Як ствараць цікавыя дызайн-праекты для юных мадэльераў і дызайнераў з дапамогай мудборда — ведае настаўніца абслуговай працы Надзея Амелька з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Мудборд (дошка настрою) — гэта калаж ці група элементаў, якія дапамагаюць вызначыць тэму, кірунак, настрой і стыль будучай калекцыі на этапе стварэння эскізаў мадэлей, — расказвае педагог. — Ён складаецца з выразак з глянцавых часопісаў мод (“Ателье”, Vogue), раздруковак з ідэямі (фотахостынг Pinterest), замалёвак (фор-эскізаў, асобных элементаў і форм адзення), гатовых выкраек (часопіс Burda), фурнітуры (гузікаў, стужак, маланак), прынтаў і арнаментаў, аксесуараў і стылявых дадаткаў, фотаздымкаў крыніц натхнення (архітэктуры, прыроды, кінематографа) і інш. Фантазія дызайнераў і рукадзельніц не ведае меж!
Галоўнае — сабраць усе ідэі і думкі, каб наглядна зафіксаваць іх і структураваць для генерацыі новых ідэй, што дазваляе развіваць творчае мысленне ў вучняў.
Інакш кажучы, мудборд — гэта разнавіднасць творчага брыфінгу, але замест пісьмовых апісанняў візуальных элементаў яны размяшчаюцца на аркушы. Гэта дапамагае лепш вызначыць стыль і ідэю будучай калекцыі адзення.
— Мудборды ствараюць не толькі дызайнеры адзення, але і вэб-дызайнеры, дызайнеры інтэр’ера, маркетынгавыя спецыялісты, мастакі і фатографы, — працягвае Надзея Амелька. — Даволі часта калажы могуць перадаць больш сэнсу, чым доўгія тлумачэнні, а правільна складзены мудборд дазваляе творчым работнікам з розных галін лепш зразумець адно аднаго.
Штогод на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста праводзіцца конкурс юных мадэльераў “Моднае скрыжаванне”, у якім актыўна і з задавальненнем удзельнічаюць вучні 20-й школы. Так, у намінацыі “Эскізны праект” яны ствараюць серыю эскізаў калекцыі адзення па выбранай тэматыцы, а затым абараняюць свае дызайн-праекты перад журы.
— Самае складанае на першым этапе стварэння калекцыі — знайсці крыніцу натхнення, ад якой будзе залежаць яе канцэпцыя, — заўважае Надзея Амелька. — Гэтую задачу якраз аблягчае дошка настрою, якая дазваляе візуальна паказаць ідэі і канцэпцыі на этапе праектавання, удасканаліць ці адмовіцца ад іх. Мудборд — своеасаблівы нататнік з фотаздымкамі з вялікім натхняльным патэнцыялам, дзякуючы якому можна звязаць ідэю калекцыі з канцэпцыяй брэнда ці стылявым кірункам (рамантычным, спартыўным, класічным ці фантазійным), сфарміраваць пэўныя вобразы, выбраць колеравую палітру, вызначыцца з формамі і фактурай, выбраць асноўныя матэрыялы і аздабленне.
Шукаць і перапрацоўваць цікавыя ідэі педагогу і яе выхаванцам дапамагаюць трэнд-букі (друкаваныя выданні, прысвечаныя апісанню асноўных тэндэнцый і трэндаў у развіцці моды): the key (сілуэты і формы адзення), color forecast (асноўныя колеры сезона), pattern book (прынты і ўзоры), wellbeing bible (тэндэнцыі ладу жыцця).
— Ствараючы калекцыю, варта ўлічваць сучасныя стылявыя кірункі і модныя тэндэнцыі, што дазволіць зрабіць праектуемую мадэль актуальнай, запатрабаванай і ўнікальнай. У такім выпадку мастацкі вобраз калекцыі лепш адлюструе пэўную тэматыку і паўней раскрые задуму, — падагульняе Надзея Амелька.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ