«Ведаем як… Навучым!»: эфектыўныя практыкі прэзентавалі ў Акадэміі адукацыі абласныя ІРА

- 10:05Образование

Міжінстытуцкі фестываль «Шляхі ўдасканалення дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых» стаў ужо традыцыйным і аб’яднаў прарэктараў, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў і метадыстаў рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты». 

Вітала ўдзельнікаў прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі адукацыі Ірына Дзюба. Яна адзначыла, што фестываль прадугледжвае распаўсюджванне эфектыўнага вопыту работы інстытутаў развіцця адукацыі ў галіне дадатковай педагагічнай адукацыі. Кожны год ён напаўняецца новым зместам. Сёлета інстытуты атрымалі заданне — падрыхтаваць міні-прэзентацыю эфектыўных прыёмаў і метадаў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні метадычных мерапрыемстваў у міжкурсавы перыяд.

Ярка і пераканаўча, змястоўна і дынамічна прадэманстравалі свае лепшыя напрацоўкі пад назвай «Ведаем як… Навучым!» каманды інстытутаў. Сярод форм работы ў міжкурсавы перыяд — як традыцыйныя, так і нестандартныя інавацыйныя.

Прадстаўнікі Брэсцкага абласнога ІРА прадставілі фрагмент майстар-класа «Матывацыя — гэта не заўсёды пра грошы». Педагогі паказалі, як прымяняць фрэймворк «Акталіз» — інструмент, які дазваляе ўздзейнічаць на асноўныя фактары матывацыі чалавека для здзяйснення ім дзеянняў, якіх хоча ад яго дабіцца іншы чалавек. Дарэчы, у інстытуце распрацавана гульня «Сакрэты школы Хогвартса», дзе кіраўнікі ўстаноў адукацыі вучацца матываваць сваіх педагогаў. Удзельнікі фестывалю падключыліся да вырашэння сітуацыйных задач, у якіх неабходна было матываваць педагогаў з ліку мнагадзетных мам, загружаных вучэбнымі гадзінамі настаўнікаў і інш., выкарыстоўваючы ўсялякія спосабы. З гэтымі заданнямі яны паспяхова справіліся.

У практыку работы Віцебскага абласнога ІРА ўвайшлі круглыя сталы, тэматычныя семінары, педагагічныя шатлы, навукова-практычныя канферэнцыі, форумы, творчыя конкурсы і г. д. Тэматыка гэтых мерапрыемстваў вызначаецца часам і планам работы. Прастаўнікі каманды прэзентавалі прысутным прыёмы, якія служаць павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Было выкарыстана воблака слоў, педагогі працавалі ў групах, збіралі пазлы. Рэфлексія праводзілася з дапамогай папяровых мабільных тэлефонаў, на якіх удзельнікі напісалі, што новага яны даведаліся, і ацанілі майстар-клас.

Гродзенскі абласны ІРА прадставіў сучасныя метады работы з навучэнцамі 8—11-х класаў, якія прымяняюцца ў цэнтры прафарыентацыйнага кансультавання, што дзейнічае на базе інстытута з 2018 г. Асноўная мэта дзейнасці — садзейнічанне ў фарміраванні ўсвядомленага прафесійнага выбару навучэнцам. Галоўны прынцып — «Неталенавітых дзяцей няма, ёсць толькі тыя, хто не знайшоў сваю сферу развіцця». Цэнтр вызначаецца тым, што тут працуюць і з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Прадстаўнікі Гомельскага абласнога ІРА прэзентавалі прадукцыйную форму прафесійнага развіцця педагогаў — фестываль. Яркай падзеяй у рэгіёне сталі фестывалі «Педагагічныя надзеі — 2024», «Настаўнік для Беларусі», «Менеджмент у адукацыі: ідэі, рашэнні, перспектывы» і інш. Пераможца нядаўняга абласнога фестывалю прафесійнага майстэрства настаўнікаў, якія праводзяць заняткі па прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», настаўніца сярэдняй школы № 5 Рагачова Наталля Пусянкова прадставіла метад сітуацыйнага мадэлявання, які паспяхова выкарыстоўваецца на вучэбных занятках.

«Гіперпірог» сістэмы метадычнай падтрымкі сталічнага настаўніцтва і змястоўны вопыт арганізацыі работы ў міжкурсавы перыяд прадставіў Мінскі гарадскі ІРА. Як адзначалася, сталічны настаўнік мае каласальны рэсурс для ўдасканалення дзякуючы прадуманай, выбудаванай з улікам патрабаванняў часу сістэмы мерапрыемстваў дадатковай адукацыі. У Мінску сфарміравана дыферэнцыраваная сістэма метадычнай падтрымкі педагога, а яе адметнай рысай выступаюць адзіныя тэмы пасяджэнняў раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў усіх вучэбных прадметаў. Гэта дазваляе аб’яднаць метадычны інструментарый для стварэння ўмоў для навучання і развіцця навучэнцаў.

З мэтай прадукцыйных прафесійных зносін усіх катэгорый педработнікаў нядаўна ў Мінску была арганізавана метадычная эстафета «Рэверсіўнае настаўніцтва як рэсурс бесперапыннага прафесійнага і асобаснага развіцця педагогаў». У яе межах маладыя настаўнікі і вопытныя педагогі распрацоўваюць метадычныя прадукты вучэбнага характару: дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, падборкі дыдактычных матэрыялаў, кейсы, медыятэкі і інш. Сярод эфектыўных прыёмаў спецыялістаў Мінскага гарадскога ІРА — кросенс, кейс-стадзі, а для пачынаючых настаўнікаў — індывідуальныя кансультацыі, дуэтныя ўрокі. Добра зарэкамендавалі сябе ўдзел маладых настаўнікаў у выпуску педагагічнай газеты ўстановы адукацыі, метадычны тыдзень творчасці пачынаючых педагогаў, у межах якога моладзь рыхтуе міні-майстар-класы, удзельнічае ў педагагічнай віктарыне, прадстаўляе відэаролікі «Адзін год з жыцця настаўніка», знятыя разам з дзецьмі. Метадычны прыём «Педагог-настаўнік — пачынаючы педагог — навучэнец педагагічнага класа» рэалізаваўся ў форме метадычнага марафону, які праводзіўся па розных напрамках: пачатковыя класы, гуманітарны, матэматычны, прыродазнаўчы і інш. Практыка паказвае, што метадычны марафон дазваляе сфарміраваць усвядомленую матывацыю ўваходжання ў педагагічную прафесію, станоўча ўплывае на развіццё прафесійных і асобасных якасцей: адказнасці, арганізаванасці, камунікатыўнасці, творчасці, стварае адзінае адукацыйнае асяроддзе.

Як падкрэслівалася, на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў важна не толькі гаварыць пра тэму пасяджэння, але і пастаянна апрабаваць з калегамі інструментарый, які дапаможа ім у практычнай адукацыйнай дзейнасці. Удзельнікі мерапрыемства ўбачылі, як рэалізуецца на практыцы прыём «Слоены пірог» як элемент кааператыўнага навучання. Пад кааперацыяй разумеецца эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх членаў каманды, адказнасць за сумесную работу і індывідуальны ўклад у агульныя дасягненні.

У інтэрактыўнай форме з выкарыстаннем чатырох моў (англійскай, кітайскай, рускай і беларускай) падзяліліся вопытам прадукцыйнай работы прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ІРА, які вылучаецца мабільнасцю і работай на апярэджанне. Яны прадставілі прыёмы работы па развіцці чытацкай адукаванасці.

Каманда Магілёўскага абласнога ІРА арганізавала практычныя заняткі з інтэрактыўнымі формамі работы «Роля педагога ў забеспячэнні якасці адукацыі пры рэалізацыі адукацыйных стандартаў». У рабоце прымяняліся метад асацыяцый, прыёмы «Заблытаны лагічны ланцужок», «Ратацыя», візуалізацыя (складанне структурна-лагічнай схемы), сінквейн і інш.

— Гэта быў сапраўдны феерверк ідэй і рашэнняў. У кожнай каманды былі цікавыя знаходкі, з якіх можна абавязкова штосьці запазычыць і выкарыстоўваць у сваёй рабоце, — падзялілася ўражаннямі намеснік начальніка цэнтра — начальнік аддзела каардынацыі метадычнай работы цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі адукацыі Вольга Мяшкоўская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара