Як працуе кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў Лукаўскай школе Вольга Ханчук

- 17:25Образование

Сёння ва ўстановах адукацыі Маларытчыны кіраўнікамі па ваенна­-патрыятычным выхаванні працуюць дзве жанчыны. Адна з іх — Вольга Ханчук з Лукаўскай сярэдняй школы.

Па выніках раённага этапу рэс­публіканскага конкурсу на лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні яна атрымала пераканаўчую перамогу.

Усё жыццё Вольгі Ханчук звязана з малой радзімай. Нарадзілася і вырасла ў Лукаве, тут скончыла мясцовую школу. Пасля паступіла на фізіка-матэматычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, а затым вярнулася ў родны куток.

— Настаўніцай матэматыкі вырашыла стаць яшчэ ў 5 класе, — успамінае педагог. — У старшых класах гэтае жаданне замацавалася дзякуючы школьнаму педагогу Раісе Краўчук, якая стварала на сваіх уроках умовы для авалодання асновамі лагічнага мыслення, развіцця пазнавальных працэсаў і матэматычнай мовы. Бацькі майму выбару не пярэчылі. Бачыла сябе толькі з указкай і крэйдай ля дошкі. Нават не раз бачыла сон пра гэта. Не палохалі ні стосы сшыткаў, ні напісанне рабочых планаў. Асабліва падабалася рашаць камбінаторныя і займальныя задачы. Таму без асаблівых цяжкасцей я стала студэнткай.

Аднак першым месцам работы Вольгі Ханчук была не школа, а Лукаўскі сельскі дом культуры, куды дзяўчына ўладкавалася мастацкім кіраўніком. Потым яна працавала выхавальніцай у Лукаўскай сярэдняй школе, а затым амаль тры гады выкладала там матэматыку.

Жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што Вользе Ва­сільеўне на 13 гадоў давялося змя­ніць прафесію педагога на кантралёра аддзялення пагранічнага кантролю “Макраны” Брэсцкай Чыр­ванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага. Але ад лёсу, як кажуць, не ўцячэш. Апошнія тры гады Вольга Ханчук зноў працуе ў Лукаўскай сярэдняй школе — кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўніцай матэматыкі адначасова.

Больш за ўсё педагогу падабаецца бачыць поспехі выхаванцаў, адчыняць ім дзверы ў свет ведаў, фарміраваць грамадзянска-патрыятычную свядомасць і, канечне ж, расці прафесійна. Разам з вучнямі Вольга Васільеўна радуецца і засмучаецца, пераадольвае цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху да ведаў. Моцны характар, упэўненасць ва ўласных сілах, уменне захапіць іншых цікавай справай і быць сапраўдным прыкладам — складнікі прафесійнага поспеху.

Дырэктар школы Мікалай Клебановіч лічыць, што ў свеце ёсць тры асноўныя прафесіі: вучыць, лячыць і абараняць Радзіму. На яго думку, у асобе Вольгі Ханчук удала спалучаюцца ўсе тры. У кожнай з іх яна майстар.

Мерапрыемствы, якія право­дзіць педагог, маюць выхаваўчую накіраванасць і заўсёды выкліка­юць цікавасць у вучняў. Пад кіраў­ніцтвам Вольгі Ханчук лукаўскія школьнікі рыхтуюцца да ваенна-спартыўных гульняў “Зарнічка” і “Зарніца”, ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, дзе паказваюць добрыя вынікі.

Павышаць выніковасць работы дазваляюць мерапрыемствы адпаведнай тэматыкі, наведванне вайсковых часцей, экскурсіі, падарожжы і паездкі па месцах баявой славы, сустрэчы з удзельнікамі баявых дзеянняў, ліквідатарамі надзвычайных сітуацый. Вялікі выхаваўчы эфект маюць таксама гутаркі
з героямі нашага часу: ратавальнікамі, урачамі, ваеннымі. Месца для подзвігу ёсць і ў мірны час.

— Сучасныя геапалітычныя выклікі патрабуюць ад устаноў адукацыі эфектыўнай работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, — гаворыць Вольга Ханчук. — Мая асноўная задача — дапамагчы сфарміраваць у вучняў пачуццё годнасці, нацыянальнай самасвядомасці і ўпэўненасці ў сабе, цікавасць і павагу да айчыннай гісторыі, багатай народнай спадчыны, вернасць баявым і працоўным традыцыям продкаў, гатоўнасць да абароны Радзімы. А прафесійны конкурс — гэта не столькі спаборніцтва з калегамі, колькі выдатная магчымасць падзяліцца з імі цікавым і карысным вопытам дзеля агульнай важнай справы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара