З узорнай плеядай мужчын-педагогаў, якія працуюць у Доўскай школе і з’яўляюцца калегамі настаўніка года Беларусі, пазнаёміліся падчас прэс-туру па сельскіх установах адукацыі Рагачоўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Большая частка настаўнікаў, якія працуюць зараз у школе, — нашы выпускнікі. Я таксама, — з усмешкай адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Зайцава, калі мы пачынаем знаёміцца з установай адукацыі. — Педагагічны калектыў вельмі моцны, шмат калег маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. І, канечне, вельмі прыемна, што менавіта настаўнік нашай школы Сяргей Шамінскі стаў лепшым у прафесіі.
Пабываць у Доўскай школе і не наведаць уладальніка звання “Настаўнік года” — дапусціць такога нельга. Таму найперш мы праходзім у кабінет-майстэрню Сяргея Шамінскага.
— Ох, і засумаваў я па сваёй рабоце, — прызнаўся педагог. — Столькі ўвагі да маёй персоны, усё ж такі мне больш даспадобы вучыць чаму-небудзь дзяцей і бачыць, як яны развіваюцца і сталеюць.
Ён з задавальненнем паказаў станкі, камбінаваныя верштаты, электрычныя лобзікі і іншае абсталяванне, закупленае да новага навучальнага года. Сама майстэрня пасля капітальнага рамонту стала светлай, прасторнай. Дарэчы, такія ж змяненні ў лепшы бок адбыліся і ў самой школе.
А вось кабінет гісторыі і яго гаспадар Іван Юр’евіч Магіла. Настаўнік — вялікі аматар інтэлектуальных гульняў. Узначальвае ў школе гэты рух, кіруе Рагачоўскім клубам інтэлектуальных гульняў, з’яўляецца адным з арганізатараў “Кубка Мідгарда”. Ён выпускнік Доўскай школы, лаўрэат абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2020”.
— Сваім захапленнем абавязаны настаўніцы гісторыі Кацярыне Віктараўне Гаварушка. З задавальненнем працягваю яе справу. Зараз у школьным клубе дзве каманды — для навучэнцаў 5—7 і 8—9 класаў, — патлумачыў суразмоўнік.
Найбольшай папулярнасцю сярод дзяцей карыстаецца гульня “Брэйн-рынг”. Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка каманд да абласнога турніру “Ікараўскія гульні”, які пройдзе на восеньскіх канікулах на базе Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А на вясенніх канікулах адбудзецца рэгіянальны турнір для топавых каманд “Кубак Мідгарда”.
— Я вельмі люблю прымаць удзел у інтэлектуальных гульнях. Часам выступаю за гомельскую або барысаўскую каманду. Абавязкова рыхтую сам пытанні да розных турніраў. Мне прыемна адзначыць, што за ўсю гісторыю спаборніцтваў наша школьная каманда ў 2019 годзе стала адзінай негарадской камандай, якая атрымала перамогу на чэмпіянаце Еўропы, — расказаў Іван Юр’евіч.
Яго навучэнцы далучаюцца да шматлікіх турніраў краіны, іх запрашаюць прымаць удзел у тэлевізійных праектах. Аднак галоўнае — інтэлектуальныя гульні дапамагаюць дзецям развіваць крэатыўнасць і лагічнае мысленне.
Асаблівай увагі заслугоўвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пётр Пятровіч Ахрэмчык. 35 гадоў ён аддаў педагагічнай справе, 25 з якіх быў дырэктарам Доўскай школы. Менавіта гэтым творчым і апантаным чалавекам былі закладзены і сфарміраваны лепшыя традыцыі ўстановы адукацыі. Пэўны час сельская школа нават мела статус гімназіі.
— З дзяцінства любіў гуляць у “Зарніцу”, любіў паходы, спартыўны турызм. І калі стаў кіраўніком, пачаў умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу школы ў гэтым кірунку. Калі ў краіне перасталі праводзіць “Зарніцу”, мы ўсё роўна гулялі. І зараз не стаім на месцы. З 2021 года я з’яўляюся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, — падзяліўся Пётр Пятровіч.
Педагог знаходзіць час і на развіццё спартыўнага турызму. Сам рыхтуе ўдзельнікаў. У тым ліку вучыць скалалажанню — абавязковаму элементу падчас спаборніцтваў. Займаюцца школьнікі на ўласным скаладроме.
А яшчэ Пётр Пятровіч кіруе сцяганоснай групай, якая ўваходзіць у дзясятку лепшых у Гомельскай вобласці, мае вялікую колькасць кубкаў і ўзнагарод. І нягледзячы на тое, што сёлета настаўнік стаў пенсіянерам, ён працягвае весці ўрокі і актыўна займацца выхаваўчай работай.
У спартыўнай зале праходзіць урок фізічнай культуры і здароўя ў вучняў 2 класа. Праводзіць яго Уладзімір Уладзіміравіч Талкачоў, таксама выпускнік гэтай школы. Яго настаўнікам быў Васіль Філіпавіч Кацянкоў, заслужаны настаўнік БССР, выдатнік адукацыі, які больш за 50 гадоў аддаў рабоце з дзецьмі. Пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзяляў заняткам па лёгкай атлетыцы.
— У гонар свайго настаўніка мы, удзячныя выпускнікі, вырашылі праводзіць спартыўна-турыстычны злёт яго імя. У гэтым годзе ён прайшоў ужо 11-ы раз і сабраў дзевяць школьных каманд Рагачоўскага раёна, — паведаміў Уладзімір Талкачоў.
Між іншым, навучэнцы 10—11 класаў Доўскай школы, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні, маюць магчымасць атрымаць спецыяльнасць садаводаў, дзякуючы супрацоўніцтву з Гомельскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыяй НАН Беларусі. Практычныя заняткі з юнымі садаводамі праводзяць непасрэдна на палетках, дзе вучоныя вырошчваюць новыя гатункі садавіны і агародніны.
Гордасць і брэнд Журавіцкай школы
Імі па праве з’яўляюцца два музеі: літаратурны і гісторыка-краязнаўчы.
Яшчэ ў 1986 годзе сярэдняй школе было прысвоена імя славутага земляка Андрэя Макаёнка. У той жа год тут пачаў працаваць літаратурны музей з цікавай назвай “Пакой падарункаў”. І іх тут сапраўды шмат! Самым вялікім па памеры стаў бюст пісьменніка, выкананы Заірам Азгурам. Яго ўручылі яшчэ падчас адкрыцця музея прадстаўнікі Міністэрства культуры БССР.
Родныя Андрэя Ягоравіча перадалі вялікую колькасць фотаздымкаў, кніг і ўласных рэчаў драматурга: друкавальная машынка, кій, гадзіннік, ручка, нататнік, калекцыя статуэтак… Дзіўна, але кожны год музей папаўняецца новымі экспанатамі. Летась пляменнік пісьменніка перадаў спінінг, з якім драматург любіў сядзець на беразе Дняпра, крэсла-качалку і шашкі, у якія любіў гуляць Андрэй Макаёнак са сваім сябрам Іванам Шамякіным.
Творчасць Андрэя Ягоравіча стала крыніцай натхнення для тэатральнага калектыву “Сваякі”, які створаны на базе музея. Навучэнцы разам з кіраўніком музея настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Давыдзенка робяць пастаноўкі п’ес драматурга.
— Больш за 17 гадоў у раёне праходзіць фестываль тэатральных калектываў. Мы заўсёды прымаем удзел і становімся пераможцамі, атрымліваючы дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней. У мінулым годзе ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Скрыжаванне” і заваявалі са сваёй пастаноўкай дыплом ІІІ ступені. Паспрабавалі свае творчыя сілы і ў конкурсе “Мастацтва без меж”, выйшлі ў фінал і сталі чацвёртымі, — з гордасцю заўважыла кіраўнік музея.
Другі музей — гісторыка-краязнаўчы — адносна малады. Кіруе ім настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Малюкова.
— Музей пачаў сваю дзейнасць у 2003 годзе. Летась мы абнавілі яго, устанавілі сучасныя стэнды, пры гэтым захавалі ўсю інфармацыю, фотаздымкі, якія былі сабраны да гэтага часу сіламі настаўнікаў, школьнікаў і бацькоў навучэнцаў, — паведаміла настаўніца.
Раней Журавічы былі раённым цэнтрам, і ў музеі імкнуцца захаваць памяць аб гэтым перыядзе жыцця роднага населенага пункта. У часы Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічала 10-я Журавіцкая партызанская брыгада. Ёй прысвечана асобная экспазіцыя. На базе музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юныя экскурсаводы-краязнаўцы”. Гурткоўцы вывучаюць гісторыю брыгады, збіраюць інфармацыю пра яе ўдзельнікаў і ствараюць карты памяці пра кожнага героя. Нікога не пакідае абыякавым інфармацыя, размешчаная на стэндзе “Яны без сумнення пяро змянілі на ружжо”, прысвечаная настаўнікам-франтавікам.
— У мінулым годзе зрабілі друкаваны варыянт кнігі ўспамінаў Таццяны Фёдараўны Карніенка, сувязной 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады. У рамках інавацыйнага праекта распрацавалі галерэю “Нашчадкі Перамогі” ў электронным выглядзе. Стварылі куток “Памяць пра мінулае — доўг пакаленняў”. У музеі мы праводзім заняткі, прысвечаныя грамадзянска-патрыятычнай тэматыцы, класныя гадзіны, сустрэчы з выпускнікамі і гасцямі школы. Вельмі ўдзячны нашым выпускнікам, якія падарылі вельмі важную і неабходную кнігу “Галоўныя дакументы Вялікай Айчыннай вайны”, — дапоўніла Таццяна Малюкова.
У хуткім часе ў школе з’явіцца яшчэ адзін музей — этнаграфічны. Ужо выдзелены пакой для яго і сабрана дастатковая колькасць экспанатаў.
Дарэчы, з 2018 года ў школе працуюць аграрныя класы і групы. За гэты час сем выпускнікоў атрымалі вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, шэсць — сярэднюю спецыяльную. У гэтым навучальным годзе ў аграрнай групе займаюцца чацвёра адзінаццацікласнікаў. Усе плануюць паступаць у БДСГА.
— Выбраўшы аграрны кірунак, удзяляем увагу і дапрофільнай падрыхтоўцы: у 9 класе арганізаваны факультатыў “Біялагічныя веды пра чалавека”, для навучэнцаў пачатковых і 5 класа дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Раслінаводства”, — адзначыла дырэктар Журавіцкай сярэдняй школы Людміла Баруценка.
Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА