Як спецыяліст Веткаўскага ЦКРНіР дапамагае дзецям пераадольваць цяжкасці ў навучанні

- 16:02Образование

У сваёй рабоце настаўніца Веткаўскага ЦКРНіР Ганна Маляванава кіруецца прынцыпам нераўнадушша, праяўляючы клопат пра кожнае дзіця і веру ў яго. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог працуе з дзецьмі з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і псіхічным развіцці. Адна з найважнейшых задач у рабоце з асаблівымі дзецьмі — уключэнне іх у сацыяльнае ўзаемадзеянне. Таму пошук метадаў, сродкаў і прыёмаў работы накіраваны на паляпшэнне зрокавага кантакту, павышэнне ўзроўню пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці ў дзяцей, а таксама на развіццё ініцыятыўнасці і эмацыянальнасці ў міжасабовых зносінах.

Кабінет спецыяліста светлы і ўтульны. Каляндар прыроды, растамер. На вочы трапляецца стол для развіцця дробнай маторыкі, тут жа размешчаны святлодыёдны стол для малявання на пяску. Усё гэтае абсталяванне і шмат іншых дапаможнікаў створаны выключна па ініцыятыве настаўніцы.

— Стараемся аптымальна выкарыстоўваць кожны сантыметр адукацыйнай прасторы, — падкрэслівае Ганна Анатольеўна. — У класе таксама ёсць куток адасаблення, які проста неабходны для дзіцяці з аўтызмам.

У створаным безбар’ерным асяроддзі, нягледзячы на складаны дыягназ, кожны мае роўныя магчымасці ў атрыманні якаснай адукацыі і развіцці сваіх пазнавальных здольнасцей.

— На сёння ў маім класе 5 дзяцей, — працягвае суразмоўніца. — Любыя іх дасягненні, нават мінімальныя, важныя для мяне. Навучанне ў цэнтры ў асноўным накіравана на фарміраванне жыццёва неабходных уменняў. Такіх, як прыём ежы, гігіенічныя працэдуры і іншыя навыкі самаабслугоўвання з максімальна магчымым самастойным выкананнем дзеянняў. На жаль, у маіх падапечных па некалькі цяжкіх дыягназаў, такая няпростая сітуацыя патрабуе знахо­дзіць асаблівы падыход да іх навучання.

У сваёй рабоце настаўніца перш за ўсё кіруецца прынцыпам нераўнадушша, праяўляючы клопат і веру. А сваёй галоўнай задачай яна лічыць дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам у сацыялізацыі, каб кожнае асаблівае дзіця магло мець добрыя зносіны ў сям’і і грамадстве. Несумненна, за кожнай маленькай перамогай стаіць карпатлівая сумесная праца спецыяліста, выхаванца і баць­коў.

— Для дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі, а таксама для дзяцей з цяжкімі, множнымі парушэннямі вельмі важнае значэнне маюць візуалізацыя рэжымных момантаў і выкарыстанне сродкаў альтэрнатыўнай камунікацыі, — адзначае педагог. — Напрыклад, у нашым кабінеце для дзіцяці з РАС рэжымныя моманты адлюстраваны на картках, і дзіця ўжо выдатна ведае расклад дня, арыентуецца па гадзінніку і звярае з ім свой распарадак. Канцэпцыя прадугледжвае структураванне часу, прасторы і відаў дзейнасці. Так, навучэнец ведае, якія заняткі бу­дуць праводзіцца і ў якой паслядоўнасці. Расклад прадстаўлены ў фармаце “зверху ўніз”.

На асобнай парце заўважаю індывідуальны альбом з карткамі па альтэрнатыўнай камунікацыі. Ганна Анатольеўна расказвае, што дзякуючы гэтым карткам шасцікласнік Андрэй, які ніколі не размаўляў, пачынае ўжываць пэўныя словы.

— Ёсць пэўныя поспехі! — дзеліцца спецыяліст. — Калі ён хоча яблык, то працягвае мне картку з адпаведнай выявай і імкнецца вымавіць гэтае слова. Прытым што дзецям з аўтызмам вельмі складана дакладна перадаць правільныя гукі.

Візуалізацыя — адзін з найважнейшых кампанентаў структураванага асяроддзя навучання. У ЦКРНіР актыўна прымяняюцца самаробныя гульні і дапаможнікі ў адпаведнасці з магчымасцямі і інтарэсамі кожнага навучэнца. Так, створаны індывідуальны дапаможнік “Букварёнок”, у які ўваходзяць фотаздымкі, малюнкі, развіццёвыя заданні, звязаныя з жыццёвым вопытам дзіцяці, яго сям’ёй. Тэматычныя фотаздымкі ствараюць станоўчую матывацыю, якая дазваляе вучню з задавальненнем займацца.

Ганна Маляванава раней была настаўніцай пачатковых класаў, затым працавала з дзецьмі з парушэннямі маўлення ў школе — у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, у класе інтэграванага навучання і выхавання. У ЦКРНіР яна прыйшла па поклічы сэрца. Педагог адзначае, што тут яе дапамога патрэбна значна больш:

— Катэгорыя дзяцей у цэнтры абсалютна розная. Напрыклад, дзяўчынка Іра вучыцца па праграме спецыяльнай школы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Гэта самае здольнае дзіця ў класе на сёння. У гэтым годзе яна выпускаецца, дзяўчынка асвоіла чытанне па складах, агульнаўжывальныя словы можа прачы­таць цалкам. Для замацавання навыкаў чытання ў дамашніх умовах яе баць­кі размяшчаюць на прадметах, якія яе акружаюць, таблічкі з адпаведнымі назвамі. Вядома, працэс дасягнення поспеху вельмі доўгі, разам з дзецьмі мы ўвесь час паўтараем і нястомна выконваем адны і тыя ж дзеянні. Аднак калі бачым вынік сваёй дзейнасці, несумненна, гэта прыносіць задавальненне. Мая работа не падобная ні на якую іншую.

З асаблівымі дзецьмі ўзаемадзейнічаць цяжка і адначасова цікава. Трэба прыкласці ўсе сілы — прафесійныя і душэўныя, каб знайсці падыход, напрыклад, да дзіцяці, якое не чуе, або да вучня з парушэннямі інтэлекту, альбо да таго, хто не глядзіць на цябе, не рэагуе на зварот да яго, не разумее інструкцый.

Пры зносінах і навучанні ўвесь час выкарыстоўваю жэсты, эмацыянальны выраз твару і шмат іншых прыёмаў. І калі дзеці мяне разумеюць, а я разумею іх — гэта выдатны вынік. Я і іншыя спецыялісты ЦКРНіР стараемся максімальна адапта­ваць навучэнцаў, сацыялізаваць, прывучыць быць самастойнымі, вядома, наколькі гэта магчыма.

Таксама суразмоўніца з радасцю адзначыла, што хлопчыкі і дзяўчынкі паспяхова ўдзельнічаюць у розных раённых і абласных інклюзіўных мерапрыемствах і конкурсах, займаюць прызавыя месцы.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара