Як арганізавана практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў АПК у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Новы падыход з упорам на практычную падрыхтоўку спецыялістаў аграпрамысловага сектара ва ўніверсітэце ўкараняюць другі год запар. Студэнты 1—2 курсаў на адзін-два тыдні адпраўляюцца праходзіць першую вучэбную практыку на вытворчасць, наведваюць практычныя заняткі ў філіялах профільных прадпрыемстваў, актыўна ўдзельнічаюць у студатрадаўскім руху, а таксама аказваюць дапамогу гаспадаркам і прадпрыемствам.
Практыка — асноўны складнік
Па спецыяльнасцях аграрнай накіраванасці да 40% лабараторна-практычных заняткаў і вучэбных практык праводзіцца ва ўмовах вытворчасці.
— Калі раней вучэбную практыку першакурснікі праходзілі на базе ўніверсітэта, то з мінулага навучальнага года студэнты першых курсаў, у тым ліку і платнікі па жаданні, часткова праходзяць вучэбную практыку на базе вытворчасцей. Для гэтага былі ўнесены змяненні ў вучэбна-праграмную дакументацыю, змест вучэбных праграм, распрацавана неабходнае метадычнае суправаджэнне. Таксама мы заключылі дагаворы з прадпрыемствамі, узгадніўшы гэта з абласнымі камітэтамі па сельскай гаспадарцы і харчаванні, — расказвае прарэктар ГДАУ па вучэбнай рабоце Сяргей Юргель. — Да таго ж дагавор утрымлівае пункт, звязаны з далейшым размеркаваннем студэнтаў-бюджэтнікаў у тую гаспадарку і на тое прадпрыемства, дзе яны практыкуюцца. Гэта, як мы мяркуем, паспрыяе замацаванню моладзі пры працаўладкаванні, бо працэс адаптацыі будзе мінімальны, малады спецыяліст ужо знаёмы з калектывам і асаблівасцямі працы.
Вытворчую практыку юныя аграрыі праходзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці. У прыярытэце тыя наймальнікі, якія прапануюць студэнтам праходжанне практыкі на аплатных пасадах па іх профілі і якія прадастаўляюць жыллё.
— У мінулым годзе каля 50% студэнтаў вочнай формы навучання праходзілі вытворчую практыку з афармленнем на штатныя аплатныя пасады па профілі атрыманай спецыяльнасці, — удакладняе Сяргей Іванавіч. — Студэнты-мэтавікі практыкуюцца, як правіла, у той арганізацыі, з якой у іх заключаны дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы. У цэлым у 2023/2024 годзе вучэбная, вытворчая і пераддыпломная практыкі праходзілі на базе больш як 250 прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу краіны. Адзначу, што пераддыпломная практыка праходзіць на тых прадпрыемствах, куды былі размеркаваны выпускнікі.
Вучэбныя класы
Другі значны напрамак удасканалення практыка-арыентаванага навучання — гэта стварэнне вучэбных класаў на прадпрыемствах. Напрыклад, для інжынераў-тэхнолагаў сёлета ўніверсітэт адкрыў такі клас сумесна з Гродзенскім мясакамбінатам на іх вытворчай базе. Падобная дзейнасць — гэта маштабаванне паспяховага вопыту, бо там ужо працуе вучэбны клас для будучых ветэрынараў, дзе тыя вывучаюць дысцыпліны, звязаныя з акушэрствам.
— Змест вучэбных праграм застаўся тым жа, але былі зменены графікі вучэбнага працэсу. Трэцякурснікі адзін дзень на тыдзень, па серадах, займаюцца на базе мясакамбіната. Спачатку яны вывучаюць тэарэтычныя пытанні, а пасля з замацаванымі за імі настаўнікамі-практыкамі пераходзяць у цэхі прадпрыемства, дзе тэарэтычныя веды падмацоўваюцца практычнымі навыкамі, — знаёміць з нюансамі вучэбнага працэсу Сяргей Юргель.
Студатрады
Трэці важны складнік практыка-арыентаванага навучання — гэта студатрадаўскі рух. Сёлета была арганізавана работа 16 студатрадаў, праз якія прайшлі 183 чалавекі. Юнакі і дзяўчаты з 1 па 4 курс працавалі на сельгаспрадпрыемствах пераважна па сваім профілі: у палях, садах, на мехдварах, перапрацоўчых прадпрыемствах, сушыльных устаноўках, фермах, птушкафабрыках. Два студэнцкія атрады дагэтуль працуюць на Гродзенскім мясакамбінаце і ваўкавыскім “Беллакце”. Для студэнтаў гэта добрая прыбаўка да стыпендыі, за сваю працу яны ў месяц атрымліваюць звыш 1000 рублёў. Дарэчы, запыт на студэнцкія рабочыя рукі расце. Нядаўна ўніверсітэт атрымаў заяўку ад гродзенскага “Малочнага свету”.
Па словах прарэктара ГДАУ па вучэбнай рабоце, універсітэт усяляк падтрымлівае і пашырае дзейнасць студэнцкіх атрадаў. У планах — падключыць да гэтай работы будучых інжынераў-тэхнолагаў, якія маглі б набірацца вопыту і падзарабляць на хлебазаводах, буйных мукамольных прадпрыемствах:
— Працуючы ў студатрадах, будучыя спецыялісты атрымліваюць большую частку практычнай падрыхтоўкі, а таксама нярэдка прыглядаюць сабе першае працоўнае месца. Для тых, хто працуе на працягу навучальнага года, распрацоўваюцца індывідуальныя вучэбныя планы, і пасля работы студэнты здаюць вывучаемыя тэмы. Для іх складаецца асобны графік. Усе перадумовы для самастойнай работы ў юнакоў і дзяўчат ёсць. У нас функцыянуе адукацыйны партал, дзе размешчаны неабходныя электронныя вучэбныя метадычныя комплексы, тэарэтычны матэрыял і практычныя заданні.
Сёлета лепшым сэрвісным атрадам Гродзеншчыны названы студатрад “Авангард” імя камсамольца-падпольшчыка Івана Сеўрука. А лепшым сельскагаспадарчым студатрадам быў прызнаны атрад “Парэчанка” імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Аўчыннікава. Дарэчы, летась гэты атрад стаў лепшым не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне.
Дапамога прадпрыемствам
Яшчэ адзін істотны элемент практычнай падрыхтоўкі моладзі — аказанне дапамогі вытворчасці. Штогод студэнты ўніверсітэта аказваюць практычнае садзеянне аграгаспадаркам па выкананні шэрага тэхналагічных аперацый пры апрацоўцы сельскагаспадарчых культур. У прыватнасці, яны займаюцца зборам камянёў, відавой праполкай збожжавых культур, зборам ураджаю пладовых, ягадных і агароднінных культур, уборкай бульбы, морквы, сталовых буракоў, ачысткай і сушкай збожжа. Студэнты-ветэрынары прыцягваюцца да абрэзкі капытоў у буйной рагатай жывёлы, вакцынацыі птушкі.
Такая, здавалася б, банальная тэхналагічная аперацыя, як збор камянёў, можа ў рамках вывучэння дысцыпліны “Глебазнаўства” навучыць вызначаць ступень завалуненасці на полі, разумець глебаўтваральныя працэсы, прычыны з’яўлення камянёў.
Збіраючы яблыкі, хлопцы і дзяўчаты знаходзяць адказы на многія пытанні па плодаагародніцтве. Напрыклад, даведваюцца, як і ў якой паслядоўнасці арганізоўваецца гэты працэс на прадпрыемстве, як выкарыстоўваецца сабраная з дрэў садавіна, а таксама яблычны апад.
Рэктар ГДАУ Валянцін Пяшко:
— Ва ўніверсітэце створаны цэлы кластар практыка-арыентаванага навучання, дзе студэнты атрымліваюць практычныя навыкі ў рамках вучэбных дысцыплін і займаюцца навуковымі даследаваннямі ў той ці іншай галіне. Ён уключае ў сябе вучэбныя лабараторыі, галіновыя навукова-даследчыя лабараторыі, такія як “АграВет”, “ДНК-тэхналогіі” і біятэхналагічная лабараторыя па рэпрадукцыі сельскагаспадарчых жывёл, а таксама доследнае поле, цэнтр практычнай падрыхтоўкі ў малочна-таварным комплексе “Рыдзялі”, ветэрынарную клініку “UniВетЭксперт”, навукова-даследчы сад і навуковы цэнтр па пчалярстве. У кластар уваходзяць і 23 філіялы кафедраў, якія знаходзяцца на такіх вытворчасцях, як ААТ “Беллакт”, Гродзенская абласная ветэрынарная лабараторыя, Гродзенская абласная асацыяцыя прадпрымальніцтва, Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, Гродзенская раённая ветэрынарная станцыя, СВК “Путрышкі”, СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, СВК імя Дзеньшчыкава і іншыя.
Сістэма практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, якая рэалізуецца адразу на некалькіх узроўнях, дазваляе маладому спецыялісту, калі ён прыходзіць на работу ў гаспадарку, мець у сваім багажы не толькі тэарэтычныя веды, але і навыкі практычнай працы, вопыт укаранення тэхналогій і новай тэхнікі ў вытворчасць. Такі спецыяліст адразу ўключаецца ў рабочы працэс.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва УВА