У гонар педагога: дырэктар Ільянскай школы расказвае пра знакамітага выпускніка

- 15:27Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Імя знакамітага выпускніка Адама Антонавіча Грымаця Ільянскай сярэдняй школе Вілейскага раёна было прысвоена 20 гадоў назад. Аднак і сёння пра яго гавораць з гордасцю і трапятаннем. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Расказваючы пра ўстанову адукацыі, яе дырэктар Ігар Аляксандравіч Юшко звяртаецца да гісторыі. Па словах кіраўніка, шматлікія гістарычныя крыніцы падказваюць, што школа ў Ільі існуе з 1862 года. Адкрываў яе (на той момант Ільянскае народнае вучылішча) святар Яленскі. Пра тое, якой была школа ў розныя гады свайго існавання, яскрава расказвае музей “Ільянскія далягляды”. На вітрыне прадстаўлены школьныя прылады, уласныя рэчы вучняў, падручнікі розных гадоў выдання, фотаздымкі са школьнага жыцця — сведчанні пра настаўнікаў і навучэнцаў, вядомых выпускнікоў школы.

— Тут прадстаўлены матэрыялы аб заслужаных настаўніках, а таксама аб сусветна вядомым вучоным-педагогу Адаме Антонавічу Грымацю, — з гордасцю адзначае Ігар Аляксандравіч Юшко. — 18 кастрычніка споўнілася 86 гадоў з дня нараджэння нашага вядомага педагога, імя якога носіць школа.

Якім жа быў Адам Грымаць і чаму памяць пра яго дагэтуль беражліва захоўваюць не толькі ў Вілейскім раёне, на Міншчыне, але і далёка за межамі краіны? Адась (так яго называлі блізкія) Гры­маць нарадзіўся 17 кастрычніка 1938 года ў Ільі, у простай вясковай сям’і. 1 верасня 1945 года ён прыйшоў у 1 клас Ільянскай школы, якую скончыў з залатым медалём, а ў 1955 годзе паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (БДПУ імя Максіма Танка).

— Інстытут наш знакаміты вучань і выпускнік скончыў з дыпломам з адзнакай, — расказвае факты дырэктар школы. — Пасля гэтага вярнуўся праца­ваць на Вілейшчыну. Спачатку настаўнічаў у Швядоўскай васьмігодцы, а потым стаў дырэктарам Стражэўскай сярэдняй школы. Адам Антонавіч выкладаў вучням родную мову і літаратуру. Гэтыя гады настаўніцтва былі для яго вельмі плённымі і адыгралі значную ролю ў фарміраванні яго навуковых поглядаў.

Навуковая дзейнасць А.А.Грымаця пачалася ў 1967 годзе, калі ён стаў аспірантам кафедры педагогікі Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Менавіта гэтая УВА стала для яго роднай на ўсё жыццё.

— Адам Грымаць быў вучнем віцэ-прэзідэнта Акадэміі СССР Мікалая Ганчарова і пад яго кіраўніцтвам паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, — дадае Ігар Аляксандравіч. — Калі працаваў над ёй, не пакідаў убаку вельмі важны кірунак педагагічнай дзейнасці — краязнаўства. Хіба можна фарміраваць маральныя ідэалы вучняў, не ведаючы гісторыі роднага краю? Тэмай даследавання педагога стала “Фарміраванне станоўчых маральных ідэалаў вучняў сярэдняга школьнага ўзросту”. Гэтая тэма вельмі актуальная і сёння, таму да работ прафесара можа звяртацца кожны настаўнік.

Каштоўныя ідэі, мудрыя развагі

Пасля таго як у 1975 годзе Адам Антонавіч Грымаць заняў пасаду дацэнта кафедры педагогікі МДПІ імя А.М.Горкага, асноўным і самым важным кірункам яго прафесійнай дзейнасці стала выкладанне. Педагогі Ільянскай сярэдняй школы гавораць, што лекцыі Адама Антонавіча лічыліся ўзорнымі (і ў арганізацыйным, і ў метадычным плане).

— Пастаянны кантакт з кіраўнікамі навучальных устаноў, усебаковае вывучэнне асноўных напрамкаў дзейнасці школы па ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчага працэсу, знаёмства з праблемамі настаўнікаў дапамаглі вучонаму-педагогу зрабіць навуковыя напрацоўкі не проста важнымі дакументамі, а неабходнымі ў практыцы дапаможнікамі, — зазначае кіраўнік установы адукацыі. — У 1977 годзе Адам Антонавіч быў прызначаны дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі дырэктараў школ Мінскага педагагічнага інстытута.

Талент вялікага педагога як кіраўніка і вучонага ярка раскрыўся ў 1980-я гады, калі ён стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце МДПІ. На гэтай пасадзе ён шмат зрабіў для пераходу УВА на новы змест навучання, які суправаджаўся шырокім укараненнем новых педагагічных прынцыпаў у арганізацыю і правядзенне заняткаў са студэнтамі, пераадоленнем стэрэатыпаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Праз некаторы час Адам Антонавіч узначаліў адну з самых прэстыжных кафедр педінстытута — кафедру педагогікі. ­А.А.Грымаць напісаў больш як 220 навуковых работ, надрукаваў у часопісах і зборніках 157 артыкулаў. Акрамя гэтага, ён стаў аўтарам і суаўтарам пяці вучэбных дапаможнікаў, дзесяці манаграфій, прыняў удзел у 43 міжнародных і 185 рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях.

— За ўвесь час толькі адзін раз Адам Грымаць пакідаў альма-матар на працяглы час, — дзеліцца ўспамінамі І.А.Юшко. — Гэта было тады, калі педагог выконваў ганаровую місію вучонага па аказанні арганізацыйна-метадычнай дапамогі калегам з Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, якія звярнуліся з адпаведнай просьбай у Міністэрства народнай адукацыі Беларускай ССР. Менавіта яму даверылі выкананне адказнага даручэння. Два гады Адам Антонавіч працаваў дацэнтам Вышэйшай педагагічнай школы ў нямецкім Эрфурце. За плённую працу, выдатныя чалавечыя якасці педагога-інтэрнацыяналіста, уменне перадаць свой вопыт калегам Адам Грымаць быў узнагароджаны залатым медалём ­Г.Гердэра. У той перыяд ён напісаў на нямецкай мове шэраг навуковых артыкулаў.

Творчыя поспехі вучонага адзначаны на Радзіме Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, знакам “Выдатнік асветы БССР”, Ганаровай граматай ВАК Беларусі, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай БДПУ імя Максіма Танка. У 1997 годзе Адам Антонавіч Грымаць быў аб’яўлены ААН чалавекам года ў галіне адукацыі. Прафесар падрыхтаваў шмат вучняў, якімі ганарыўся: яны сталі кампетэнтнымі спецыялістамі і паспяхова прадаўжаюць справу свайго настаўніка.

— Адам Антонавіч многа пісаў аб фарміраванні маральных ідэалаў, — звяртае ўвагу Ігар Аляксандравіч. — У 2000 годзе выйшла з друку яго апошняе вялікае навуковае выданне “Фарміраванне маральных ідэалаў школьнікаў” — магутная праца. У ёй адлюстраваны каштоўныя ідэі, муд­рыя развагі настаўніка-філосафа. Гэтай работай Адам Грымаць яшчэ раз пацвер­дзіў важны тэзіс: дзейнасць чалавека — гэта і ёсць сродак маральнага выхавання. 8 лістапада 2000 года Адама Антонавіча не стала. На месцы яго пахавання часта бываюць школьнікі, калегі-педагогі, навукоўцы, землякі і госці. У 2004 годзе нашай школе было прысвоена імя знакамітага земляка Адама Антонавіча Грымаця.

Захаваць памяць

У школьным народным музеі “Ільянскія далягляды” створана экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці Адама Грымаця. Тут прадстаўлены сапраўды каштоўны матэрыял: дакументы, узнагароды, фотаздымкі, кнігі і метадычныя дапаможнікі, асабістыя рэчы заслужанага педагога. У мінулым годзе сын А.А.Грымаця Аляксандр Адамавіч перадаў музею сямейныя рэліквіі — дакументы і ўзнагароды бацькі.

— Пра жыццё і прафесійную дзейнасць нашага знакамітага выпускніка расказвае кніга Л.А.Казінец “Адам Антонавіч Грымаць — педагог, вучоны, чалавек”, — акцэнтуе ўвагу Ігар Аляксандравіч Юшко. — Матэрыялы музея шырока выкарыстоўваюцца на выхаваўчых гадзінах, школьных мерапрыемствах, падчас навукова-практычных канферэнцый, семінараў, конкурсаў. Напісаная акадэмікам А.А.Грымацем кніга “Фарміраванне маральных ідэалаў школьнікаў” для многіх з’яўляецца настольнай.

Адам Антонавіч пакінуў вялікую педагагічную спадчыну для ўсёй краіны, а Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця шануе памяць свайго знакамітага выпускніка. Калектыў установы адукацыі прызнаўся, што яго імя натхняе на плённую працу. Шмат гадоў школа — лідар у раёне сярод устаноў адукацыі сельскай мясцовасці па многіх кірунках дзейнасці.

Даведка

Адам Антонавіч дасканала вывучыў замежны вопыт падрыхтоўкі педагогаў і ўзбагаціў яго сваімі эксперыментатарскімі знаходкамі. Менавіта ён прапанаваў перайсці на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі педагагічных кадраў, і з 1994 года БДПУ імя Максіма Танка пачаў рыхтаваць бакалаўраў і магістраў. Тады ж паўстала пытанне, чаму аддаць перавагу: спецыяльным або псіхолага-педагагічным дысцыплінам. Адам Антонавіч настаяў на залатой сярэдзіне — універсітэт пачаў развівацца па шляху паглыбленай навуковай адукацыі з педагагічным ухілам.

 Наталля САХНО