У Калінкавіцкім дзяржаўным каледжы меліярацыі моладзь асвойвае прафесіі трактарыста-машыніста, зваршчыка, вадзіцеля, экскаватаршчыка, слесара, кухара, прадаўца. Гэта вядучая ўстанова на Гомельшчыне, дзе рэалізуюцца адукацыйныя праграмы на ўзроўні ПТА для аграрнай сферы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Запатрабаваныя прафесіі
Сёння, паступіўшы ў каледж пасля 9 класа, юнакі і дзяўчаты за тры гады атрымліваюць адразу некалькі прафесій. Асноўны выбар дзяўчат — гэта спецыяльнасць, дзе інтэгруюцца прафесіі кухара і прадаўца. Хлопцы звычайна выбіраюць адну з трох спецыяльнасцей, у якіх дзве кваліфікацыі — пастаянныя нязменныя: “трактарыст-машыніст” і “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”. Акрамя гэтага, можна на выбар асвоіць электразварку, кіраванне экскаватарам, бульдозерам, пагрузчыкам, стаць слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання або слесарам па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў.
Чатыры гады назад на тысячы квадратных метраў у каледжы адкрыўся інавацыйны Цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і меліярацыі, які абсталяваны па апошнім слове тэхнікі і складаецца з 7 лабараторый: “Сельскагаспадарчыя машыны”, “Кіраванне сельскагаспадарчымі машынамі”, “ТА і рамонт машын”, “Уладкаванне аўтамабіляў”, “Уладкаванне трактароў”, “Дыягностыка трактароў”, “Уладкаванне і эксплуатацыя трактароў”.
— Сёння адукацыйны працэс у каледжы, дзе навучаюцца 410 чалавек, максімальна практыка-арыентаваны. Асноўная мэта стварэння цэнтра — навучанне дзяцей навыкам працы на сучаснай сельскагаспадарчай тэхніцы, — распавядае дырэктар установы Мікалай Федарук, які працуе ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі 40 гадоў і некалі пачынаў кар’еру з пасады майстра вытворчага навучання. — Дзякуючы тэхнічнаму абсталяванню і сучасным адукацыйным тэхналогіям, засваенне складанай сельгастэхнікі праходзіць прадуктыўна і якасна. Тут навучаюцца не толькі нашы выхаванцы, таксама ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння двухтыднёвае навучанне праходзіць моладзь з іншых каледжаў, у якіх сельгасспецыяльнасцям вучаць як на ўзроўні ПТА, так і ССА. Дарэчы, за 4 гады навучанне ў каледжы прайшлі каля 1450 будучых работнікаў аграпрамысловага комплексу з 15 устаноў адукацыі вобласці.
У каледжы таксама рэалізуюцца адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, па якіх праходзіць падрыхтоўка і перападрыхтоўка незанятага насельніцтва, а таксама павышаюць сваю кваліфікацыю рабочыя, майстры вытворчага навучання. Кожны год каля 260 старшакласнікаў асвойваюць прафесію швачкі, прадаўца, слесара.
Па выніках мінулага навучальнага года Калінкавіцкі дзяржаўны каледж меліярацыі прызнаны пераможцам абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў сярод каледжаў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу.
З акна віртуальнага трактара
Калі на практыку навучэнцы каледжа адпраўляюцца на 3 курсе, дзе зарабляюць свае першыя грошы на прадпрыемствах — заказчыках кадраў раёна, то практычнае навучанне ў лабараторыях у іх пачынаецца ўжо на 1 курсе.
— Навучанне на трэнажорах можа складаць да 50% часу ад ўсіх практычных заняткаў, прадугледжаных вучэбным планам, астатні час — на рэальнай тэхніцы, — удакладняе Мікалай Лазаравіч і тлумачыць, у чым эканамічная выгада заняткаў на трэнажорах пры іншых роўных умовах. — Трэнажор каштуе ў 2,5 разу танней, чым рэальны аналаг, а эксплуатацыйныя выдаткі менш у 50 (!) разоў. Займаючыся на трэнажорах, мы можам задаць любую пару года і час сутак, розныя ўмовы надвор’я. На віртуальным трактарадроме з дарожнымі знакамі можна набываць навыкі ваджэння, вучыцца апрацоўваць глебу. А калі прыйдзе час сесці на энерганасычаны трактар, усё будзе знаёма і зразумела.
У лабараторыі “Кіраванне сельскагаспадарчымі машынамі” пад пільным наглядам трох майстроў вытворчага навучання будучыя аграрыі садзяцца за руль сімулятара энерганасычанага трактара BELARUS 3522 з рухомай платформай, бульдозера D65, гусенічнага экскаватара РС 200, збожжаўборачнага камбайна ACROS-550, экскаватара-пагрузчыка на базе МТЗ.
— Наша галоўная задача — навучыць будучых вадзіцеляў сельгастэхнікі правільна выкарыстоўваць органы кіравання: карыстацца педаллю газу і тормаза, гідраўлікай, пераключаць каробку перадач. Калі яны асвойваюць экскаватар, павінны ведаць, як прыводзіцца ў дзеянне гусенічны механізм, страла, коўш, як перамыкаецца платформа і г.д., — расказвае майстар вытворчага навучання Надзея Галіцкая. — Так, у 3D-кабіне збожжаўборачнага камбайна маніторы адлюстроўваюць практычна рэальную карціну ўборкі. Унутры размешчаны мікрафон і камера, што забяспечвае сувязь майстра з навучэнцам і магчымасць назіраць за яго дзеяннямі падчас выканання задання. Седзячы за рулём сімулятара энерганасычанага трактара BELARUS 3522, абсталяванага дынамічнай платформай, пры наездзе на віртуальныя няроўнасці адчуваеш усё як у жыцці, бо платформа нахіляецца.
Як адзначае Надзея Леанідаўна, на асваенне адной віртуальнай адзінкі тэхнікі патрэбна не менш за 8 вучэбных гадзін. Напрыклад, на трэнажоры-камбайне моладзь вучыцца збіраць пшаніцу, кукурузу, сланечнік з рознай ураджайнасцю, засмечанасцю збожжа і ўхіламі палёў. Навучэнцы адпрацоўваюць навыкі карыстання жняяркай, вучацца правільна рэгуляваць частату кручэння малацільнага барабана, частату вентыляцыі ачысткі, што дазваляе дасягнуць найменшых страт пры ўборцы. Асвойваючы экскаватар, трэба навучыцца карыстацца не толькі каўшом, але і гідрамолатам, вібрапагружальнікам. Цяжэй за ўсё пачаткоўцам даецца асваенне бульдозера.
— У лабараторыі “Дыягностыка трактароў” на спецыяльных стэндах, дзе прадстаўлены асноўныя вузлы, моладзь знаёміцца з будовай рухавіка і вучыцца праводзіць яго дыягностыку. У прыватнасці, пачынаюць з паліўнай сістэмы і заканчваюць электраабсталяваннем, — тлумачыць старшы майстар Віталь Некрашэвіч. — У лабараторыі “Будова трактароў” прадстаўлены ў разрэзе макеты рознай тэхнікі і маладыя людзі асвойваюць разборку-зборку-дэфектоўку рухавікоў і іншых вузлоў. У лабараторыі “ТА і рамонт машын” вучэбны працэс ідзе на стэндах для праверкі, абкаткі, рэгулявання масляных помп, якія ёсць у кожным рухавіку ўнутранага згарання. Таксама навучэнцы знаёмяцца з прынцыпам работы паліўнай сістэмы, этапамі яе дыягностыкі і рамонту. У лабараторыі “Сельскагаспадарчыя машыны”, паспяхова здаўшы тэсты ў папярэдніх 6 лабараторыях, будучыя механізатары і меліяратары адпрацоўваюць ваджэнне за рулём рэальнай тэхнікі. Спачатку садзяцца за руль лёгкага трактара BELARUS 920, затым гусенічнага BELARUS 2103, потым энерганасычанага BELARUS 3522, а пасля кіруюць камбайнам.
У вольны ад вучобы час
У каледжы створаны максімальныя ўмовы для самарэалізацыі кожнага навучэнца ў інтэлектуальнай, спартыўнай, творчай, валанцёрскай дзейнасці.
— У мінулым навучальным годзе ўстанова адукацыі заняла 3-е месца ў вобласці па арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы сярод устаноў адукацыі вышэйшай і прафесійнай адукацыі, — дадае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вера Равінская. — Выхаваўчыя мерапрыемствы накіраваны на развіццё асобы, здольнай паспяхова адаптавацца ў сучасным сацыякультурным асяроддзі, на падрыхтоўку кампетэнтнага матываванага спецыяліста, грамадзяніна і патрыёта з высокім узроўнем культуры, маралі і правасвядомасці. Сёння ў каледжы функцыянуе каля двух дзясяткаў аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх нашы таленавітыя педагогі імкнуцца раскрыць таленты сваіх падапечных.
Адно з апошніх аб’яднанняў па інтарэсах, якое адкрылася ў каледжы і, мабыць, найбольш запатрабаванае, — “Мотавела”, дзе падлеткі з вялікім задавальненнем асвойваюць кіраванне матацыклам. Дарэчы, новаўвядзенне з’явілася ва ўстанове з лёгкай рукі Веры Уладзіміраўны, якая сама ўсяго каля года назад атрымала вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі А і абзавялася стальным канём.
У гэтым годзе пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Ліліі Змушко, якая прыняла ўдзел у рэспубліканскім марафоне паспяховых практык, адкрыўся новы валанцёрскі атрад прафілактычнага характару “Імпульс”, які працуе па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.
З мінулага года ў каледжы актыўна наладжваецца міжнароднае супрацоўніцтва з установай адукацыі такога ж профілю з Рэспублікі Хакасія (Расія). Педагогі і навучэнцы праводзяць займальныя анлайн-сустрэчы, канферэнцыі, на якіх знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі двух далёкіх, але ў той жа час, як аказалася, блізкіх па духу народаў.
Штогод навучэнцы і педагогі актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, а таксама творчых спаборніцтвах. У гэтым годзе ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Сэрцам адданыя роднай зямлі!” 59 хлопцаў і дзяўчат занялі 3-е месца з маштабнай і відовішчнай кампазіцыяй у намінацыі “Сцяг-шоу”.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара, Ігара ГРЭЧКІ і з архіва каледжа