“Кубак Дружбы” паехаў у Мінск

- 14:52Навіны

У першыя дні вясны 35 каманд з розных гарадоў Беларусі сабраліся ў Магілёве на фестываль па інтэлектуальных гульнях “Кубак Дружбы”, які праходзіў у абласным цэнтры творчасці. Турнір праводзіцца на працягу вось ужо чатырнаццаці гадоў, нязменна збіраючы разам школьнікаў з розных рэгіёнаў рэспублікі. Гэты фестываль уваходзіць у лік конкурсаў рэспубліканскага Кубка Вялікага шлема і з’яўляецца адным з найбольш значных для навучэнцаў школ.

Арганізатарамі турніру выступаюць абласны цэнтр творчасці і магілёўскі клуб інтэлектуальных гульняў “IQ club”. Сваёй мэтай яны ставяць далейшае развіццё юнацкага інтэлектуальнага руху, прапаганду развіццёвых форм пазашкольнай дзейнасці школьнікаў, павышэнне прэстыжу інтэлекту і адукацыі, пашырэнне адносін і сяброўскіх кантактаў паміж школьнікамі краіны, распаўсюджванне вопыту інавацыйнай дзейнасці ў галіне арганізацыі вольнага часу школьнікаў і моладзі.

Праграма фестывалю атрымалася вельмі насычанай і рознабаковай. Усім удзельнікам, а на турнір прыехалі каманды, якія складаліся з вучняў як агульнаадукацыйных школ, так і ліцэяў, гімназій і ўстаноў дадатковай адукацыі, для перамогі прапаноўвалася прайсці 4 заліковыя гульні. Гэта гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Пазнавайка”, “Музычны дуатлон” і “Брэйн-рынг”. А ўжо журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд” і кіраўнікі рэгіянальных клубаў інтэлектуальных гульняў, вызначала пераможцу зыходзячы з сумарнай колькасці балаў усіх гульняў.
Спаборнічалі юныя эрудыты, дарэчы, на працягу двух дзён, па выніках якіх прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. У галоўнай гульні турніру “Што? Дзе? Калі?” перамогу атрымала каманды “Сонейка” з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Прадстаўнікі гэтай установы адукацыі падняліся на першую прыступку п’едэстала і ў гульні “Пазнавайка”. Каманда “Завадны апельсін” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці стала лідарам у “Музычным дуатлоне”, а на “Брэйн-рынгу” не было роўных камандзе “Premiera”, якая прадстаўляла гімназію № 1 Салігорска.
Галоўны ж прыз фестывалю “Кубак Дружбы” забрала з сабой у Мінск каманда “Вясёлка Узбеку” таксама з дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ