Для дзяцей і разам з імі: ва ўстановах адукацыі Старых Дарог і раёна працуюць творчыя педагогі

- 14:18Пресс-тур «Настаўніцкай»

Якасная дзейнасць сістэмы адукацыі залежыць ад умення кіраўніка аб’яднаць людзей, веры ў іх магчымасці. Калі прафесійныя адносіны будуюцца на даверы і ўзаемапавазе, то ўсе пытанні вырашаюцца хутка. Менавіта такія пастулаты ля­жаць у аснове ўзаема­дзеяння начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага райвыканкама Вікторыі Пекар з кі­раўнікамі і педагогамі ўстаноў раёна. У гэтым падчас прэс-туру пераканаліся журналісты Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Заканамерна, што наш візіт у Старыя Дарогі пачаўся з размовы з Вікторыяй Сяргееўнай, прычым не толькі пра больш цеснае супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”, але і пра арганізацыю работы ўстаноў адукацыі раёна ў сучасных умовах. Мэты перад сістэмай адукацыі, як вядома, стаяць вялікія. Як заўважыла начальнік упраўлення, павышэнне якасці адукацыі немагчыма без уключэння ў гэты працэс абсалютна кожнага педагога і выхавальніка.

І канечне ж, асаблівая місія ўскладаецца на кіраўнікоў, бо яны павінны не толькі арганізаваць на належным узроўні вучэбна-выхаваўчы працэс, але і натхніць свой педагагічны калектыў на вырашэнне пастаўленых задач.

У раскладзе Горкаўскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” з’явіўся ў 2023 годзе, калі пачаў функцыянаваць першы аграклас. Дырэктар установы Ганна Караленя адзначыла, што першы блін не аказаўся камяком — дзеці прыйшлі ў клас з ахвотай. І ўсё таму, што кіраўнік разам з калектывам стварылі пат­рэбныя ўмовы. Журналістам “Настаў­ніцкай газеты” ўдалося папрысутні­чаць на факультатыўных занятках, дзе гаворка ішла пра яблыкі, іх гатункі, смакавыя якасці, тэрміны захоўвання ўраджаю і спосабы яго павелічэння. Навучэнцы прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў і цікавасць да вывучаемай тэмы.

Хвілінка адпачынку з выхавальніцай дзіцячага сада № 2 Старых Дарог Святланай Дамарад

У дзіцячым садзе № 2 Старых Дарог актыўна працуюць над рэалізацыяй выхаваўчых і вучэбных праектаў, накіраваных на ўсебаковае развіццё малых. Загадчыца дашкольнай установы Вольга Розум прадэманстравала практычную значнасць гэтых праектаў. Аднымі з самых цікавых і запатрабаваных з’яўляюцца прафарыентацыйныя гульні. Дзеці з задавальненнем гуляюць у доктара, прадаўца, будаўніка. Здавалася б, усё вельмі проста, але дзякуючы творчаму падыходу выхавальнікаў у групах створаны максімальна набліжаныя да рэальнасці ўмовы для правядзення такіх гульняў. Напрыклад, для юных будаўнікоў прадугледжана рабочая форма з каскай — як на сапраўднай будоўлі! У групах сабраны багаты дыдактычны і наглядны матэрыял, што спрыяе лепшаму разуменню сутнасці прафесій.

Разумнае, добрае, вечнае ад настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Старых Дарог Нані Начкебія

У гімназіі № 1 Старых Дарог галоўнай тэмай размовы стала арганізацыя профільнага навучання ў класах інжынернай накіраванасці. Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Святлана Валчэцкая, тэхнічны напрамак у гімназіі пачалі рэалізоў­ваць яшчэ ў 1996 годзе, таму, калі ў краіне пачалі адкрывацца інжынерныя класы, тут адразу далучыліся да ініцыятывы. Тым больш што сярод педагогаў ёсць настаўнікі, гатовыя развіваць гэты напрамак. Так, настаўніца фізікі Галіна Стром у прафесіі больш за 30 гадоў і ўвесь гэты час працуе як з высокаматываванымі гімназістамі, так і з тымі, каму фізіка даецца няпроста. Разам з тым усе яе вучні выраслі дас­тойнымі людзьмі і прафесіяналамі. Як, зрэшты, і навучэнцы яе калег — настаўніц гісторыі Таццяны Філіпавай і рускай мовы і літаратуры Нані Начкебія.

Пра ўмовы стварэння эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя на ўроках працоўнага навучання і абслуговай працы гаварылі з настаўнікамі сярэдняй школы № 1 Старых Дарог імя Ф.Ф.Кулікава Сяргеем Радзілаўцом і Ірынай Балоцька. Дырэктар установы Святлана Капачэня падкрэсліла, што педагогі на сваіх занятках імкнуцца сфарміраваць у дзяцей неабходныя жыццёвыя навыкі. Так, кожны хлопец як мінімум павінен умець трымаць малаток у руках, а калі ён яшчэ здольны працаваць на свідравальным або лобзікавым станку, вырабіць, напрыклад, табурэтку, то стане канкурэнтаздольным на рынку працы. Гэтак і дзяўчаты: калі яны будуць умець шыць, то таксама павысяць свае шансы на рынку працы. Ды і ў побыце такія навыкі не пашкодзяць.

Як і заняткі спортам. Бо, як вядома, жыццё — гэта рух. Яшчэ раз у гэтым пераканаліся на ўроку настаўніцы фізкультуры сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Валянціны Анісенка. Педагог развівае фізічныя якасці сваіх вучняў — для гэтага і сама ўвесь час развіваецца. Напрыклад, нядаўна яна сумесна з настаўніцай біялогіі Наталляй Грамыка распрацавала бінарны ўрок. Ідэя спадабалася як педагогам, так і навучэнцам. Акрамя таго, са з’яўленнем у раскладзе трэцяга ўрока фізкультуры настаўніца пачала больш увагі ўдзяляць развіццю гульнявых навыкаў у дзяцей. Па яе словах, вучні вельмі любяць валейбол, таму яна працуе над удасканаленнем у іх адпаведных уменняў і павышэннем фізічнай загартоўкі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА