Засяроджанасць пілотаў перад пачаткам спаборніцтваў дасягае свайго піку, бо лёс пераможцы вырашаюць секунды. Мадэль, якая прайшла карпатлівы працэс падрыхтоўкі, толькі на трасе пакажа ўсе свае плюсы і мінусы. Сігнал — і гонка пачынаецца!
Кубак Усходняй Еўропы па аўтамадэльным спорце прайшоў днямі на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Удзел у ім узялі спартсмены з Беларусі, Украіны, Расіі, Казахстана, Літвы і Латвіі. Пяць дзён спаборніцтваў далі іх удзельнікам магчымасць не толькі памерацца сіламі на аўтамадэльнай трасе, але і пазнаёміцца з беларускай сталіцай.
Ініцыятарам турніру выступіў аддзел тэхнічнай творчасці і спорту МДПДіМ. Па задуме спецыялістаў Кубак Усходняй Еўропы павінен быў стаць альтэрнатывай падобным спаборніцтвам у Заходняй Еўропе і краінах Балтыі. Ідэя знайшла падтрымку, і вось ужо трэці год турнір збірае ў сценах палаца рэйтынгавых пілотаў, сярод якіх і чэмпіён свету латыш Яніс Набокінс.
Цікава, што аўтамадэльная траса, на якой праходзяць спаборніцтвы, пабудавана на ўласныя сродкі двух энтузіястаў Паўла Галавача і Юрыя Дубіка. Юрый Аляксандравіч, дарэчы, сёння кіруе ў палацы аб’яднаннем па інтарэсах “Кіраванне трасавымі аўтамадэлямі”.
“Мы часта бывалі на спаборніцтвах па аўтамадэльным спорце ў іншых краінах, — адзначае Павел Галавач. — Кожная такая паездка — каштоўны вопыт, які і дазволіў нам ініцыіраваць Кубак Усходняй Еўропы ў Беларусі. Нам хацелася, каб людзі прыязджалі да нас, і мы дасягнулі мэты. Наступны крок — трымаць турнір на належным узроўні”.
Зразумела, што трасавы мадэлізм — спорт не для кожнага. Наяўнасць трасы вырашае многае. Таму ўсе ўдзельнікі турніру, як правіла, — выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах ці педагогі дадатковай адукацыі.
“Усяго спаборніцтвы праходзілі ў чатырох класах мадэлей, — расказвае загадчык кабінета агульнатэхнічнага мадэлявання МДПДіМ Вячаслаў Мікалаевіч Вінцэк. — Напрыклад, клас Prodaction падразумявае гонку аднолькавых мадэлей. У ім ацэньваецца пераважна майстэрства пілатажу. Мадэлі павінны мець ідэнтычныя шасі, колы, гуму і рухавікі. Усе яны праходзяць абавязковую праверку перад стартам. Сёлета ў гэтым класе наймацнейшым аказаўся расіянін Уладзімір Васілеўскі.
Класы F-1, ES-24 і ES-32 больш высокага ўзроўню. Некаторыя дэталі тут распрацоўваюцца самімі спартсменамі, напрыклад, шасі, якія маюць да 50 элементаў.
Як і чакалася, лідарам у класе ES-24 стаў Яніс Набокінс. У класе ES-32 перамог літовец Няміра Хімас. А лепшым у класе F-1 стаў Сяргей Нямкоў з Расіі.
Адной з асаблівасцей аўтамадэльнага спорту з’яўляецца тая акалічнасць, што функцыя суддзяў тут ускладзена на спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, што пазбаўляе спаборніцтвы суб’ектыўнага фактару.
Беларусь на Кубку Усходняй Еўропы прадстаўлялі спартсмены з Мінска, Гродна і Салігорска. Менавіта ў гэтых гарадах сёння развіваецца трасавы мадэлізм.
“Я выступаў з мадэлямі ES-32 і ES-24, — адзначае Раман Шырай з Салігорскага цэнтра тэхнічнай творчасці, — канкурэнцыя была сур’ёзная, але галоўнае — гэта вопыт”.
“Мы з Раманам даўно займаемся гэтым відам спорту, — працягвае яго таварыш па камандзе Іван Васілеўскі. — Думаю, маё захапленне будзе звязана і з будучай прафесіяй. Сёлета я скончыў школу і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Трасавы мадэлізм раскрывае вялікія магчымасці: можна, напрыклад, стварыць арыгінальны пульт для мадэлі”.
Уладзіслаў Бекасаў таксама абраў сваёй альма-матар БДУІР. Разам з Іванам Васілеўскім хлопец плануе стварыць спецыяльную машыну для мыцця аўтатрас. Ужо сёмы год праходзіць для Уладзіслава пад знакам аўтамадэлізму. Хлопец прызнаецца, што ўкладвае ў хобі не толькі вольны час, але і значныя сродкі.
Самым дзейсным шляхам папулярызацыі аўтамадэльнага спорту ў Беларусі маладыя людзі лічаць сацыяльныя сеткі. Менавіта там, на іх погляд, можна знайсці аднадумцаў. Так што не прапусціце самае цікавае!
Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.