбуем натуральнымі фарбавальнікамі, дабаўляем аддушкі. Гатовае мыла разліваецца па формачках. Асабліва эфектна выглядае слоенае мыла, каляровыя слаі якога мы чаргуем з празрыстымі, куды дабаўляем сушаныя травы. Для ўпакоўкі бяром балотную траву рагозу. Мы яе збіраем, сушым, расчэсваем металічнай шчоткай, укладваем у скрыначкі як падложку для нашых вырабаў і прысыпаем зверху сушанымі травамі і кветкамі.

Усе зборы педагог са сваімі навучэнкамі нарыхтоўвае летам. Мята, календула, мацярдушка, рамонак, лаванда, ліпа, шыпшына, барбарыс — яны збіраюць усё, што расце на тэрыторыі іх экацэнтра і ў навакольных лугах. Увесь гэты скарб яны захоўва­юць у шафах у кабінеце і выкарыстоўваюць не толькі для работы — лю­бяць і гарбаты з травамі заварыць.

Аўтарскі стыль

Травы становяцца кампанентам і для свечак. Яны ў педагога незвычайныя — маюць выгляд птушак, жывёл, каласкоў, храмаў. Арыгінальныя і слоеныя свечкі — для іх свечачная маса заліваецца ў форму каляровымі слаямі і перасыпаецца сушанымі травамі.

— Нават калі захочаш, аднолькавыя свечкі зрабіць не атрымаецца — кожны выраб адметны, а яго колер залежыць ад таго, якія травы выкарыстоўваюцца. Для гэтых свечак найлепш падышлі бутоны руж, тут дабаўлены бяссмертнік, лаванда, самшыт. А вось гэтыя — з пчалінага воску, зверху воскам на іх нанесена мазаіка з пялёсткаў кветак, — паказ­вае калекцыю вырабаў майстар.

Ёсць у Марыі Іосіфаўны і такія свечкі, пра якія не ведае нават інтэрнэт. Яна расказала гісторыю іх з’яўлення:

— Неяк я ехала ў цягніку і, каб прабавіць час, вязала кручком шалік. І так супала, што ра­зам са мной ехала адміністратар адной вядомай мінскай этнакрамы. Яна якраз шукала людзей, якія маглі б вязаць кручком вырабы для крамы і ствараць свечкі. Вязаць я пагадзілася смела, а прапанову зрабіць партыю капаных свечак дамовілася абмерка­ваць пазней: свечкі я ўмела рабіць самыя розныя, у тым ліку і са сваімі навучэнцамі, але, канечне, не капаныя. На такі запыт інтэрнэт упарта маўчаў — ніводнага адказу не знайшлося. Прыйшлося падключаць логіку: раз капаныя, значыць, іх трэба капаць. Паставіла 2 цагліны, палажыла на іх пруток для вязання і прывязала да яго ніткі для кнота. На ніткі пачала капаць расплаўленым пчаліным воскам. Увесь вечар капала. Струменьчыкі воску, сцякаючы, перапляталіся паміж сабой, утвараючы мудрагелісты малюнак. Незвычайна такая свечка і гарыць: полымя не роўнае, а калышацца то ў адзін бок, то ў другі. Тэлефаную ў краму і кажу: “Магу прывезці свечкі”. А адміністратар: “Катаныя?” Я аж разгубілася. Дык гэта я, атрымліваецца, пад стук колаў проста не так пачула? Катаныя няма чаго рабіць — прасцей простага, але ж я ўжо і капаныя зрабіла! Тая партыя разышлася імгненна. Попыт на іх не зніжаецца і сёння. Я час ад часу раблю такія і іншыя рэчы для этнакрам.

У Марыі Іосіфаўны і яе навучэнак незвычайныя і лялькі.

— Люблю ствараць лялек-траўніц. Яны напаўняюцца зборам лекавых траў і сена, якое мы з дзяўчатамі нарыхтоўваем на Купалле. Да нас далучаюцца і тыя дзеці, якія прыязджаюць на летнія канікулы ў суседнія вёскі з Мінска, Брэста, Гродна. З году ў год 7 ліпеня мы рана-рана збіраемся на ганку цэнтра і ідзём на луг, у поле, — дзеліцца педагог.

Цікава, што, акрамя традыцыйных абярэгаў, такіх як лялька-крупенічка, лялька-багач, Марыя Іосіфаўна робіць і іх сучаныя варыяцыі, больш блізкія дзецям. Майстар расказвае пра “першынцаў” новай калекцыі:

— Гэта лялька-мяжанка, ці лялька-памежніца. Яна дапамагае ахоўваць асабістыя межы ўладара, не дае навакольным пераступаць рысу дазволенага. Сімвал гэтага — чырвоная нітка на хустцы і на рукавах. А гэтая, з кнігай пад пахай, — лялька-кніжанка. Яна павінна стаяць на пісьмовым стале і нагадваць яго гаспадару пра ўрокі і вучобу.

Новы падыход да традыцый даспадобы навучэнкам Марыі Севасцьяновіч. Пра гэта красамоўна сведчыць той факт, што яе гурткі з году ў год карыстаюцца вялікім попытам, прычым навучэнкі стараюцца трапіць на ўсе.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара