Для дзіцяці і разам з ім — па такім прынцыпе будуецца дзейнасць педагогаў Спецыяльнай школы-інтэрната Ваўкавыска

- 17:26Образование

Ва ўстанове для навучання, выхавання і пражывання навучэнцаў створаны максімальна камфортныя і сучасныя ўмовы, набліжаныя да дамашніх. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У бягучым навучальным годзе ў школе-інтэрнаце вучыцца 75 чалавек. Функцыянуюць 12 класаў: 8 класаў першага аддзялення, 2 класы другога аддзялення і 2 класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай пад­рыхтоўкі.

На занятках у педагога Таццяны Янучэк

Выніковасць адукацыйнага і выхаваўчага працэсу забяспечвае высокакваліфікаваны педагагічны калектыў, які характарызуецца высокай стабільнасцю. Як заўважыла кіраўнік навучальнай установы Ала Былінская, працаваць у школе-інтэрнаце могуць толькі душэўныя, з вялікім узроўнем эмпатыі людзі.

У аснове навучання — асобасна арыентаваны падыход, які дапамагае зні­зіць узровень трывожнасці, павысіць якасць навучання і сацыялізацыі. Вялікая ўвага ўдзя­ляецца сацыяльна-працоўнай адаптацыі. Для арганізацыі прафесійнага навучання ва ўстанове адукацыі створаны ўсе неабходныя ўмовы.

У кабінеце за сучаснымі швейнымі шмат­аперацыйнымі машынамі сядзяць як дзяўчаты, так і хлопцы. І трэба адзначыць, што ў юнакоў швы атрымліваюцца вельмі роўнымі. Яны нароўні з дзяўчатамі лёгка карыстаюцца і авярлокам, і міні-парагенератарам.

Для правядзення заняткаў па раслінаводстве і жывёлагадоўлі абсталяваны вучэбны кабінет і вучэбная лабараторыя. Практычныя работы па асноўных тэмах праграмы навучэнцы выконваюць на прышкольным участку і ў цяпліцах. Дарэчы, у сярэдзіне кастрычніка там раслі агуркі і спелі памідоры! Акрамя таго, на тэрыторыі школы-інтэрната жывуць цяляты, якіх старанна даглядаюць навучэнцы.

Ёсць у школе арганізаваныя і па-сучаснаму абсталяваныя пакоі для адпачынку і гульняў. Асобна хочацца сказаць пра этнаграфічны куток “Беларуская хатка”, дзе даволі шырока прадстаўлены прадметы побыту нашых продкаў. Як адзначыла Ала Былінская, святы, якія арганізуюцца ў этнаграфічным пакоі, карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў. Як і гульні, арыентаваныя на эмацыянальнае збліжэнне, самарэгуляцыю, разуменне эмоцый і паводзін іншых людзей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара