Настаўніца матэматыкі Валянціна Купава: «Калі бачу, што вучань ідзе з урока задаволеным, мне хочацца тварыць»

- 11:21Образование

Пра формулу паспяховага ўрока, сакрэты матывацыі школьнікаў да прадмета і лекі ад прафесійнага выгарання карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала настаўніца матэматыкі Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Валянціна Купава.

Навучэнцы Валянціны Купава, настаўніка-метадыста, паспяхова здаюць ЦТ (набіраюць 90 і больш балаў), з’яўляюцца пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Яны вынікова выступаюць на дыстанцыйных спаборніцтвах. Так, Уладзіслаў Пыслар і Карына Тарасевіч сталі ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені на ўсерасійскай алімпіядзе Фоксварда і міжнароднай алімпіядзе “Інфаўрок-2023”.

Лад жыцця

— Валянціна Мікалаеўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Чаму сталі менавіта настаўніцай матэматыкі? За гады работы ў школе сфарміравалася педагагічнае крэда?

— Як і многія настаўнікі майго пакалення, я з дзяцінства любіла гуляць у школу. Рассаджвала лялек за сталом, сваю малодшую сястру і сябровак, давала ім заданні, задавала пытанні, выстаўляла адзнакі ў самаробны журнал. Таму, калі трэба было выбраць будучую прафесію, ужо ведала, што буду толькі настаўніцай. Чаму стала менавіта настаўніцай матэматыкі? Адказ вельмі просты: з 1 па 10 клас матэматыка была для мяне адным з самых любімых прадметаў. Я любіла ра­шаць задачы і ўраўненні, а ў старшых класах — задачы па геаметрыі, асабліва па стэрэаметрыі. Бачыць фігуры ў прасторы, іх узаемнае размяшчэнне мне дапамагаў другі любімы прадмет — чарчэнне. У 1981 годзе я стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова. Пытанне аб выбары УВА таксама не стаяла — яна знахо­дзілася ў маім родным горадзе. Па размеркаванні я адпрацавала чатыры гады ў сярэдняй школе № 5 Крычава Магілёўскай вобласці. І ўжо 34 гады, пачынаючы з 1990 і па цяперашні час, працую настаўніцай матэматыкі ў Бабініцкай сярэдняй школе Аршанскага раёна. Для мяне выбраная прафесія — лад жыцця. Матэматыка — гэта на ўсё жыццё! Я стараюся прывіваць любоў да матэматыкі сваім любімым вучням.

Што тычыцца педагагічнага крэда, то мне падабаецца выказванне Льва Талстога: “Калі настаўнік мае толькі любоў да справы, ён будзе добрым настаўнікам. Калі настаўнік мае толькі любоў да вучня, як бацька, маці, — ён будзе лепш за таго настаўніка, які прачытаў усе кнігі, але не мае любові ні да справы, ні да вучняў. Калі настаўнік спалучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік”.

— Што прыцягвае ў рабоце з дзецьмі? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў сваёй дзейнасці?

— Дзеці падахвочваюць пастаянна быць у тонусе, у руху. Хоць работа з навучэнцамі і аднімае шмат эмацыянальных, а часам і фізічных сіл, але, калі бачу, што вучань ідзе з урока задаволеным, мне хочацца тварыць…

Асноўных прынцыпаў, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці, некалькі: імкненне зразумець навучэнца, уменне захапіць яго сваім прадметам, дапамагчы рэалізаваць індывідуальныя здольнасці кожнага дзіцяці, ствараць сітуацыі поспеху.

— Наколькі сучасныя дзеці праяўляюць цікавасць да матэматыкі? Ці можна ёй навучыць усіх дзяцей?

— Існуе меркаванне, што навошта патрэбна матэматыка, калі ёсць калькулятар. Многія жывуць шчасліва, не ведаючы табліцы множання і тэарэмы Піфагора. Але мой прафесійны вопыт даўно мне даказаў, што дзеці, паспяховыя ў матэматыцы, паспяховыя ва ўсіх вучэбных дысцыплінах. І ў гэтым дапамагае матэматычная логіка, здольнасць выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы, класіфікаваць, абагульняць і г.д.

Лічу, што ўсіх дзяцей трэба вучыць матэматыцы! А вось узровень навучанасці будзе залежаць ад здольнасцей, унутраных матываў вучэння, установак на прафесійнае самавызначэнне.

Дапамогуць ЛСМ

— Каб захапіць навучэнцаў прадметам, трэба дэманстраваць яго прыкладны характар. Як гэта робіце вы?

— Вельмі часта ад навучэнцаў можна пачуць пытанне: “А навошта мне патрэбна матэматыка? Дзе яна спатрэбіцца ў жыцці?”. І тады я расказваю пра тое, што рашэнне задач зніжае сімптомы трывогі і дэпрэсіі, можа дапамагчы ў побыце, падарожжах і пры зносінах з людзьмі. З матэматычнымі задачамі мы сутыкаемся практычна кожны дзень: купляем прадукты ў магазіне, плануем бюджэт на месяц… Таму і патрэбны базавыя веды лічэння, каб не траціць апошнія грошы за адзін паход у магазін, праверыць, ці правільна далі рэшты, палі­чыць, колькі грошай заплаціць за камунальныя паслугі і г.д. Акрамя гэтага, у некаторых кампаніях пры працаўладкаванні прапануюць прайсці IQ-тэст, у які ўваходзяць задачы на логіку. І прапаную на ўроках матэматыкі навучэнцам рашаць задачы, з якімі кожны з нас можа сутыкнуцца ў штодзённым жыцці.

— Валянціна Мікалаеўна, якім методыкам і тэхналогіям аддаяце перавагу? Назавіце некалькі найбольш эфектыўных прыёмаў, якія выкарыстоўваеце ў рабоце. У чым іх перавагі?

Большасці навучэнцаў цяжка запомніць вялікі аб’ём інфармацыі, які перавышае іх псіхічныя магчымасці. Перад многімі настаўнікамі, у тым ліку і перада мной, стаяць пытанні: як зрабіць так, каб навучэнцы не толькі добра і трывала засвойвалі матэрыял, але і ўмелі вылучаць галоўнае і другараднае, істотнае і неістотнае, умелі абагульняць, фармуляваць высновы, будаваць доказ, падводзіць пад паняцце? Адказы на гэтыя пытанні шукала, выкарыстоўваючы на вучэбных занятках розныя педагагічныя тэхналогіі, і знайшла, калі азнаёмілася з мнагамернай дыдактычнай тэхналогіяй (МДТ), або тэхналогіяй дыдактычных мнагамерных інструментаў. На сваіх вучэбных і факультатыўных занятках выкарыстоўваю логіка-сэнсавыя мадэлі, якія з’яўляюцца інструментамі МДТ. Іх выкарыстанне дазваляе атрымаць цэласнае ўяўленне аб аб’екце, які вывучаецца, ажыццявіць сувязь паміж рознымі тэмамі ўрокаў па адной тэме вучэбнага прадмета, спрыяе яго выразнай сістэматызацыі і хуткаму запамінанню, развівае ў школьніка ўменне лагічна думаць, дзя­ліць агульныя паняцці на прыватныя, высвятляючы пры гэтым сувязі паміж імі і заканамернасці. А значыць, логіка-сэнсавая ­мадэль засвойваецца навучэнцамі лепш, чым тэкставая інфармацыя.

ЛСМ, займаючы невялікі аб’ём, нясе ў сабе лагічна звязаны вучэбны матэрыял і дазваляе зрабіць тэорыю, якая вывучаецца, нагляднай для навучэнца. Прымяненне ЛСМ дае добрыя вынікі пры падрыхтоўцы дзяцей да заняткаў, да алімпіяд, цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Сёння ў класах, як правіла, вучыцца 24—28 школьнікаў, якія валодаюць неаднолькавым развіццём, ведамі і ўменнямі, тэмпам пазнання і іншымі індывідуальнымі якасцямі. Таму прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляе індывідуалізаваць вучэбны працэс за кошт прадастаўлення магчымасці навучэнцам як паглыблена вывучаць прадмет, так і адпрацоўваць элементарныя навыкі і ўменні. Гэта і выкарыстанне на вучэбных занятках мультымедыйных прэзентацый, і стварэнне электронных тэстаў для праверкі ведаў вучняў з дапамогай камп’ютара, і вучэбныя праграмы, якія прымяняюцца ў якасці трэнажора пры паўтарэнні і падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ. Акрамя гэтага, на занятках выкарыстоўваю матэрыялы адукацыйнай платформы Effor і адзі­нага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Немалаважным вынікам можна лічыць той факт, што мае вучні прыма­юць стабільны ўдзел у школьных, раённых і абласных алімпіядах, у дыстанцыйных міжнародных матэматычных алімпіядах.

Формула паспяховага ўрока

— Якім павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню? Пералічыце асноўныя складнікі паспяховага ўрока.

— Лічу, што такім урокам павінен быць урок, на якім створана атмасфера добразычлівасці, узаемапавагі і даверу. Урок, на якім навучэнцы бачаць у настаўніку не перадатчыка ведаў, а партнёра, які заўсёды можа аказаць падтрымку, заўважыць нават самы малы поспех і пахваліць. Урок, на якім навучэнцы працу­юць з першай да апошняй мінуты і, пачуўшы званок, гавораць: “А што, ужо канец урока? Так хутка?”

Паспяховы ўрок = (дзей­насць + супрацоўніцтва + тэхналогіі + камфорт + веды + развіццё) × працавітасць.

— Якая сістэма работы склалася па падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяды?

Па-першае, гэта работа з высокаматываванымі навучэнцамі на вучэбных занятках: рашэнне нестандартных задач, задач павышанага ўзроўню, алімпіядных задач, звязаных з тэмай урока. Па-другое, у пазаўрочны час індывідуальная работа з навучэнцам. Прычым гэта не толькі рашэнне задач, але і ўдзел у рознага ўзроўню дыстанцыйных конкурсах і алімпіядах. Па-трэцяе, самападрыхтоўка (чытанне навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, самастойнае рашэнне задач, пошук інфармацыі ў інтэрнэце і г.д.).

— Вы з’яўляецеся аўтарам вучэбна-метадычных дапаможнікаў? Як прыйшлі да напісання вучэбнай літаратуры?

— За гады работы ў мяне назапасіўся дастаткова вялікі аб’ём аўтарскага раздатачнага матэрыя­лу для навучэнцаў і захацелася падзяліцца ім з калегамі. Так, выйшаў дапаможнік для настаўнікаў “Зборнік самастойных работ. Алгебра. 7 клас”. Таксама выдадзены мае дапаможнікі, рэкамендаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі: “Зборнік самастойных і кантрольных работ. Алгебра. 7 клас”, “Зборнік самастойных і кантрольных работ. Алгебра. 8 клас”.

— Валянціна Мікалаеўна, а чым захапляецеся? Як адпачываеце пасля работы?

— Калісьці гэта было чытанне класічнай мастацкай айчыннай літаратуры, вязанне на прутках і кручком, вышыванне крыжыкам. Неяк незаўважна чытанне мастацкай літаратуры змянілася чытаннем літаратуры для сама­адукацыі і па прадмеце. А вязанне і вышыванне замяніла работа на дачы, што дапамагае прафілактыцы прафесійнага эмацыянальнага выгарання, адпачыць і адцягнуцца ад штодзённых клопатаў.

— Падзяліцеся сваімі прафесійнымі планамі на будучыню.

— Планую працягнуць работу ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання функцыянальнай адукаванасці як асновы сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу”. І проста жыць!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА