Адным з самых яркіх мерапрыемстваў ХІІ Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў стаў метадычны дэсант педагогаў клуба “Вялікі перапынак”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнікі-майстры правялі для ўдзельнікаў фестывалю майстар-класы “В педагогике все просто, когда делаешь по ГОСТу!”, дзе прадэманстравалі, як можна дасягаць высокіх вынікаў у рабоце пры захаванні стандартаў, ператвараючы іх у зручныя і эфектыўныя інструменты для практычнай работы.
Намеснік дырэктара Мінскай міжнароднай гімназіі Лідзія Аўсюк расказала пра асаблівасці фарміравання функцыянальнай адукаванасці на ўроках літаратурнага чытання. Маладыя педагогі азнаёміліся з паняццем “функцыянальная адукаванасць”, размежавалі паняцці “адукаванасць”, “функцыянальная адукаванасць” і “фарміраванне функцыянальнай адукаванасці”, вылучылі, чым адрозніваюцца заданні на функцыянальную і акадэмічную адукаванасць. Удзельнікі фестывалю прыйшлі да высновы, што акадэмічная адукаванасць з’яўляецца базай для функцыянальнай адукаванасці. Заданні на акадэмічную адукаванасць накіраваны на канкрэтную прадметную галіну, з паняццямі і катэгорыямі якой і вядзецца работа. Заданні па функцыянальнай адукаванасці змяшчаюць кантэкставыя задачы для вырашэння жыццёвых сітуацый.
Практычная частка майстар-класа ўключала работу з тэкстам казкі сучаснага пісьменніка Сяргея Сядова. І калі класічная работа з тэкстам складаецца з яго праслухоўвання, чытання вучнямі, а потым адказаў на пытанні настаўніка, то тут маладыя педагогі спачатку паспрабавалі самі скласці тэкст, азнаёміліся з гатовымі заданнямі да яго, а потым павучыліся “выцягваць” з тэксту заданні, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці. Сярод такіх заданняў — прапанова альтэрнатыўных назваў для тэксту, знаходжанне варыянтаў вырашэння праблемы, аргументацыя розных пазіцый, скарачэнне тэксту, знаходжанне ацэначных меркаванняў і фактаў, знаходжанне верагоднасці падзей, аналіз праўдзівасці інфармацыі, змяненне стылю тэксту, складанне плана дзеяння (алгарытму), прапанова рэкамендацый і парад. Дарэчы, віды заданняў былі сфармуляваны з апорай на кнігу расійскага педагога А.Дзінаева “Будзь функцыянальна адукаваным”.
— Заданні па функцыянальнай адукаванасці даюць магчымасць вучням навучыцца разважаць, з ахвотай працаваць над складаннем тэкстаў. Гэтыя тэксты атрымліваюцца ўнікальнымі, хаця і будуюцца па пэўных правілах, што з’яўляецца цудоўнай падрыхтоўкай да складання ў 5 класе ўласных тэкстаў, у тым ліку сачыненняў, — заўважыла Лідзія Аўсюк.
Асаблівасці фарміравання крэатыўнай асобы прадставіла настаўніца хіміі сярэдняй школы № 210 Мінска Юлія Кашырава. Яна азнаёміла маладых калег з прыёмамі па развіцці крэатыўнага мыслення.
— Лічу, што асноўная валюта сёння — гэта ідэі. Калі мы самі навучымся генерыраваць ідэі, навучым гэтаму сваіх выхаванцаў, то будзем у пэўнай ступені фінансава стабільнымі людзьмі, — лічыць Юлія Аляксандраўна.
Для фарміравання і развіцця крэатыўнага мыслення настаўніца выкарыстоўвае магчымасці вучэбных заняткаў па двух напрамках: стварэнне спрыяльнай атмасферы і прымяненне спецыяльных практыкаванняў і прыёмаў.
Спрыяльная атмасфера ў гэтым кантэксце ўключае ў сябе некалькі складнікаў. Па-першае, бяспечнае асяроддзе для прапановы любых, нават самых неардынарных ідэй. Чым больш прапанавана рашэнняў і чым яны больш арыгінальныя, тым вышэйшая адзнака, самаацэнка і лепшы вынік. Па-другое, выхад з зоны камфорту. Аўтаматызмы забіваюць крэатыўнасць. Нестандартны пачатак урока, дэманстрацыя новага спосабу рашэння, прапанова задачы, якую нельга рашыць, абапіраючыся на вопыт і веды, — ўсё гэта дазваляе паглядзець на любую задачу па-іншаму, а таксама падключае да яе рашэння ўчасткі галаўнога мозгу, якія не былі раней задзейнічаны. У выніку ўтвараюцца новыя сувязі паміж нервовымі клеткамі, што прыводзіць да з’яўлення арыгінальных ідэй. Акрамя таго, такія падыходы з’яўляюцца выдатным стымулам для павышэння ўнутранай матывацыі навучэнцаў, пабуджаюць іх да набыцця недастатковых для рашэння задачы ведаў, знаёмства з новымі відамі дзейнасці. І ў выніку садзейнічаюць пашырэнню меж пазнання і вопыту.
Асноўная задача практыкаванняў і прыёмаў па развіцці крэатыўнасці, якія прапануе педагог, — навучыць школьнікаў прадукцыйна дзейнічаць у сітуацыі няўпэўненасці, арыентавацца ў хутка зменлівых умовах, прымаць правільныя рашэнні. Большасць практыкаванняў выкарыстоўваюцца ў якасці вучэбнага элемента. Некаторыя з іх маюць гульнявы характар і не вырашаюць рэальных жыццёвых праблем.
Пачынаючы новую тэму “Угнаенні”, Ю.Кашырава прапаноўвае слоўную трыяду: харчаванне, вытворца, мінералы, у якой словы неабходна звязаць у адно цэлае. Або педагог прадстаўляе асацыятыўны ланцужок, напрыклад, “дынаміт — малекула ДНК”, і вучням неабходна ўстанавіць паміж гэтымі паняццямі сувязі. Яшчэ адно заданне: вучням прапаноўваецца вада і сіта, і неабходна з дапамогай сіта перанесці ваду з пункта А у пункт Б. Часта навучэнцам даецца заданне з хімічных элементаў скласці словы, а потым педагог задае шэраг дадатковых пытанняў: як называецца элемент, дзе знаходзіцца ў табліцы, які перыяд, якая група і г.д. Гэты прыём так спадабаўся выхаванцам Ю.А.Кашыравай, што яны з дапамогай хімічных элементаў напісалі настаўніцы віншаванне на прафесійнае свята.
— З выкарыстаннем падобных заданняў імкнуся прывіць вучням цікавасць да свайго ўрока, развіваць іх крэатыўнае мысленне. І калі даеш такія заданні, дзіця часта адкрываецца па-новаму. На выкананне такіх заданняў адгукаюцца зусім не выдатнікі. Бывае, што гэтыя дзеці не рэшаць хімічную задачу, аднак яны скрэатывяць тут, — адзначыла настаўніца.
На развіццё крэатыўнага мыслення навучэнцаў на ўроках грамадазнаўства быў накіраваны майстар-клас выкладчыцы гісторыі і грамадазнаўства Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніны Ерахавец і настаўніка гісторыі сярэдняй школы “Эка-Эл” Аляксандра Ерахаўца.
— Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца такім складнікам функцыянальнай адукаванасці, як матэматычная, прыродазнаўчанавуковая, фінансавая, чытацкая. Крэатыўнае мысленне стаіць асобна, і не ўсе разумеюць, што гэта кампетэнцыя, якую неабходна развіваць разам з камунікацыяй, кааперацыяй і крытычным мысленнем. Будучы крэатыўным, вучань паспяхова вучыцца, хутчэй выконвае творчыя заданні высокага ўзроўню, больш камунікабельны, у яго развіты логіка, уяўленне, маўленчы апарат, — лічаць спікеры.
Ёсць мноства інструментаў развіцця крэатыўнасці: сацыятыўныя, творчыя, слоўна-вобразныя і інш. Сярод найбольш эфектыўных — прыём “Друдлы” — спосаб візуалізаваць і запамінаць складаную інфармацыю (маладыя педагогі дамалёўвалі паняцці і тэрміны з раздзела “Духоўныя сферы жыцця грамадства”: мараль, рэлігія, адукацыя), прыём “Гэты дзень у гісторыі” (удзельнікі майстар-класа прыдумвалі тры максімальна цікавыя мерапрыемствы святкавання Дня эканоміі), прыём “Шарсцяны тымбілдынг”, які выкарыстоўваюць для ўзаемадзеяння, наладжвання камунікацыі, знаёмства (моладзь агучвала свае асацыяцыі са словам “настаўнік”: калі б настаўнік быў кнігай, то якая б яна была; калі б настаўнік быў парой года, то якой, і г.д.). Прыём “Метафарычныя карты” асабліва эфектыўны на этапе рэфлексіі.
Выклікаў цікавасць у аўдыторыі і аўтарскі прыём “(Ш)Нобелеўская прэмія”: за пэўны прамежак часу настаўнікам неабходна было прыдумаць нестандартныя спосабы прымянення звычайных прадметаў. Напрыклад, педагогам прапанавалі кітайскія палачкі і сашчэпкі. Яшчэ адзін прадукцыйны прыём, звязаны і з крэатыўнасцю, і з творчасцю, — “Бліскучы прыём” (работа з фольгай). На пачатку майстар-класа яго ўдзельнікам было прапанавана зрабіць з фольгі сімвалічны прадмет, які асацыіруецца са словам “крэатыўнасць”, а напрыканцы яго педагогі камандным складам з асобных сімвалаў прадставілі агульную карціну крэатыўнасці.
— Многія лічаць, што крэатыўнасць — гэта талент, — заўважыла Ніна Ерахавец. — Не, гэта ўменне, якое можна развіваць. І чым больш ты гэтым займаешся, тым больш становішся крэатыўным і заражаеш іншых.
Алег Томусаў, настаўнік фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Мінска:
— На фестывалі я ўжо трэці раз. Калі мне прапанавалі сёлета паехаць у “Лідар”, я з радасцю пагадзіўся, бо кожны раз гэта штосьці новае, яркае і цікавае. Мерапрыемства садзейнічае не толькі прафесійнаму росту, а і новым знаёмствам, абмену інтарэсамі, распрацоўкамі, знаходкамі. Майстар-клас па матэматыцы вельмі ўразіў. Хоць я і настаўнік фізікі, але інфармацыя, прадстаўленая на ім, мне сапраўды спатрэбіцца, бо ў сучасных дзяцей ёсць праблемы з вылічэннямі. Нам далі трэнажоры (свайго роду банк заданняў), з дапамогай якіх гэтыя праблемы можна вырашыць.
Канструяванне заданняў з магчымасцю экспрэс-кантролю якасці іх выканання прадставіла дырэктар сярэдняй школы № 46 Мінска настаўнік-метадыст Людміла Зязетка.
— Мэта майго майстар-класа — паказаць маладым педагогам рэсурсы, у якіх закумуляваны вопыт дарослых настаўнікаў і не заўсёды трэба вынаходзіць штосьці сваё, не паглядзеўшы на тое, што ўжо ёсць. Яны павінны ведаць, куды паглядзець, узяць самае каштоўнае, перапрацаваць пад сябе і зрабіць больш якасны і новы прадукт. Мне хочацца, каб моладзь у школах заставалася, працавала. Дзеці любяць маладых настаўнікаў, а калі яны яшчэ і адукаваныя — гэта асалода для адміністрацыі і для бацькоў, — адзначыла Людміла Яўгенаўна.
Педагог прадставіла зборнік практыкаванняў для 7 класа па тэме “Лінейныя ўраўненні”. Гэтая тэма вывучаецца на працягу 7 урокаў. Аўтарам зроблена поўная раскладка ад моманту тлумачэння найпрасцейшых прыкладаў да больш сур’ёзных з узорным афармленнем, з дамашнім заданнем, з пытаннямі, а таксама з паўтарэннем матэрыялу, які вывучаўся ў 6 класе. І што самае патрэбнае настаўніку: усе ўраўненні пададзены з рашэннем і адказамі — не трэба дарма траціць час.
Былі таксама прадстаўлены кніжка-шпаргалка для сямікласнікаў “Прыкметы роўнасці трохвугольніка”, раздатачны дыдактычны матэрыял па тэме “Квадратычная функцыя. Пабудова графікаў функцый”, метадычная распрацоўка для 8 класа па тэме “Рашэнне квадратнага ўраўнення”. У апошняй змешчана тэорыя, узоры афармлення рашэння ўраўненняў, дамашнія заданні без звароту да падручніка. А наяўнасць адказаў дазволіць настаўніку праводзіць імгненную праверку. Ды і дзеці змогуць самастойна ацаніць сябе, знайсці памылкі і яшчэ раз звярнуцца да ўзораў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара