З арміі ў школу: як палкоўнік запасу Аляксандр Аксюціч з Кобрына вучыць сваіх выхаванцаў служыць Радзіме

- 10:03Уроки мужества

Палкоўнік запасу Аляксандр Аксюціч працуе ў сярэдняй школе № 8 Кобрына ўсяго другі год, але дасягнуў ужо важкіх вынікаў на педагагічнай ніве. Сярод іх — перамога ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу кіраўнікоў па ваенна­-патрыятычным выхаванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аляксандр Мікалаевіч родам з Камянеччыны. Пайсці па вайсковай сцяжыне яго натхнілі старэйшы брат і былы настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Леанід Кашаленка, які з’яўляўся для ўсіх юнакоў тагачаснай сярэдняй школы № 12 Брэста прыкладам сапраўднага афіцэра.

Адвучыўшыся, як і брат, у Васількоўскім ваенным авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы ва Украіне, малады лейтэнант служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе і двойчы накіроўваўся ў Афганістан. Скончыўшы Ваенна-паветраную акадэмію імя М.Я.Жукоўскага ў Маскве, Аляксандр Мікалаевіч нарэшце вярнуўся ў Беларусь. Служыў у Кобрыне і Пружанах, дзе прайшоў шлях ад інжынера эскадрыллі, намесніка начальніка тэхнічна-эксплуатацыйнай часці да намесніка камандзіра авіяцыйнай базы па ўзбраенні. Вайсковую кар’еру скончыў на паса­дзе начальніка аддзела Міністэрства абароны Беларусі. На працягу 9 гадоў узначальваў Кобрынска-Маларыцкую міжраённую арганізацыйную структуру ДТСААФ, а летась прыйшоў працаваць у сярэднюю школу № 8 Кобрына. Аляксандр Аксюціч адзначаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, мае іншыя ўзнагароды.

Былы вайсковец перакваліфікаваўся ў педагогі без асаблівых цяжкасцей: за час работы ў ДТСААФ ён шмат працаваў са школьнікамі, таму хутка знайшоў з імі агульную мову.

— Галоўнае — адносіцца да справы з душой, адказна і не філоніць, тады дзеці бу­дуць актыўна ўдзельнічаць у вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч, які лічыць, што ў ваенна-патрыятычным выхаванні дробязей не бывае.

Сваю асноўную задачу педагог бачыць у тым, каб навучыць школьнікаў любіць Радзіму, паважаць гісторыка-культурную спадчыну, ведаць ідэалогію беларускай дзяржавы і быць гатовымі выканаць грамадзянскі абавязак па яе абароне. На гэта накіраваны шматлікія мерапрыемствы ваенна-ідэалагічнай, гістарычнай і спартыўнай тэматыкі.

Фарміруючы ў дзяцей усвядомленыя адносіны да абароны Айчыны, Аляксандр Аксюціч асаблівую ўвагу ўдзяляе дзяржаўным сімвалам, урачыстаму святкаванню розных каляндарных дат, узаемадзеянню з вайсковымі часцямі і УВА ваеннага профілю. Так, вучні наведваюць пагранічную заставу ў аграгарадку Дзівін, сустракаюцца з прадстаўнікамі Ваеннай акадэміі Беларусі і ваенных факультэтаў БДУІР і ГрДУ імя Янкі Купалы, супрацоўнікамі аддзела Дэпартамента аховы Кобрынскага раёна і ваенных камісарыятаў, воінамі-інтэрнацыяналістамі і вядомымі землякамі. Нала­джана цеснае супрацоўніцтва з Беларускім саюзам афіцэраў, у якім Аляксандр Мікалаевіч узначальвае раённую арганізацыю, і Беларускім саюзам ветэранаў вайны ў Афганістане, дзе з’яўляецца намеснікам старшыні аб’яднання.

— Вялікім выхаваўчым патэнцыялам валодаюць экскурсіі ў розныя музеі, дзе школьнікаў знаёмяць з трагічным мінулым краіны, — расказвае педагог. — Нікога не пакідае раўнадушным наведванне мясцовых вёсак, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны фашысты масава знішчалі мірных жыхароў. Шырокія магчымасці для вывучэння ваеннай гісторыі адкрывае пошукава-даследчая дзейнасць. Так, члены гісторыка-пошукавага клуба “Крынічка” выявілі факты расстрэлу ў верасні 1942 года 13 жанчын, дзяцей і чырвонаармейцаў каля вёскі Альхоўка, устанавіўшы імёны паловы з іх. За выкананую работу юныя пошукаўцы атрымалі падзяку ад кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Акрамя таго, школьнікі ўдзельнічаюць у акцыі “Варта Памяці”, наводзяць парадак у месцах воінскіх пахаванняў, добраўпарадкоўваюць магілы партызан.

Добрыя вынікі выхаванцы Аляксандра Аксюціча паказваюць у ваенізаваных гульнях і конкурсах. Так, у абласным турніры па практычнай стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі “Камбат” кобрынскія вучні занялі 1-е месца ў асабістым і 4-е месца ў камандным заліку, у адкрытых спаборніцтвах на прызы Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — 1-е і 2-е месцы адпаведна. З такім жа вынікам школьнікі выступілі на XXII раённай спартакія­дзе сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі па зімовым мнагаборстве, а ў раённым агля­дзе-конкурсе сцяганосных груп “Будзь гатовы!” занялі 1-е месца.

Асаблівая гордасць — перамога каманды дзесяцікласнікаў “Віцязі” ў раённым этапе рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” і 3-е месца каманды чацвёртакласнікаў “Крылы” ў раённым этапе рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”.

На рахунку педагога дзясяткі цікавых выхаваўчых і прафарыентацыйных мерапрыемстваў, зладжаных разам з грамадскімі арганізацыямі і зацікаўленымі ведамствамі. Калі Аляксандру Мікалаевічу прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, ён, не вагаючыся, па-ваеннаму сказаў “Так!” і ўзяўся за справу. У падрыхтоўцы да спаборніцтва яму дапамагалі калегі Вольга Чэрнік і Святлана Бандарук, а таксама вучні. Камандная работа прывяла да перамогі ў абласным конкурсе.

Вучэбная нагрузка ў педагога вялікая. Акрамя ўрокаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы, ён вядзе заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Меткі стралок”, “Юны ратавальнік-пажарны” і “Юны інспектар дарожнага руху”, а таксама факультатыў “Гатовы Ра­дзіме служыць!”. Тым не менш Аляксандр Аксюціч знаходзіць час і для хобі на дачным участку — кветкаводства і бансай. Апошняе захапленне патрабуе асаблівай стараннасці і карпатлівай працы. Але гэта педагога не палохае.

— Вайскоўцы — людзі ўніверсальныя! Змайструюць сваімі рукамі што заўгодна! — усміхаецца Аляксандр Мікалаевіч.

Змена роду дзейнасці яму даспадобы. У школе ён плануе і далей працаваць якасна, захоплена і вынікова, каб на пытанне “Ці гатовы Радзіме служыць?” яго выхаванцы ўпэўнена адказвалі “Гатовы!” і з задавальненнем выбіралі ваенныя прафесіі для працягу адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК