Дырэктар талачынскай школы № 2 Тамара Сушкова — пра магчымасці інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя

- 12:20Интервью

У талачынскай сярэдняй школе № 2 імя М.П.Лугоўскага рэалізуюцца інавацыі ў сферы кіравання якасцю адукацыі. У іх аснове — павышэнне матывацыі і актыўнасці педагогаў і вучняў. Пра магчымасці інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам Тамарай Сушковай.

— Тамара Станіславаўна, што для вас школа як для настаўніка і дырэктара?

— Перш за ўсё гэта дзяцінства. З любоўю ўспамінаю сваю першую настаўніцу Раісу Мацвееўну Кавалеўскую — таленавітага педагога, якая выхоўвала добрасумленных, дасведчаных вучняў. Дакладна памятаю, што з таго часу слова “настаўнік” стала для мяне ўвасабленнем усяго самага добрага і справядлівага, што ёсць у свеце. Школа вызначыла мой лёс. Я ў педагогіцы з 19 гадоў. Пасля заканчэння Аршанскага педагагічнага каледжа працавала настаўніцай пачатковых класаў і па гэтым жа кірунку атрымала спецыяль­насць у ВДУ імя П.М.Машэрава. Школа дала мне магчымасці і для прафесійнага росту. Я была намеснікам дырэктара і ўжо сёмы год сумяшчаю настаўніцтва з дырэктарствам. Школа стала для мяне родным домам. Маім жыццём.

— Як вы ў якасці дырэктара выбудоўвалі адносіны з калектывам, у якім доўга працавалі настаўніцай?

— Калі шчыра, я адразу задалася пытаннем, як успрымуць мяне ў гэтай ролі калегі. Для мяне розніца паміж падначаленымі і кіраўніком толькі ў меры адказнасці, а ва ўсім астатнім мы аднолькавыя і робім агульную справу разам. З самага пачатку імкнулася, каб усім было камфортна і кожны меў дачыненне да таго, што адбываецца. Усе свае задумы і кіраўніцкія рашэнні абмяркоўвала з калегамі. Тлумачыла калектыву, што і чаму будзе мяняцца і што застанецца нязменным. Для мяне важна, каб традыцыі шанаваліся, а любыя змяненні былі мэтазгодныя.

Як вядома, калектыў яднае агульная справа. У 2016 годзе мы стварылі вучэбна-развіццёвую аграэкасядзібу, якая стала сапраўднай лабараторыяй для даследчай, праектнай і практычнай дзейнасці.

У 2017—2020 гадах рэалізавалі інавацыйны праект па ўкараненні  мадэлі школы сацыяльнага поспеху. Гэта надало новы імпульс развіццю каманднага духу ў калектыве. Думаю, гэта і быў тэст на маю кіраўніцкую прафпрыгод­насць. Ці лёгка было яго прайсці? Упэўнена, што людзі павераць кіраўніку і пойдуць за ім толькі тады, калі ён сам будзе выкладвацца па поўнай.

— Кожная работа прад’яўляе свае патрабаванні да чалавека. А якія рысы вашага характару найперш запатрабавала пасада дырэктара?

Мне спатрэбіліся настойлівасць, каб адстойваць сваё меркаванне, калі гэта неабходна, энтузіязм, каб падтрымліваць энтузіястаў, жыццярадас­насць і аптымізм, каб ствараць сонечны настрой калегам і вучням. А яшчэ — патрабавальнасць, цярпенне і вера ў сябе і ў свой калектыў.

— Назавіце асноўныя мэты і прыярытэты вашай работы ў якасці кіраўніка.

Стварыць умовы, у якіх педагогі змогуць даць трывалыя веды вучням і выхаваць працаўніка, сем’яніна, грамадзяніна і патрыёта. У фокусе ўвагі — патрыятычнае выхаванне і працоўнае навучанне, інтэлектуальны, творчы, спартыўны кірункі, каб дзеці развіваліся гарманічна, усебакова. У калектыву, у якім 73% педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, вялікі патэнцыял для рэалізацыі ўсіх нашых мэт. Шукаем, знаходзім і ўвасабляем ідэі развіцця школы праз новыя і цікавыя праекты.

Ідэй многа не бывае

— Якія новыя ідэі і праекты рэалізаваны ва ўстанове за апошнія некалькі гадоў? Як яны паўплывалі на поспехі і дасягненні педагогаў і вучняў?

Адразу адзначу: ідэй многа не бывае. У нас рэалізуюцца практычна ўсе праекты, якія павінны быць у сучаснай школе: ад інтэлектуальных, сацыяльных да творчых і спартыўных. У школе разам з БРСМ і БРПА на працягу некалькіх гадоў дзейнічаюць сем мала­дзёжных ініцыятыўных груп. Хачу адзначыць аб’яднанні “Гістарычнае краязнаўства”, “Я сапраўдны беларус, сваёй культурай ганаруся” і “Экапатруль”. Наш клопат пра экалогію і свет птушак — у рэальных праектах. Нядзіўна, што на тэрыторыі ўстановы створана эколага-арніталагічнае асяроддзе. Вынікі экалагічных праектаў нашых навучэнцаў адзначаны дыпломамі II і III ступені абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу навукова-даследчых работ. Практычным вынікам праекта па азеляненні і эстэтызацыі школы і яе тэрыторыі сталі лакацыі з фітакарысцю. Гэта надало нашай установе непаўторнасць. Як і створаныя рукамі педагогаў і навучэнцаў інтэр’ер, інфармацыйнае асяроддзе ў школьных кабінетах, у калідорах бяс­пекі, здаровага ладу жыцця. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе падвядзём вынікі трохгадовага праекта па здароўезберажэнні, над якім працуем разам з цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і раённай бальніцай.

У 2022 годзе быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”, які сёння аб’ядноўвае 20 хлопцаў ва ўзросце ад 14 гадоў. Два адзінаццацікласнікі збіраюцца паступаць у Ваенную акадэмію. У гэтым навучальным годзе да профільных класаў педагагічнай, аграрнай, інжынернай накіраванасці дабавіўся ваенна-­патрыятычны кірунак.

Другі год удзельнічаем у эксперыментальным праекце па апрабацыі мадэлей кіравання якасцю адукацыі. Працуем над стварэннем ва ўстанове інтэлектуальна-матывацыйнага асяроддзя. Сфакусіравалі ўвагу на рэгулярным адсочванні прагрэсу і візуалізацыі дасягненняў навучэнцаў і педагогаў. Гэта дапамагае кожнаму бачыць свае поспехі і падтрымлівае ўнутраную матывацыю да далейшых высокіх вынікаў. У параўнанні з мінулым годам якасць адукацыі павысілася на 2,9%. Сярэдні бал па школе складае 7,4. Высокі і дастатковы ўзровень ведаў пацвердзілі 49% навучэнцаў. У ліку дасягненняў — дыплом III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Залатыя медалі атрымалі шэсць выпускнікоў, ва УВА паступіў 71%. Адным словам, калі працуем, то і маем.

— Тамара Станіславаўна, як школьнаму настаўніку ­стаць паспяховым кі­раў­ніком? Ці можна на гэтым шляху вылучыць агульныя заканамернасці, зразумець “механіку” і ключавыя этапы прафесійнага росту?

Упэўнена, што стаць ­паспяховым кіраўніком можна, толькі з’яўляючыся паспяховым педагогам. Асноўнае прызначэнне кі­раўніка — весці педагагічны калектыў да прафесійных вяршынь, а значыць, заахвоч­ваць яго да таго, што ты дасканала ведаеш сам. Думаю, гэта вызначальная ўмова. Але паспяховы настаўнік не абавязкова паспяховы кіраўнік. Апошняга вызначаюць неабходныя якасці, навыкі, уменні і… інтуіцыя. Дырэктарам школы сапраўды быць нялёгка, але цікава. Ён і стратэг, і сейбіт ідэй, і менеджар, і фінансіст, у яго павінны быць дастаткова сур’ёзныя веды ў галіне заканадаўства. Пры гэтым яму прыхо­дзіцца працаваць ва ўмовах шматзадачнасці, а зна­чыць, мець высокую адаптыў­насць да змяненняў. У гэтым, насамрэч, і сіла, і залог поспеху не толькі сучаснага кіраўніка, але і настаўніка. Як сказаў К.Д.Ушынскі, “вечна вынаходзіць, спраба­ваць, удасканальваць — вось адзіны курс настаўніцкага жыцця”. Я заўсёды імкнуся да ведаў і самаразвіцця. На пасадзе намесніка дырэктара прайшла перапад­рыхтоўку ў Акадэміі адукацыі (раней АПА) па кірунку адукацыйнага менеджменту. Кожны новы віток у маёй прафесійнай дзейнасці акрэс­ліў наш абласны клуб дырэктараў “Лідар”. Лічу, што і настаўніку, і дырэктару неабходна мяняцца і вучыцца.

— Гэта і ёсць ваш Грааль кіраўніцкага поспеху?

— У кожнага кіраўніка ён свой. Разуменне і веру нельга перадаць ад аднаго чалавека іншаму. Яны павінны развіцца і вырасці самастойна. Лічу, што толькі пры наяўнасці каманднага духу калектыў здольны працаваць стабільна і ў той жа час развівацца, дасягаць агульнай мэты. На пасадзе кіраўніка ўсяго можна дасягнуць толькі працай і з падтрымкай людзей, якія ў цябе вераць. А яшчэ, на маю думку, пас­пяховы лідар арыентуецца не на сваю значнасць, а на выніковасць работы ўстановы, якую ўзначальвае.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара