Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў краіне выходзіць на фінішную прамую. 1 верасня 2015 года да вучэбных заняткаў прыступяць 965 тысяч навучэнцаў, у тым ліку за школьныя парты сядуць больш за 106,5 тысячы першакласнікаў. У параўнанні з мінулым навучальным годам агульная колькасць навучэнцаў павялічыцца на 19 тысяч чалавек. Папоўняцца новымі сіламі і педагагічныя калектывы: у школы краіны накіравана больш за 5 тысяч маладых спецыялістаў.
Ужо гатовы да прыёму вучняў 3233 установы адукацыі рэспублікі: абноўлены класныя памяшканні і рэкрэацыі, адрамантаваны гульнявыя пакоі, харчаблокі, санвузлы. З 1 верасня ў краіне ўпершыню расчыняць свае дзверы тры новыя сярэднія школы: на 1020 месцаў у Пінску (у мікрараёне Радужным), на 765 месцаў у Гродне (у мікрараёне Вішняўцы-7) і на 1020 месцаў у Мінску (у мікрараёне Лябяжым). Акрамя таго, сярэдняя школа № 56 у Мінску, у Каменнай горцы-4, на 1020 месцаў уведзена ў эксплуатацыю 30 сакавіка 2015 года. Зараз камісіі па прыёмцы школ працягваюць сваю работу.
Значныя фінансавыя сродкі выдзелены сёлета і на ўмацаванне рэсурснай базы вучэбных кабінетаў. Як вядома, для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінетаў фізікі і стварэння ўмоў для якаснага выканання практычнай часткі вучэбнай праграмы з 2013 года пачата цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў фізікі сучасным вучэбным абсталяваннем са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У 2013—2014 гадах пастаўлена вучэбнае абсталяванне для 442 кабінетаў фізікі. Сёлета плануецца аснасціць сучасным абсталяваннем 140 кабінетаў фізікі і 35 кабінетаў хіміі.
Першы ўрок 1 верасня ва ўсіх установах адукацыі пройдзе на тэму “На цябе, наша моладзь, надзея!”. Гэта звязана не толькі з Годам моладзі, але з пастаяннай увагай, якая ўдзяляецца Урадам Беларусі развіццю маладзёжнай палітыкі. Кожны першакласнік краіны атрымае ў падарунак кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”.
Што тычыцца зместу адукацыі, то з 2015/2016 навучальнага года пачынаецца пераход на адносную завершанасць ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ўводзіцца профільнае навучанне на ІІІ ступені. Змяненні больш за ўсё тычацца 5 і 10 класаў. Міністэрствам адукацыі зацверджаны тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі, скарэкціраваны вучэбныя праграмы па прадметах для навучэнцаў 1, 5 і 10 класаў. Дарэчы, для 10 класа распрацаваны вучэбныя праграмы з улікам двух узроўняў вывучэння прадметаў — базавага і павышанага. У 5-х класах уведзены вучэбны прадмет “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”, мэтай якога з’яўляецца фарміраванне мастацкай культуры асобы дзіцяці ў працэсе творчага асваення свету мастацка-эстэтычных каштоўнасцей.
У межах профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць адкрыты педагагічныя класы, у якіх навучэнцы на павышаным узроўні будуць асвойваць вучэбныя прадметы, выкладаць якія яны плануюць у будучыні. Акрамя таго, навучэнцам педагагічных класаў неабходна будзе абавязкова асвоіць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
Да пачатку новага навучальнага года школьнікі краіны забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі ў поўным аб’ёме. У 2015/2016 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе выкарыстоўвацца 499 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх 249 — ва ўстановах з беларускай мовай навучання і 250 — з рускай. Сярод вучэбных выданняў ёсць навінкі. Гэта вучэбныя дапаможнікі па кітайскай мове для 10 класа, па нямецкай і французскай мове для 7 класа гімназій, па англійскай — для 11 класа гімназій. Таксама выдадзена 14 найменняў вучэбных дапаможнікаў, выкананых на аснове рэльефна-кропкавай сістэмы Брайля для дзяцей з парушэннямі зроку. Падрыхтаваны да выдання рабочы сшытак для пяцікласнікаў па новым вучэбным прадмеце — “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”. Перавыданне прайшлі 103 найменні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Значнай падмогай для педагогаў і вучняў павінны стаць каля 200 электронных вучэбных курсаў, створаных у Нацыянальным інстытуце адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас і размешчаных на нацыянальным адукацыйным партале. Кожны з курсаў уключае розныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, адукацыйныя базы даных, слоўнікі, хрэстаматыі і іншага роду даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены рознымі электроннымі трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэсціруючымі сістэмамі, а інтэрактыўны — віртуальнымі вучэбнымі лабараторыямі, дыдактычнымі гульнямі, камп’ютарнымі мадэлямі, якія дазваляюць візуалізаваць матэрыял, што вывучаецца. Гэтыя электронныя рэсурсы будуць карысныя не толькі на ўроках, але і на факультатыўных занятках, у працэсе самастойнай работы вучня. Дарэчы, на партале размешчаны і электронныя варыянты ўсіх падручнікаў у PDF-фармаце.
Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.