Відэаролікі, пазлы і QR-коды выкарыстоўвае на сваіх уроках малады педагог гімназіі Кармы імя М.А.Міхайлашава Карына Корнева. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўніца лічыць: сучасныя дзеці — візуалы і вельмі добра ўспрымаюць інфармацыю менавіта вачыма. Візуалізацыя значна дапамагае ім у запамінанні англійскіх слоў і тэкстаў, асабліва вялікіх ці складаных.
— Метады я выкарыстоўваю класічныя, але падаю іх у новай форме, — расказвае Карына Мікалаеўна. — Калі гэта гульні, то з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Калі дыялог, без якога не абысціся ў вывучэнні любой мовы, то здымаем відэаролікі. Запісваем размову на відэа, прычым з рэквізітам, які дзеці прыдумваюць самі. Напрыклад, разыгрываючы дыялог пажылых людзей у аўтобусе, вучні апранаюць капелюшы, замест палкі бяруць указку. Атрымліваюцца сапраўдныя тэатральныя пастаноўкі, праўда, невялікія, на 2—3 мінуты. Бывае, у іх удзельнічаюць адразу па пяць вучняў. Плюс такога метаду яшчэ і ў тым, што дзеці могуць у роліках убачыць і пачуць саміх сябе.
Часам на ўроках настаўніца дазваляе школьнікам карыстацца тэлефонам, калі трэба прачытаць QR-код ці знайсці нейкую інфармацыю.
— Мы жывём у сучасным свеце, — заўважае Карына Корнева. — Трэба, каб дзеці вучыліся карыстацца тэхналогіямі не для гульняў, а сабе на карысць. Гэта не значыць, што мы працуем толькі з электроннымі прыладамі. Сваімі рукамі я раблю шмат нагляднага матэрыялу (карткі, пазлы). Гэта таксама дапамагае візуалізаваць інфармацыю і лепш запамінаць словы ці творы, асабліва тыя, у якіх шмат герояў. Дзеці, як правіла, цяжка запамінаюць англійскія імёны ці прозвішчы і запінаюцца на іх пры пераказе. Я ствараю пазлы з гэтымі імёнамі, дзеці збіраюць іх і лёгка аднаўляюць у памяці. Раблю пазлы і пра асноўныя падзеі тэксту, яго праблематыку і г.д.
Педагог паспела паўдзельнічаць у раённым фестывалі-конкурсе “Маладыя таленты Кармяншчыны” і заняла 1-е месца.
У кармянскай гімназіі маладая настаўніца працуе трэці год, з’яўляецца класным кіраўніком у 6 класе. За гэты час дзеці паспелі палюбіць яе яскравыя, нестандартныя ўрокі. Карына Корнева сама скончыла гэтую ўстанову адукацыі і з удзячнасцю прыгадвае настаўніцу англійскай мовы Алу Цімафееўну Мядзведзеву, якая паўплывала на яе выбар прафесіі. Малады педагог прызнаецца, што, калі паступала ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, ужо ведала, што вернецца працаваць у Карму. Тут яе сустрэлі як родную, таму адаптавацца было лёгка.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена суразмоўніцай