Гістарычнае краязнаўства і музейная педагогіка: педагогі Крупскага раёна расказалі, чым захапіць школьнікаў

- 12:11Пресс-тур «Настаўніцкай»

Выхаванне любові і павагі да роднага краю праз вывучэнне мінулага, далучэнне дзяцей да навуковай і даследчай дзейнасці — на гэтым робяць акцэнт педагогі Крупскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школьныя артэфакты

У Халопеніцкай сярэдняй школе імя Максіма Багдановіча вучням прывіваюць цікавасць да гістарычнага краязнаўства на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Думаючы над тым, як арганізаваць работу са школьнікамі, каб выклікаць у іх цікавасць да вучэбнага матэрыялу, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Кулагіна прыйшла да высновы, што больш дзейснага метаду, чым краязнаўства, не знайсці.

“За 25 гадоў упэўнілася, што гэта найбольш спрыяльны сродак, — расказала Н.Кулагіна. — Я доўга, плануючы ўрокі, думала над тым, як стварыць умовы для эфектыўнага ўзаема­дзеяння з дзецьмі, каб атрымаць высокія вынікі, і як максімальна выкарыс­таць магчымасці вучэбнага прадмета і пазакласнай работы для раскрыцця здольнасцей вучняў. І зразумела, што ўхіл трэба рабіць на краязнаўства”.

Гісторыя роднага краю знаёміць не толькі з асноўнымі падзеямі і фактамі, але і з тымі людзьмі, якія жылі ў Халопенічах, у Крупскім раёне і пакінулі нашчадкам багатую спадчыну.

“Вывучэнне гісторыі дазваляе лепш асэнса­ваць падзеі, якія адбываліся ў краіне, зразумець іх сапраўдны сэнс, — дадае Наталля Мікалаеўна. — Наша школа носіць імя Максіма Багдановіча, і мы вельмі ганарымся тым, што яго баць­ка — наш зямляк. Любоў Максіма да роднага слова, родных каранёў з’яўляецца прыкладам і натхняе дзяцей і нас на работу”.

Юныя даследчыкі беражліва захоўваюць спадчыну славутага земляка, вучонага, этнографа, мова­знаўца, мемуарыста і бацькі вядомага паэта Адама Ягоравіча Багдановіча. Як вынік — у школе з’явіўся творчы праект “Пад зоркай Багдановіча”.

“У краязнаўчай дзейнасці вялікае значэнне надаецца школьнаму музею, бо менавіта ён — захавальнік памяці, а гістарычная памяць вельмі важная і неабходная ва ўсе часы”, — запэўнівае педагог.

За чатыры гады, на працягу якіх працуе ва ўстанове адукацыі, Н.Кулагіна стварыла з навучэнцамі шэраг навуковых работ. Адна з іх — “Артэфакты малога Палесся”.

“Тую тэрыторыю Круп­шчыны і Барысаўшчыны, з якой мяжуе наш раён, у некаторых літаратурных творах называюць малым Палессем, — расказвае педагог. — Гэтая назва нам вельмі падабаецца, таму і выкарысталі яе ў сваёй даследчай рабоце — яна прысвечана гісторыі Крупшчыны”.

У аснове работы аб помніках матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна — цікавы і гістарычна значны матэрыял. Разам з вучнямі Наталля Кулагіна вызначыла, што ў іх мясцовасці знахо­дзіліся артэфакты агульнанацыянальнага значэння: плашчаніца 1596 года, крыж Льва Сапегі, цудадзейная ікона Божай Маці. Аб значнасці гэтых помнікаў свед­чыць той факт, што плашчаніца знахо­дзілася ў браніраваным пакоі-сейфе Магілёўскага краязнаўчага музея разам з крыжам Еўфрасінні Полацкай і знікла падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з ім. Сабраны матэрыял у Халопеніцкай школе даследаваўся ўпершыню.

У Халопеніцкай сярэдняй школе захавальнікам сапраўдных каштоўнасцей стаў этнаграфічны куток, дзе створаны ўмовы не толькі для адукацыйнага, але і для выхаваўчага працэсу.

Тут дзеці таксама спазнаюць невядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Што тычыцца музейнага фонду, то ён дагэтуль папаўняецца цікавымі, раней невядомымі матэрыяламі. Так, два гады назад у ім з’явілася калекцыя традыцыйных народных лялек, над якой працавалі навучэнкі Аліна Васілеўская і Максім Лепяшынскі. А многія экспанаты этнаграфічнай экспазіцыі Н.М.Кулагіна выкарыстоўвае на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

“Пры вывучэнні раз­дзела “Лексіка” ў 5 класе мэтазгодна правесці заняткі з наведваннем музея, — сцвярджае настаўніца. — Перад тым як разгле­дзець тэму “Устарэлыя словы”, прапаноўваю вучням заданне: вызна­чыць лексічнае значэнне слоў “калаўрот”, “трапло”, “прасніца”, “кудзеля”, “збан” і г.д. Такая работа садзейнічае паспяховаму засваенню тэарэтычных звестак, фарміраванню арфаграфічных, пунктуацыйных, стылістычных навыкаў і ўменняў, развіццю ў вучняў звязнага маўлення, творчых здольнасцей. Правядзенне такіх заняткаў дазваляе ў поўным аб’ёме выкарыс­таць этнаграфічны і фальклорны матэрыял, узбагаціць мову вучняў, развіць іх інтэлект, памяць і інш.”.

Работа, якую право­дзіць педагог, прыносіць свае вынікі: штогод навучэнцы Наталлі Мікалаеўны становяцца пераможцамі творчых конкурсаў і конкурсаў даследчых работ не толькі раённага, абласнога ўзроўняў, але і рэспубліканскага. Работа па вяртанні творчай спадчыны Адама Ягоравіча Багдановіча адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук.

Гісторыі Хацюхова

Асаблівая гордасць Хацюхоўскай сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка — адразу два музеі: кабінет­-музей “Гісторыі нашай вёскі” і музей, прысвечаны земляку­-касманаўту Уладзіміру Кавалёнку.

Кабінет-музей “Гісторыі нашай вёскі” пачынаецца са стэнда “Гісторыя Баць­каўшчыны”, і зразумела чаму. Менавіта тут адлюстравана гісторыя паходжання вёскі, з якой цікава азнаёміцца кожнаму наведвальніку. Дарэчы, версій, чаму Хацюхова атрымала такую назву, некалькі. Пра гэта ў тым ліку можна пачытаць у кнізе Германа Брэгера “Хацюхова”.

“Гэтай кнігай мы вельмі ганарымся, бо не кожная вёска можа пахваліцца тым, што вывучэнню яе назвы прысвечана цэлае выданне, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Ула­дзіміраўна Ходас. — У кнізе адлюстравана гісторыя Хацюхова пачынаючы з ХV стагоддзя”.

Наступны раздзел музея таксама незвычайны. У ім сабрана калекцыя вышытых ручнікоў — іх знаходзілі не толькі ў Крупскім раёне, але і па-за яго межамі. Побач — прадметы побыту, сярод якіх гліняны посуд, калаўрот, вырабы з саломы і інш.

“Экспанаты музея расказваюць пра талент, культуру беларусаў і маюць для нас вельмі вялікае значэнне”, — падагульняе педагог.

Калі музей — космас

Музей імя У.В.Кавалёнка пачынаецца з сузор’я Рыб — менавіта пад ім нарадзіўся знакаміты касманаўт.

Усе экспанаты падзелены на два раз­дзелы, у кожным з якіх сабрана цікавая інфармацыя пра жыццё Уладзіміра Кавалёнка, яго палёты ў космас. Знакавае месца займаюць і экспазіцыі, прысвечаныя першаму касманаўту Юрыю Гагарыну.

“Касманаўтам Уладзімір Кавалёнак марыў стаць з самага дзяцінства, — расказвае кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Макрыцкая. — Таму, калі даведаўся, што ў Балашове адкрылася першае вышэйшае ваеннае лётнае вучылішча, ён адвёз туды дакументы і паступіў”.

Адзін з самых каштоўных экспанатаў — партрэт першага касманаўта Юрыя Гагарына. Ён трапіў у Хацюхоўскую сярэднюю школу дзякуючы Уладзіміру Кавалёнку — яму гэты партрэт у якасці талісмана падарыў сам Юрый Аляксеевіч. Партрэт, дарэчы, тры разы быў у космасе разам з Уладзімірам Васільевічам як абярэг.

“Другі раздзел музея расказвае пра наша сяброўства з ліцэем № 93 Уфы, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — У 2013 годзе мы наладзілі супрацоўніцтва, і штогод нашы вучні ездзяць да іх у госці”.

Папярэднічала такому ўзаемадзеянню стварэнне ў школе віртуальнага музея імя У.В.Кавалёнка. Калі Уладзімір Васільевіч даведаўся, што ўстанова адукацыі працуе над адпаведным праектам, ён расказаў педагогам і школьнікам, што адна з гімназій (пазней стала ліцэем) Уфы носіць яго імя. І ўжо больш чым 10 гадоў навучэнцы Крупскага раёна ездзяць у Башкартастан, дзе разам з ліцэістамі прымаюць удзел у Летняй аэракасмічнай школе.

“Да гэтых сустрэч дзеці вельмі доўга рыхтуюцца, а пасля, калі вяртаюцца, дзеляцца эмоцыямі, — адзначае педагог. — Вельмі прыемна слухаць, як навучэнцы расказваюць пра тое, што вучаць сваіх аднагодак з Уфы размаўляць па-беларуску. Але яшчэ больш каштоўна тое, што нас аб’ядноўвае імя нашага земляка — Уладзіміра Кавалёнка, якім ганарымся і мы, і нашы суседзі”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА