Гульні, інсцэніроўкі казак, развіццёвае навучанне — педагог ведае, як зацікавіць дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Свой прафесійны выбар Таццяна Міхайлаўна абгрунтоўвае так:
— Калі была маленькая, быць у дзіцячым садзе не любіла: колькі сябе памятаю, я там увесь час плакала — сумавала па доме. Калі падрасла, то вырашыла вярнуцца ў сад, але ўжо выхавальніцай. І кожны дзень раблю ўсё, каб мае дзеці ніколі не плакалі, каб ім са мной было цікава.
Праўда, спачатку Таццяна Цыпко паступіла ў педагагічны інстытут на фізмат. Хоць яна і сёння любіць матэматыку, усё ж тады зразумела, што памылілася з выбраным кірункам, і вярнулася да сваёй мары — стала выхавальніцай у дзіцячым садзе. Гэтае спалучэнне любові да лічбаў і да дзяцей вылілася ў адметны стыль працы педагога. У прыватнасці, Таццяна Міхайлаўна на занятках праз гульні вучыць ліку і дзяцей:
— Я стараюся даваць заданні на апярэжанне, бо праграма праграмай, а калі мы навучымся падчас гульні лічыць дзясяткамі, гэта не пашкодзіць. Так, усе мае дзеці ўмеюць вызначаць час па гадзінніку: я проста растлумачыла, што гэта за прамежак такі — 5 мінут, і яны пяцёркамі на цыферблаце лічаць час.
Люблю і навучанне грамаце. Часта мы з дзецьмі вучым на памяць вершы. Гэта трэніроўка ўважлівасці, памяці. Уважлівасці вучу і праз гульні. Напрыклад, выкладваю на стол ці вывешваю на дошцы карцінкі, даю час дзецям іх запомніць, а калі забіраю адну, ім трэба сказаць, якую іменна. Ці бяру трохвугольнік — ён абазначае слова-прадмет. Побач кладу яшчэ адзін трохвугольнік, але ўжо заштрыхаваны. Гэта яго прымета. І дзеці прыдумваюць словазлучэнні — восень залатая, лісток кляновы і інш. А потым бяром трохвугольнік з ножкамі — гэта слова-
дзеянне. І дзеці тут жа выдаюць мноства варыянтаў — надышла, упаў і іншыя. Дзеці пакуль яшчэ не ведаюць, што гэта дзеяслоў, але пазней яны перастрояцца. Для замацавання мяняю месцамі трохвугольнікі. Складаем словы з літар па ўзоры, пляскачамі лічым у іх склады, спяваем галосныя і інш. Усё гэта для таго, каб маім выпускнікам было прасцей вучыцца ў школе.
Шмат Таццяна Цыпко ўдзяляе ўвагі і выхаванню паважлівых, сяброўскіх адносін паміж дзецьмі. Яна працуе ў рознаўзроставай санаторнай групе, у якой 12 навучэнцаў ад 4 да 6 гадоў, але ўсе яны дружныя. Выхавальніца нават не просіць старэйшых дзяцей дапамагчы малодшым — для іх гэта звычайная справа.
Вучыць спагадзе Таццяне Міхайлаўне найлепш дапамагаюць старыя добрыя казкі.
— Выбіраю казкі пра дабрыню, пра ўзаемадапамогу. Мы іх інсцэніруем, пераўтвараемся ў казачных герояў, разважаем пра тое, што дабро заўсёды перамагае зло. Дарэчы, калі дзеці скардзяцца бацькам, што іх нехта пакрыўдзіў, тыя часам кажуць: “Дай яму здачы!” Я прашу татаў і мам: ніколі не вучыце гэтаму дзяцей — вучыць трэба крыўдзіцеля. Нельга прычыняць іншаму боль. Вучыце дзяцей дабру! — гаворыць педагог.
Святлана НІКІФАРАВА