У рэгіянальных УВА завяршаецца рэгістрацыя 11-класнікаў для ўдзелу ва ўніверсітэцкіх алімпіядах

- 15:04Новости

Універсітэцкая алімпіяда — важная траекторыя паступлення ва УВА. Дзякуючы такому выпрабаванню, у вышэйшую школу паступаюць самыя матываваныя і падрыхтаваныя абітурыенты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Зараз у 21-м рэгіянальным універсітэце завяршаецца рэгістрацыя 11-класнікаў для ўдзелу ва ўніверсітэцкіх алімпіядах.

— На сайтах устаноў вышэйшай адукацыі створаны адпаведныя старонкі з формамі. Толькі пасля іх запаўнення абітурыенты лічацца зарэгістраванымі на інтэлектуальнае спаборніцтва. Рэгістрацыя праводзіцца ў анлайн-рэжыме. Далей пачынаецца непасрэдна работа прыёмных камісій з выпускнікамі школ, якія плануюць скарыстацца магчымасцю паступлення ва ўніверсітэт без уступных экзаменаў на шэраг запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей, — сказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Традыцыйна ўніверсітэцкая алімпіяда прахо­дзіць у два этапы. Першы — адборачны — адбы­ваецца ў дыстанцыйнай форме, другі — заключны — вочна ў сценах УВА.

— Адзінай даты заканчэння рэгістрацыі няма. Кожная УВА самастойна арганізоўвае працэдуру рэгістрацыі, а таксама правядзенне папярэдняга этапу алімпіяды. А вось заключны этап сёлета прой­дзе 22 і 23 лютага. Для гэтага ўдзельнікам неабходна прыехаць ва ўніверсітэт і вочна прайсці выпрабаванне. Правяраць работы будуць універсітэцкія выкладчыкі каля тыдня. Думаем, што на пачатку сакавіка ўжо падвядзём вынікі і абвясцім імёны пераможцаў, — дадаў Сяргей Мікалаевіч.

Нагадаем, уладальнікі дыпломаў I, ІІ, ІІІ ступені будуць рэкамендаваны да залічэння без уступных іспытаў на выбраныя спецыяльнасці. Аднак колькасць месцаў, выдзеленых для паступлення пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд, не змянілася і можа складаць да 15% ад кантрольных лічбаў прыёму на выбраную спецыяльнасць.

Сёлета 375 выпускнікоў — пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд — былі залічаны ў 21 рэгіянальны ўніверсітэт без экзаменаў.

— Намі была праведзена значная інфармацыйная і прафарыентацыйная работа, а таму і ў бягучым навучальным годзе колькасць удзельнікаў універсітэцкай алімпіяды не зменшыцца. Да таго ж намі не плануецца ўнясенне карэкціровак у такую траекторыю паступлення ні для УВА, ні для абітурыентаў. Усе ўжо добра разумеюць правілы гульні і пачына­юць рыхтавацца загадзя, — упэўнены С.М.Пішчоў.

Па яго словах, універсітэцкая алімпіяда як траекторыя паступлення ў рэгіянальныя УВА сябе апраўдвае, але распаўсюджваць такую практыку на сталічныя ўніверсітэты пакуль не бачаць неаб­ходнасці.

— Рэгіянальныя ўніверсітэты — цэнтры пад­рыхтоўкі спецыялістаў для сваіх базавых прадпрыемстваў, таму такія дадатковыя магчымасці накіраваны на тое, каб у перспектыве ўзмацняць нашы рэгіёны высокакваліфікаванымі і матываванымі маладымі спецыялістамі, — патлумачыў прадстаўнік Мін­адукацыі.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова зарэгістравацца на ўдзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе можна па 12 студзеня.

— Цікавасць абітурыентаў да нашай алімпіяды з кожным годам павялічваецца. Ужо на сённяшні дзень зарэгістравалася звыш 250 старшакласнікаў, — паведаміў рэктар універсітэта Дзяніс Дук.

Пераможцамі першай алімпіяды МДУ былі 60 старшакласнікаў, з іх амаль палова стала сту­дэнтамі ўніверсітэта.

— У 2024 годзе былі ўнесены змяненні ў правілы правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды, і, на жаль, змянілася як колькасць пераможцаў, такі паступіўшых. Бо ў 2023-м мы выдзялялі для пераможцаў алімпіяды 15% месцаў ад кантрольных лічбаў прыёму ў цэлым па ўніверсітэце і маглі, напрыклад, на “Фізіка-матэматычную адукацыю” альбо “Філалагічную адукацыю” даць больш месцаў і закрыць палову набору. А вось сёлета алімпіяднікі маглі заняць толькі 15% месцаў ад КЛП па пэўнай спецыяльнасці. Таму калі набор складаў, напрыклад, 20 чалавек, то з ліку пераможцаў нашай алімпіяды мы маглі залічыць толькі 2—3 абітурыентаў, — патлумачыў Дзяніс Уладзіміравіч.

Зараз МДУ прапаноўвае абітурыентам паўдзель­нічаць у алімпіядзе па пяці прадметах: “Руская мова”, “Матэматыка”, “Гісторыя Беларусі”, “Біялогія” і “Англійская мова”. Гэта дасць ім шанс паступіць без экзаменаў на дзевяць спецыяльнасцей: “Гістарычная адукацыя”, “Філалагічная адукацыя (руская мова і літаратура)”, “Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і інфарматыка)” і “Фізіка-матэматычная адукацыя (фізіка і інфарматыка)”, “Прыродазнаўчая адукацыя (біялогія і хімія)”, “Медыка-біялагічная справа”, “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)”, “Рамана-германская філалогія (англійская мова і літаратура. Нямецкая мова)” і “Рамана-­германская філалогія (англійская мова і літаратура. Французская мова)”.

— Правядзенне ўніверсітэцкай алімпіяды даз­валяе нам, па-першае, правесці даволі маштабную прафарыентацыю сярод старшакласнікаў, акунуўшы іх у студэнцкае асяроддзе. А па-другое, дапамагае нам выканаць дзяржзаказ па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях. Так, на выпускнікоў “Фізіка-матэматычнай адукацыі” і “Філалагічнай адукацыі” сёння вялікі попыт. Абітурыентам вельмі падабаецца “Прыродазнаўчая адукацыя” і “Гістарычная адукацыя”. У нас моцная гістарычная школа, і дастаткова запатрабаваны нашы выпускнікі ў рэгіёне, — адзначыў рэктар МДУ.

Трэба памятаць, што ўдзельнічаць у алімпіядах могуць не толькі выпускнікі з рэгіёнаў, такая магчымасць даступна ўсім незалежна ад месца пра­жывання і навучання. А ў першым туры можна прыняць удзел нават у некалькіх алімпіядах розных універсітэтаў. Бо завочны этап праходзіць у розныя дні. Галоўнае — паспець зарэгістравацца! Тым больш заўсёды карысна праверыць свае веды і, калі што якое, запоўніць прабелы.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва рэдакцыі,
выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі