Жыў, каб стаць героем: прыклад Аляксандра Застаўнага натхняе бярозаўскіх школьнікаў

- 15:24Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Быць верным свайму прафесійнаму і грамадзянскаму абавязку вучняў Бярозаўскай базавай школы натхняе прыклад яе выпускніка Аляксандра Застаўнага, чыё імя прысвоена ўстанове адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Насіць імя маладога лейтэнанта міліцыі, які загінуў пры выкананні службовага абавязку ў Чачні, і ганарова, і адказна, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Крагель (на здымку). — Як вядома, дастаткова імгнення, каб стаць героем, але неабходна цэлае жыццё, каб стаць дастойным чалавекам. Важную ролю ў станаўленні асобы адыгрываюць школьныя гады, калі закладваюцца пэўныя маральныя якасці.

У школе шмат робіцца для ўвекавечання памяці пра Аляксандра Застаўнага: вучні збіра­юць фотаздымкі і ўспаміны яго сяброў і аднакласнікаў, займаюцца даследчай дзейнасцю. Вялікую цікавасць уяўляе альбом “Ён жыў, каб стаць героем”, у якім можна прасачыць увесь жыццёвы шлях земляка, які разам з іншымі афіцэрамі і салдатамі трапіў у бязлітасныя жорны чачэнскай вайны. Сёлета Аляксандр Застаўны мог адзначыць 60-гадовы юбілей, але назаўсёды застаўся ў памяці родных і на фотаздымках 30-гадовым прыгожым мужчынам з добрымі вачыма.

Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў вёсцы Самойлавічы, якая сёння ўваходзіць у склад Бярозы. Саша змалку дапамагаў па гаспадарцы маці, якая гадава­ла сына адна, а падлеткам выконваў усю хатнюю работу. Рос моцным і сціплым юнаком, не даймаў дзіцячымі “хачу”, бо разумеў, што жыць удваіх на матчын заробак бібліятэкара няпроста. Таму і спаборнічаў Саша з равеснікамі не ў модным адзенні, а ў сіле і лоўкасці.

Захаваліся шматлікія граматы і дыпломы, атрыманыя ім па выніках спаборніцтваў па баскетболе, лыжных і лёгкаатлетычных кросаў, веласіпедных гонак. Нядзіўна, што юнак пасля заканчэння мясцовай васьмігодкі хацеў стаць настаўнікам фізкуль­туры.

Педагогі запомнілі Аляксандра Застаўнага ўважлівым, начытаным, вясёлым, таварыскім вучнем. Акрамя спорту, ён займаўся грамадскай дзейнасцю: узначальваў камсамольскую арганізацыю.

Старшакласнікам быў адзначаны Ганаровай граматай Бярозаўскага маторарамонтнага завода за выдатнае праходжанне вытворчай практыкі і актыўную дапамогу ў рамонце дызельных рухавікоў.

З далейшай жыццёвай дарогай Аляксандр вырашыў вызначыцца пасля тэрміновай армейскай службы, якую праходзіў у Маскоўскай камендатуры. Пра паспяховае выкананне намеснікам камандзіра ўзвода старшым сяржантам Застаўным вайсковых абавязкаў сведчыў поўны камплект знакаў салдацкай доблесці на яго грудзях. Пасля тэрміновай службы Аляксандр быў прыняты міліцыянерам 1-га палка патрульна-паставой службы ГУУС Масгарвыканкама. Пасля выдатна падрыхтаванага фізічна і добра страляючага з усіх відаў зброі мужчыну перавялі ў аператыўную групу маскоўскага АМАПа, а адтуль праз 7 гадоў — у спецыяльны атрад хуткага рэагавання Рэгіянальнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Мас­квы. Старшы оперупаўнаважаны Аляксандр Застаўны ўдзельнічаў у дзясятках небяспечных аперацый, у тым ліку па вызваленні заложнікаў у Будзёнаўску. На баявым рахунку адважнага супрацоўніка органаў унутраных спраў — медалі “За адвагу”, “За асабістую мужнасць”, “За бездакорную службу”…

Адзін з таварышаў па службе Аляксандра ўспамінаў: “Саша быў выдатным альпіністам. Аднойчы на вуліцы Бутлерава бандыт захапіў дзвюх дзяўчат, якіх, утрымліваючы ў кватэры, пагражаў забіць. Наша група выехала туды. Саша разам з камандзірам групы спусціліся з даху дома на вяроўках, разбілі шкло ў вокнах і трапілі ў кватэру, за некалькі секунд скруціўшы злачынцу. Гэты эпізод часта па тэлевізары затым паказвалі. На кадрах — альпініст-спецназавец Застаўны: сухарлявы, рухавы, добры рукапашнік…”

Як лепшага байца-снайпера Аляксандра накіравалі на стажыроўку ў ЗША, пасля чаго ён паступіў на факультэт правазнаўства ў Маскоўскі палітыка-юрыдычны інстытут.

Пра сваю рызыкоўную работу мужчына не расказваў ні маці, ні сябрам. На ўсе пытанні коратка адказваў: “Працую”. І ўсё. Таму землякі, якія летам 1995 года сачылі па тэлевізары за тым, як чачэнскія баевікі за­хапілі ў Будзёнаўску звыш 1,5 тысячы жыхароў і ўтрымлівалі іх у мясцовай бальніцы, не маглі нават уявіць, што там у службовай камандзіроўцы знаходзіцца і атрад Аляксандра Застаўнага. У ходзе антытэрарыстычнай аперацыі ён быў паранены, але пісаў маці бадзёрыя і цёплыя пісьмы.

Здаўшы сесію ў інстытуце, Аляксандр збіраўся прыехаць на малую радзіму ў студзені 1996 года, але здарыліся сумна вядомыя падзеі ў Дагестане: чачэнскія тэрарысты захапілі ў Кізляры бальніцу з заложнікамі. У скла­дзе маскоўскага зводнага атрада ў Маздок тэрмінова вылецеў і Застаўны, хаця ён быў у нарадзе і мог гэтага не рабіць. Але адседжвацца ў Маскве — не ў яго характары!

Пры штурме мячэці, дзе баевікі блакіравалі новасібірскі АМАП, Аляксандр і яшчэ тры яго таварышы цаной уласнага жыцця забяспечылі агульны поспех аперацыі і выратавалі жыцці многіх баявых сяброў. Сваю апошнюю ўзнагароду — ордэн Мужнасці — Застаўны атрымаў пасмяротна.

У ноч на 16 студзеня 1996 года маці Вользе Мікалаеўне прысніўся даўно памерлы бацька: дзверы адчыніў сівы згорблены стары, які ў доме ператварыўся ў маладога хлопца. Трывога не давала спакою жанчыне ўвесь наступны дзень. А потым да дома пад’ехалі людзі і паведамілі ёй сумную навіну. Разам з Вольгай Мікалаеўнай Аляксандра аплаквалі баявыя таварышы і сціплая дзяўчына-масквічка Мар’яна, каханая Сашы.

— Лейтэнант Аляксандр Застаўны па доўгу службы заўсёды ішоў туды, дзе бяда, небяспека і рызыка, ратаваў жыцці іншых і ўрэшце аддаў уласнае, — расказ­вае Вольга Крагель. — Памяць пра сапраўднага сябра і мужнага прафесіянала беражліва захоўваюць яго землякі. З 2001 года школьная піянерская дружына но­сіць імя выпускніка, а з 2010-га — і ўстанова адукацыі. У яго гонар адкрыта мемарыяльная дошка і створаны музейны куток памяці “Ён жыў, каб стаць героем”. Вакол асобы Аляксандра Застаўнага пабудавана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. У школе праводзяцца ўрокі памяці і мужнасці, лінейкі-рэквіемы, музейныя і тэматычныя класныя гадзіны, спартыўныя мерапрыем­ствы, конкурсы чытальнікаў, літаратурныя гасцёўні і інтэрактыўныя прэзентацыі, у тым ліку з удзелам маці Аляксандра. Вучні даглядаюць магілу героя, у дні яго нараджэння і гібелі ўсклада­юць кветкі да помніка. Школа цесна ўзаемадзейнічае з былымі калегамі і сябрамі Аляксандра, членамі міжнароднай грамадскай арганізацыі ветэранаў аператыўных службаў “Гонар” Масквы. Ва ўстанове рэалізаваны выхаваўчы праект “Гэта памяць стукаецца ў нашы сэрцы!”, па выніках якога ёй у мінулым годзе прысвоены статус “Школа міру”.

Акрамя школы, імем Аляксандра Застаўнага названа адна з вуліц Бярозы, а яго малодшы брат Мікалай Ялагін (ад другога шлюбу маці) узяў прыклад мужчынскага гонару і годнасці са старэйшага — стаў абаронцам Радзімы і сёння носіць пагоны палкоўніка пагранічных войскаў Беларусі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ