Новыя веды і самаадукацыя: чым яшчэ вызначае педагагічнае майстэрства Святлана Родзевіч?

- 10:11Образование

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Валожына Святлана Родзевіч спалучае на сваіх уроках розныя віды дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Умець падтрымаць дзіця

Роля настаўніка для Святланы Ро­дзевіч заўсёды была вельмі значнай. Гледзячы на тых, хто яе вучыў, дзяўчынка таксама хацела быць важнай для кагосьці: даваць веды, вучыць пісаць і чытаць, разам спазнаваць свет. Першы крок да здзяйснення мары зрабіла, калі паступіла ў Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Якуба Коласа.

— Пасля яго заканчэння прыйшла працаваць у вёску Брылькі, якая знахо­дзіцца недалёка ад Валожына, — расказвае настаўніца. — Адпрацаваўшы 5 гадоў, вярнулася ў сваю родную сярэднюю школу № 1 Валожына, якую калісьці скончыла, і ўжо 28 гадоў тут выкладаю.

Разважаючы пра якасці, якімі павінен валодаць першы настаўнік, каб захапіць дзяцей і выклікаць цікавасць да вучобы, Святлана Эдвардаўна вывела сваю ідэальную формулу.

— Магчыма, гэта гучыць банальна і выраз ужо набіў аскоміну, але без любові да дзяцей знаходзіцца ў прафесіі немагчыма, — з упэўненасцю падкрэслівае педагог. — Акрамя гэтага, першы настаўнік павінен разумець і прымаць кожнага са сваіх выхаванцаў, спакойна ставіцца да кожнага ўчынку і тлумачыць дзецям, правільна яны паводзілі сябе ў той ці іншай сітуацыі альбо не. Умець падтрымаць дзіця — гэта таксама неабходны навык. У вучняў пачатковых класаў не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу, таму задача настаўніка — нацэліць на вынік і дапамагчы дасяг­нуць яго.

Між іншым асновай поспеху ў рабоце настаўніка пачатковых класаў з дзецьмі педагог называе ўзаемадзеянне з бацькамі. Ад таго, наколькі зацікаўленымі яны будуць і ці змогуць пачуць педагога, зразумець яго патрабаванні, залежыць тое, з якімі ведамі, адзнакамі і настроем маленькія вучні будуць вяртацца дадому.

— У маім 3 класе толькі пачалося адзнакавае навучанне, — зазначае настаўніца. — На бацькоўскім схо­дзе, які нядаўна праводзіла, мы з мамамі і татамі распрацоўвалі стратэгію сумеснай дзейнасці — яна накіравана на паляпшэнне адзнак пасля першай чвэрці. Крыўдна, калі сувязі з баць­камі няма, калі настаўнік патрабуе адно, а ў выніку атрымліваецца зусім іншае. Калі так здараецца, імкнуся пагаварыць з бацькамі, растлумачыць ім, чаму ў пэўнай сітуацыі варта зра­біць так ці інакш. Каб знайсці агульную мову, варта прыслухоўвацца адно да аднаго.

Сучасны настаўнік павінен планаваць урок так, каб на ім дзеці атрымлівалі веды з цікавасцю і натхненнем. Толькі так вучань у працэсе навучання будзе імкнуцца прымаць самастойныя рашэнні і разумець важнасць самаадукацыі.

— На кожным уроку стараюся ў тым ліку даваць той матэрыял, які будзем праходзіць на наступных занятках, — тлумачыць свой падыход Святлана Родзевіч. — Такім чынам, у дзяцей загадзя з’яўляецца цікавасць да новай тэмы, ім ужо хочацца даведацца, што маю на ўвазе. Безумоўна, заданні па новым матэрыяле я ім заўсёды прапаную. Калі школьнікі пачынаюць над імі працаваць, разумеюць, што нешта не атрымліваецца. Бачачы іх зацікаўле­насць, нагадваю, што з гэтымі цяжкасцямі разбяромся наступны раз. Але да любога новага правіла, новай тэмы прашу зрабіць дома некаторыя заданні. Гэта дапамагае падтрымаць ціка­васць да матэрыя­лу, які толькі будзе вывучацца.

Элементы развіццёвага навучання — гэта яшчэ адзін спосаб, які дапамагае зрабіць заняткі насычанымі і цікавымі. Святлана Эдвардаўна часта дапаўняе традыцыйнае выкладанне відэаўрокамі, прэзентацыямі.

— Адна справа, калі я вусна тлумачу тэму, прыводжу прыклады, і зусім іншая — візуальнае ўспрыманне, — адзначае настаўніца. — Спалучэнне элементаў традыцыйнага навучання і спосабаў развіццёвага навучання дае добры вынік.

Вопыт маладых

Педагагічная дзейнасць Святланы Родзевіч не абмежавана пачатковай школай. Дзякуючы дыплому філолага, які атрымала падчас завочнага навучання ў БДПУ, настаўніца выкладае беларускую мову і літаратуру ў 8 класе. Выкладанне ў пачатковых класах і старшых мае сваю спецыфіку.

— Для малых дзетак настаўнік заўсёды аўтарытэт, — дзеліцца назіраннямі педагог. — З вучнямі старшых класаў працаваць складаней з-за іх узросту: падлеткаў больш цяжка матываваць, растлумачыць, чаму важна выконваць дамашнія заданні. У навучэнцаў 7—8 класаў на многае свой погляд.

Адваротная карціна склалася з тымі старшакласнікамі, якія прыходзяць да настаўніцы на факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Гэтыя дзеці заўсёды матываваныя і ведаюць, з чым хочуць звязаць сваю прафесійную будучыню.

— Педагагічныя класы вяду з 2015 года, — адзначае Святлана Эдвардаўна. — Некаторыя вучні з першых
выпускаў педакласа цяпер мае калегі. Так, сёння з’яўляюся настаўнікам для маладога спецыяліста Дар’і Радзівілка, якая працуе ў нашай установе адукацыі ўжо два гады.

На пытанне, чым вызначаецца педагагічнае майстэрства і як педагог заўважае, што яшчэ на адзін крок наблізілася да яго, Святлана Эдвардаўна адказ­вае:

— Педагагічнае майстэрства ў першую чаргу залежыць ад таго, як вядзецца ўрок, як арганізавана работа вучняў. Радуе, калі дзеці паказва­юць добрыя вынікі ў вучобе, падчас удзелу ў шматлікіх конкурсах. Вынікі работы настаўніка таксама сведчаць пра ўзровень педагагічнага майстэрства. Я ўпэўнена: колькі жыве педагог, столькі ён самаўдасканальваецца. Мы ніколі не павінны спыняцца ў сваім развіцці. Што хаваць, нават вопытныя педагогі мо­гуць пераймаць нешта ў маладых калег. Бывае, што яны дэманструюць цікавыя спосабы ў навучанні, якія падабаюцца дзецям. Дык чаму б не вучыцца адно ў аднаго?

Наталля САХНО
Фота аўтара