Стратэгіі ўзаемадзеяння сям’і і школы: агляд снежаньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 12:35Журнал "Народная асвета", Новости

Думаю, са мной пагодзяцца многія педагогі: па паводзінах дзіцяці можна дакладна сказаць, які маральны клімат пануе ў сям’і. Сапраўды, сямейнае выхаванне — гэта першы “кіт”, на якім будуецца жыццё чалавека. Дзіцячы сад, школа таксама аказваюць вялікі ўплыў на фарміраванне маральных якасцей, каштоўнасцей, грама­дзянскіх пачуццяў дзяцей, але ж усё пачынаецца з сям’і. Таму намаганні педагогаў павінны быць накіраваны на “выхаванне бацькоўства” ў татаў і мам школьнікаў.

Рэспубліканскі праект “Бацькоўскі ўніверсітэт” стаў важным складнікам стратэгіі ўзаемадзеяння педагагічных калектываў устаноў адукацыі краіны з законнымі прадстаўнікамі вучняў. Яго мэта — павышэнне педагагічнай і псіхалагічнай культуры бацькоў, фарміраванне адказнага, пазітыўнага бацькоўства. Праграма праекта абумоўлена адукацыйнымі запатрабаваннямі бацькоў і заканамернасцямі развіцця дзіцяці ў розныя ўзроставыя перыяды. Але кожная навучальная ўстанова можа выно­сіць на абмеркаванне ўдзель­нікаў заняткаў і іншыя, найбольш актуальныя для канкрэтнай аўдыторыі тэмы. У інструктыўна-метадычным пісьме “Аб рэалізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” рэкамендуецца ствараць ва ўстановах адукацыі метадычныя скарбонкі, у якіх будуць змяшчацца лепшыя сцэнарныя распрацоўкі для правядзення заняткаў, матэрыялы для кансультацый, відэа- і аўдыяматэрыя­лы, памяткі, флаеры і інш. Свайго роду метадычную скарбонку з апорай на творчы вопыт калег з розных рэгіёнаў краіны вырашылі стварыць і мы ў снежаньскім выпуску нашай “Педагагічнай асамблеі”.

Як зрабіць жыццё сяла цікавым і насычаным? Па адказ мы звярнуліся ў Нісімкавіцкую базавую школу Чачэрскага раёна, якая сёлета адсвяткавала 160-гадовы юбілей. Тут працуюць вопытныя, творчыя, адданыя сваёй прафесіі педагогі, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы для забеспячэння высокай якасці адукацыйнага працэсу, развіцця інтэ­лектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў. Любоў да роднага краю, павага да гераічнага мінулага беларускага народа, духоўна-маральныя якасці выхоўваюцца ў дзяцей праз актыўны ўдзел у сацыяльна карысных справах. Напрыклад, школьнікі даглядаюць музей пад адкрытым небам “Партызанскія зямлянкі”, карпатліва збіраюць экспанаты для музейных пакояў “Спадчына” і “Памяць”, клапоцяцца аб ветэранах педагагічнай працы, з’яўляючыся членамі валанцёрскага атрада “Міласэрнасць”, дапамагаюць супрацоўнікам Нісімкавіцкага лясніцтва зберагаць лясное багацце малой радзімы і самі вырошчваюць прыгожы яблыневы сад. У складзе фальклорнага калектыву “Валошкі” вучні дакранаюцца да самабытнай народнай творчасці, традыцый, свят. Матэрыялы з вопыту вучэбна-метадычнай і выхаваўчай работы настаўнікаў Нісімкавіцкай базавай школы прапануем увазе чытачоў у нашым спецыяльным праекце “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”.

І напрыканцы дазвольце падзякаваць вам, паважаныя чытачы, што былі з намі на працягу гэтага года. Мы заўсёды імкнёмся быць карыснымі для настаўнікаў: вы ведаеце нас не толькі як рэдактараў, але і як метадыстаў, калі мы прыязджаем у школьныя калектывы. За год мы пабывалі з майстар-класам “Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць артыкул для педагагічнага выдання” ў 18 раёнах рэспублікі і не спыняемся ў сваіх метадычных падарожжах. Таму звяртайцеся ў рэдакцыю з запытам на правядзенне майстар-класа.

Запрашаем вас і ў наступным годзе быць нашымі аўтарамі і чытачамі, дзяліцца сваімі метадычнымі ідэямі. А мы плануем разгледзець на старонках часопіса “Народная асвета” такія тэмы:

  • Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў: захаванне гістарычнай памяці.
  • Тыдзень роднай мовы і нацыянальнай культуры.
  • Функцыянальная дасведчанасць навучэнцаў: інструменты фарміравання.
  • Працоўнае выхаванне школьнікаў: грамадска карысныя праекты.
  • Бяспечнае лета — шчаслівае лета.
  • Фінансавая дасведчанасць — кампетэнцыя сённяшняга дня.
  • Класная гадзіна: метадычнае напаўненне.
  • Рэфлексіўная культура педагога і самаадукацыйная дзейнасць.
  • Тыдзень здаровага ладу жыцця.
  • Сацыякультурнае асяроддзе школы.
  • Профільнае навучанне і прафарыентацыя: праектаванне паспяховай кар’еры.
  • Бацькоўскі ўніверсітэт: педагагічная культура татаў і мам.

…У чароўны час напярэдадні Новага года мы заўсёды загадваем жаданні, чакаем цудаў, спадзяёмся на лепшае. А насамрэч гэтыя цуды — у нашых руках, бо, для таго каб адчуваць сябе шчаслівымі, трэба не так і многа. Быць шчырымі, дапамагаць тым, хто побач, рабіць сваю справу з душой — вось і ўвесь сакрэт. Паспрабуем?

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар