Велапрабег дарогамі будучыні

- 16:34Актуально, Навіны
У мінулы аўторак на мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле” Магілёўскай вобласці адбылося ўрачыстае завяршэнне міжнароднага велапрабегу “Моладзь Расіі і Беларусі — дарога ў будучыню Саюзнай дзяржавы”. Сярод арганізатараў велапрабегу традыцыйна Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту, турызму і маладзёжнай палітыкі Расійскай Федэрацыі, адміністрацыя Смаленскай вобласці.

Асаблівасцю саюзнай акцыі, назва якой гаворыць сама за сябе, з’яўляецца той факт, што ўдзел у велапрабегу прымалі не прафесійныя спартсмены, а лідары маладзёжных грамадскіх арганізацый, маладыя настаўнікі, навукоўцы, парламентарыі, студэнты, працуючая моладзь дзвюх краін, агульная колькасць якіх склала 60 чалавек.
Старт велапрабег пачаў у расійскім Смаленску, дзе маладыя людзі правялі круглы стол, тэма якога — “Перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва моладзі Расіі і Беларусі”. На тэрыторыі Смаленскай вобласці знаходзіўся і першы пункт прызначэння веласіпедыстаў — горад Дзямідаў. Там яны наведалі Дом-музей Юрыя Нікуліна, а таксама паўдзельнічалі ў гарадскім спартыўным свяце, накіраваным на папулярызацыю фізічнай культуры і спорту сярод дзяцей і моладзі.
Далей па плане велапрабегу, які ахопліваў Смаленскую і Пскоўскую вобласці Расійскай Федэрацыі, а таксама Віцебскую і Магілёўскую вобласці Рэспублікі Беларусь, удзельнікі пераадолелі гарады Вяліж, Вялікія Лукі, Полацк, Оршу, Шклоў, Магілёў… І ў кожным іх чакалі культурныя праграмы, наведванне розных маладзёжных цэнтраў, патрыятычныя і дабрачынныя мерапрыемствы, фізкультурна-спартыўныя святы, таварыскія сустрэчы па гульнявых відах спорту. Адметнай стала дыскусія “Роля грамадскіх арганізацый у патрыятычным выхаванні маладых грамадзян Саюзнай дзяржавы”, якая адбылася ў Вялікіх Луках, і дабрачынныя мерапрыемствы ў Ветрынскай базавай школе-інтэрнаце і Полацкім дзіцячым сацыяльным прытулку.
Маладыя, актыўныя беларускія і расійскія веласіпедысты пераадолелі амаль 700 кіламетраў шляху. Аднак сумеснае пераадоленне цяжкасцей шматкіламетровага маршруту ніколькі не стаміла іх, а, наадварот, толькі ўмацавала кантакты паміж моладдзю. Велапрабег паспрыяў таксама ўсебаковай інфармаванасці аб мэтах, задачах і перспектывах развіцця Саюзнай дзяржавы.
— Менавіта такія сустрэчы дазваляюць на справе ажыццявіць яднанне нашых брацкіх народаў, — гаворыць Максім Сапожнікаў з Калужскай вобласці. — Наша ўзаемадапамога ў дарозе ператворыцца не толькі ў цёплыя ўспаміны аб мерапрыемстве, але і ў моцнае сяброўства.
— Тое, што для моладзі Беларусі і Расіі арганізоўваюць падобныя мерапрыемствы, — проста здорава. У нас з’яўляецца магчымасць не толькі праехаць па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, умацаваць сябе фізічна, але і, праводзячы з карысцю час, наладзіць сяброўскія адносіны, — згаджаецца з ім магіляўчанін Леанід Шаўцоў.
Сем дзён праведзена па дарогах, гарадах і вёсках брацкіх краін, і вось яна, канчатковая кропка шляху — легендарны мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. Тут маладых людзей, якія прыбылі да помніка героям вайны, ужо чакалі дэпутаты Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Беларусі, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, грамадскіх структур, арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і салідная колькасць моладзі з ліку актывістаў рэгіёна.
Веласіпедысты ўрачыста ўсклалі кветкі да Вечнага агню, прынялі ў піянеры магілёўскіх школьнікаў, паўдзельнічалі ў культурнай праграме, прысвечанай закрыццю мерапрыемства.
Цяперашні велапрабег восьмы па ліку, а значыць, гэтая магутная інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя, якая спрыяе аб’яднанню моладзі нашых краін, стала добрай традыцыяй і працягнецца ў далейшым.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.