Навучэнцы спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка імя Л.Ф.Пашынскага шыюць бялізну і адзенне, удзельнічаюць у модных паказах, садзяць агарод. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Брыгадны падрад
Дапрафесійная падрыхтоўка ва ўстанове арганізавана такім чынам, каб выпускнікі з працоўнымі навыкамі адразу вызначылі свой шлях у прафесію.
У гурток “Рукадзельная іголка” і швейную брыгаду імкнуцца трапіць усе старшакласнікі, асабліва, як гэта ні дзіўна, хлопчыкі. Як расказаў дырэктар школы-інтэрната Алег Аркадзьевіч Анікевіч, конкурс у брыгаду, напэўна, як пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дзеці спачатку запісваюцца ў гурток, вучацца шыць, каб потым трапіць у брыгаду.
— Нашы навучэнцы вельмі любяць шыць, а кабінет працоўнага навучання са швейнымі машынкамі стаў тым месцам, дзе пастаянна знаходзяцца дзеці, і заслуга ў гэтым педагога Алы Аляксандраўны Бузук, — адзначыў А.А.Анікевіч. — Па прафесіі швачка, з багатым вопытам вытворчай дзейнасці, чацвёрты год яна працуе педагогам дадатковай адукацыі. За гэты час стварыла эфектыўную сістэму работы са школьнікамі, вельмі любіць дзяцей і змагла згуртаваць іх вакол сябе ў гуртку “Рукадзельная іголка”.
Ала Аляксандраўна прызналася, што трапіла ў спецыяльную школу-інтэрнат выпадкова. Да гэтага шмат гадоў працавала на Навагрудскай швейнай фабрыцы. А калі дырэктар школы прапанаваў паспрабаваць сябе ў якасці педагога, згадзілася. Так з 2021 года яна і вучыць школьнікаў шыць.
— Дзеці ў нашай школе настолькі добрыя, працавітыя, што з імі вельмі лёгка, — расказала Ала Бузук. — І мне падабаецца з імі працаваць, вельмі прыемна, калі цябе радасна сустракаюць, адгукаюцца на новыя справы. Асабліва хочацца навучыцца шыць малодшым школьнікам, яны вельмі стараюцца. Старэйшыя хлопчыкі шыюць нават лепш за дзяўчынак, ім падабаецца гэтым займацца. Ды і стымул ёсць, арганізаваны працоўныя брыгады, ужо адпрацавалі 7 такіх брыгад.
Пачынаючы з 2021 года было пашыта больш за 350 камплектаў пасцельнай бялізны, 1160 сцягоў для ўпрыгожвання горада. Шыем таксама падушкі, кашалькі, шоперы, маскі, фартухі, рукавіцы, гальштукі для школьнай формы. Выкарыстоўваем розныя кавалачкі тканіны, старое адзенне. Шылі лялек у нацыянальным адзенні для раённага этапу фестывалю “Вясёлкавы карагод”, якія потым прымалі ўдзел і ў абласным этапе. Дзеці любяць рабіць сваімі рукамі падарункі бацькам. Важна і тое, што работа ў вытворчых брыгадах — гэта не толькі магчымасць асвоіць прафесію, але і зарабіць грошы, навучыцца правільна іх размяркоўваць.
Важным крокам у кірунку дапамогі старшакласнікам сур’ёзна асвоіць прафесійныя навыкі і адчуць сваю запатрабаванасць стала супрацоўніцтва школы-інтэрната з цэнтрам занятасці.
— Дзякуючы ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама, для навучэнцаў установы ўжо чацвёрты год арганізоўваецца другасная занятасць з фінансаваннем за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, — расказала намеснік дырэктара спецыяльнай школы-інтэрната па выхаваўчай рабоце Святлана Святаславаўна Зайко.
Цэнтр занятасці закупляе ўстанове адукацыі тканіну, а школьнікі шыюць пасцельную бялізну. Потым цэнтр занятасці перадае бялізну ў сацыяльныя ўстановы, а дзеці атрымліваюць заробак, набываюць стаж работы, у кожнага ёсць працоўная кніжка, страхавое пасведчанне. І самае галоўнае, яны атрымліваюць прафесійныя навыкі. Акрамя гэтага, у працоўных брыгадах дзеці займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, рамонтам кніг у бібліятэцы. Другасная занятасць адыгрывае важную ролю ў сацыялізацыі моладзі.
Агародніна са сваёй градкі
Штогод у школе праходзіць працоўная акцыя “Труд — крут!”, якая дае магчымасць фарміраваць у дзяцей працоўныя навыкі, спрыяе іх сацыялізацыі і адаптацыі ў сучасным грамадстве.
У рамках акцыі ў мінулым навучальным годзе распрацаваны праект “Агарод — скарбніца здароўя”. Мэтай яго было прывіць пачатковыя працоўныя навыкі самым маленькім навучэнцам. Мінулай вясной і летам дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў вырошчвалі расаду, вучыліся высаджваць насенне, паліваць расліны, сачыць за іх ростам і выдаляць пустазелле. А потым радаваліся ўраджаю, у школьным музеі “Традыцыі чаявання” пілі чай з лекавых траў, сабраных на сваім агародзе.
— Для нашых выхаванцаў гэта не толькі цікавы занятак, але і магчымасць набыць першыя працоўныя навыкі, — расказала выхавальніца Іна Вячаславаўна Пятушкова. — Праект цікавы тым, што дазваляе дзецям фарміраваць якасці, неабходныя дла паспяховай вучобы, напрыклад, развівае ўвагу, памяць, мысленне, ініцыятыўнасць, самастойнасць. Важна, што школьнікі знаёмяцца з працай дарослых, вучацца назіраць за навакольным светам, дзяліцца сваімі эмоцыямі. Праект паспяхова зарэкамендаваў сябе, таму ў наступныя гады будзем працягваць яго.
Пашыраючы гарызонты
У школе-інтэрнаце арганізавана работа пяці аб’яднанняў па інтарэсах працоўнай накіраванасці. Дзеці могуць набыць навыкі не толькі шыцця, але і гатавання, вядзення гаспадаркі. Усё гэта спатрэбіцца ім у штодзённым жыцці, а ў некаторых выпадках вызначае выбар прафесіі (5 выпускнікоў школы пры паступленні выбралі спецыяльнасць кухара, 3 — швачкі).
Важную ролю ў дапрафесійнай падрыхтоўцы адыгрывае ўдзел у акцыі “Дзень з прадпрыемствам”, якая праводзіцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама. Школьнікі пабывалі на прадпрыемстве “Белкрэда” і Навагрудскім заводзе газавай апаратуры, у Навагрудскім лясгасе і розных арганізацыях горада. А дзякуючы прафарыентацыйнай накіраванасці праекта “Клуб_падарожнікаў.by. Ведай нашых” аздараўленчага школьнага лагера, мінулым летам наведалі шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы і Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне.
Дапамога валанцёраў
Ініцыятарам шматлікіх акцый і мерапрыемстваў з удзелам выхаванцаў школы-інтэрната выступае дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Белы бусел”. Валанцёры фонду арганізуюць сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, праводзяць майстар-класы па макіяжы, цырульніцкім майстэрстве, кулінарыі, маляванні, фатаграфіі. Пры дапамозе фонду дзеці змаглі прыняць удзел у рэспубліканскай канферэнцыі вакансій для выхаванцаў дзіцячых школ-інтэрнатаў ва ўзросце 15—17 гадоў “Твая паспяховая будучыня”.
— Немагчыма пераацаніць значэнне падобных майстар-класаў для выхаванцаў нашай школы: для многіх яны з’яўляюцца вызначальнымі ў выбары будучай прафесіі. Для кагосьці — магутным штуршком у самапазнанні і самаразвіцці. Так, дзякуючы фонду, удалося выпусціць альбом коміксаў нашага былога навучэнца Паўла Жука, — расказала С.С.Зайко.
Трэці год навучэнцы прымаюць удзел у якасці мадэлей у рэспубліканскім дабрачынным інклюзіўным праекце “Асаблівы модны паказ “Каляровыя сны”. Гэта дае магчымасць дзецям узаемадзейнічаць з вядомымі дызайнерамі і зоркамі беларускай эстрады, паспрабаваць сябе ў ролі мадэлей і проста атрымаць задавальненне ад таго, што адбываецца. Гатовыя калекцыі адзення застаюцца ў школе. Дзякуючы праекту, выпускніца школы Дар’я Бурак сумяшчае вучобу ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы і ў школе мадэлей у Мінску.
— Працоўнае навучанне дапамагае сацыялізацыі нашых дзяцей, адаптацыі іх у сучасным грамадстве, а ў далейшым — пошуку свайго месца ў жыцці, — падкрэсліў Алег Анікевіч. — Вельмі прыемна, калі нашы выпускнікі дасягаюць пэўных поспехаў у жыцці. А мы найперш імкнёмся выхаваць іх добрымі людзьмі і навучыць нешта рабіць сваімі рукамі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара