Каледж са знакам якасці

- 11:29Якасць адукацыі

Гісторыя Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхічнага каледжа налічвае амаль 50 гадоў. Установа была адкрыта ў 1966 годзе як вучылішча хімікаў. Значны час свайго функцыянавання яна нічым адметным не вылучалася. Больш за тое, на пачатку 1997 года нават планавалася яе закрыццё. Аднак памятны 1997 год стаў пераломным у лёсе навучальнай установы…

Найперш змяніўся кіраўнік. Ля штурвала гэтага карабля ведаў стаў “Чалавек года”, чыё імя занесена ў кнігу Славы Магілёўшчыны, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Алег Адамавіч Бахановіч. З той пары і пачаліся кардынальныя змены. Эканамічны каледж сямімільнымі крокамі рушыў да наладжвання работы па ўсіх кірунках. Літаральна за год навучальная ўстанова выбіваецца ў лідары працоўнага спаборніцтва, становіцца вышэйшым прафесійным вучылішчам. Яшчэ праз два гады з’яўляецца новы статус — установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж”. Сёння МДЭПТК, без перабольшання, адна з самых паспяховых прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Установа — лідар і наватар па ўсіх паказчыках педагагічнай дзейнасці. Як вынік — Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж сёлета ўдастоены права занясення на рэспубліканскую Дошку гонару ад устаноў адукацыі і навукі. У чым сакрэт такой паспяховасці? Аб гэтым падрабязна расказаў дырэктар каледжа.

— Алег Адамавіч, каб зразумець усю маштабнасць сучаснага эканамічнага каледжа, напэўна, трэба зрабіць невялікі экскурс у мінулае?
— Сёння нам ёсць чым ганарыцца, бо каледж уяўляе сабой прыгожую, утульную, сучасную навучальную ўстанову. Аднак так было не заўсёды. Калі я першы раз зайшоў у каледж у якасці дырэктара, то ўбачыў вельмі негатыўную карціну: занядбаныя класы, аварыйны стан майстэрняў і інтэрната, запушчаная, нядобраўпарадкаваная тэрыторыя. Можна было развесці рукамі і пусціць усё на самацёк, а можна было пастарацца выправіць сітуацыю. Я выбраў другі варыянт. Аб’яднаў калектыў, і кожны педагог стаў працаваць не для птушачкі, а на максімальны вынік. Змены да лепшага не прымусілі доўга чакаць.

— Раскажыце падрабязней, што цяпер уяўляе сабой эканамічны каледж…
— МДПТЭК сёння — гэта інавацыйны вучэбны комплекс сучаснага тыпу, які ўключае ў сябе тры віды ўстаноў: ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зараз вучэбны працэс ажыццяўляецца па 20 спецыяльнасцях.
Асобна хацелася б адзначыць Цэнтр рэабілітацыі, які мы адкрылі на сваёй базе ў 1997 годзе. Мы сталі наватарамі ў гэтым плане, бо раней мэтанакіраваная адукацыйная работа з дзецьмі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці, не вялася. Арыентуючыся на вопыт замежных калег, наш педагагічны калектыў распрацаваў спецыяльныя планы і праграмы для навучання дзяцей-інвалідаў, у тым ліку і ў інтэграваных групах.
Важна, што амаль усе нашы асаблівыя выпускнікі працуюць па набытых спецыяльнасцях. Менавіта гэты факт на справе пацвярджае: для дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі вучоба ў цэнтры — рэальная магчымасць даказаць і сабе, і грамадству, што яны нічым не горшыя за астатніх, а наадварот, патрэбныя дзяржаве.
Дарэчы, сваімі напрацоўкамі мы актыўна дзелімся з калегамі. Як вынік — зараз па прынцыпе нашага Цэнтра прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі падобныя ўстановы для дзяцей з АПФР створаны яшчэ ў васьмі гарадах краіны.

— Якасць вучэбнага працэсу любой установы адукацыі залежыць ад двух складнікаў: матэрыяльна-тэхнічнай базы і педагагічнага калектыву.
— Напэўна, каледж столькі гадоў у лідарах, што і з першым, і з другім у нас усё ў парадку. Наш калектыў — гэта каманда аднадумцаў. Кожны на сваім месцы. Усе работнікі таленавітыя, працавітыя, прафесіяналы сваёй справы. Прыемна гаварыць аб тым, што многія сённяшнія кадры — гэта нашы выпускнікі. Зараз у каледжы працуе звыш 250 чалавек, з іх 116 — былыя выпускнікі, прычым 24 — людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Педагагічны калектыў я лічу сапраўдным здабыткам каледжа. І гэта без усялякіх перабольшанняў. Аб выніковай працы кожнага работніка красамоўна гавораць яго дасягненні і ўзнагароды.
Менавіта дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, нам удалося стварыць у каледжы выдатныя ўмовы для навучання. Для забеспячэння якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу мы маем 48 вучэбных кабінетаў, 16 вытворчых майстэрнь, 11 лабараторый, 15 камп’ютарных класаў, а таксама шэраг спецыяльных электронных сродкаў навучання для павышэння ўзроўню адукацыі. З году ў год паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу атрымліваецца за кошт выкарыстання ўсіх наяўных рэзерваў. Усе памяшканні, пачынаючы ад фае і калідораў, вучэбных класаў і заканчваючы падваламі і гарышчам, у нас рацыянальна выкарыстоўваюцца, маюць сваё прызначэнне. Ні адно памяшканне не пустуе, а задзейнічана ў вучэбна-вытворчых мэтах. Яскравы прыклад таго — надбудаваны другі паверх у будынку майстэрнь, які дазволіў значна пашырыць іх плошчы, гаражна-лабараторны, лячэбна-аздараўленчы і бытавы комплексы ў цокальных памяшканнях будынкаў, музей каледжа і гісторыка-этнаграфічны музей, якія размясціліся на гарышчы, і многае іншае. Усяго за апошнія 17 гадоў дадаткова пабудавана і пераабсталявана звыш 4,5 тысячы квадратных метраў вучэбных плошчаў.

— Алег Адамавіч, важнае месца ў вучэбным працэсе займае выхаваўчая работа. Як яна вядзецца ў эканамічным каледжы?
— На гэты момант у нас склалася пэўная выхаваўчая сістэма, якая дазваляе сфарміраваць вучняў у самадастатковую, гарманічна развітую асобу. Галоўным кампанентам гэтай сістэмы з’яўляецца пазаўрочная дзейнасць. Для арганізацыі занятасці навучэнцаў у пазаўрочны час у каледжы працуюць 9 гурткоў, 10 спартыўных секцый, 8 факультатываў, 6 клубных фарміраванняў і 22 творчыя аб’яднанні. Усе яны разнапланавыя, кожны вучань можа знайсці занятак па душы. Таму і ахоп дзяцей занятасцю складае амаль 98 працэнтаў.
Немалая роля педагагічнымі работнікамі надаецца ідэалагічнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Для таго каб навучэнцы разумелі сваё месца ў грамадстве, у каледжы праводзяцца адзіныя дні інфармавання, сустрэчы з прадстаўнікамі выканаўчай улады і грамадскіх аб’яднанняў, святарамі Праваслаўнай царквы, вядзецца пошукавая работа, а таксама арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі па месцах гістарычнай і баявой славы. Нашы вучні прымаюць актыўны ўдзел у мітынгах, нясуць вахту памяці. Такім чынам, мы не проста вучым дзяцей грамадзянскасці і патрыятызму, а ўсяляем гэтыя пачуцці ў іх душы і сэрцы.
Упор робім і на працоўнае выхаванне. Штогод на занятках вытворчага навучання і ў гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці нашы навучэнцы ствараюць звыш 850 найменняў мастацкіх вырабаў з розных матэрыялаў. Усе яны адрозніваюцца высокай якасцю і эстэтыкай, пра што сведчыць дванаццацігадовы калейдаскоп дыпломаў рэспубліканскіх і абласных аглядаў. Акрамя таго, у нас пастаянна арганізоўваюцца працоўныя мерапрыемствы, якія ахопліваюць усю навучальную ўстанову. Так, акцыя “Квітней, наш каледж” дазволіла сіламі навучэнцаў і работнікаў ператварыць навакольную тэрыторыю ў 3 гектары ў сапраўдную паркавую зону з больш чым паўсотні кветнікаў, дэкаратыўнымі вадаёмамі з фантанамі, лаўкамі і альтанкамі, рознымі малымі архітэктурнымі формамі. Гэта карпатлівая праца адпаведна адзначана: тэрыторыя каледжа неаднаразова прызнавалася лепшай у абласным конкурсе сярод навучальных устаноў ПТА.
Асаблівае значэнне педагагічны калектыў надае развіццю талентаў і здольнасцей навучэнцаў. У гэтым плане мы таксама дасягнулі значных вынікаў. За апошнія 17 гадоў вучнямі ўстановы заваявана больш за 1700 пераможных і прызавых дыпломаў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах прафесійнага майстэрства, алімпіядах, аглядах і фестывалях мастацкай самадзейнасці, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, спартыўных спаборніцтвах. Менавіта са сцен нашага каледжа на вялікую сцэну выйшлі сёння ўжо вядомыя артысты беларускай эстрады — Алена Ланская і Іван Буслай.
Высокая эфектыўнасць нашай выхаваўчай работы пацверджана на ўзроўні Міністэрства адукацыі рэспублікі. У 2010 годзе МДПТЭК прызнаны лепшым арганізатарам работы па стварэнні ўмоў для творчай самарэалізацыі моладзі.

— Для ўстаноў адукацыі ўсіх профіляў адны з самых актуальных пытанняў зараз — гэта развіццё пазабюджэтнай дзейнасці і эканомія энергарэсурсаў. Як у каледжы ідуць справы ў гэтым напрамку дзейнасці?
— Мы заўсёды стараемся ісці ў нагу з часам. Пазабюджэтная дзейнасць дазваляе ўстановам адукацыі набыць дадатковую незалежнасць. Сёння ў каледжы добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Мы гэтым ганарымся. А яшчэ больш ганарымся тым, што значная частка таго, што мы маем, набыта на ўласна заробленыя сродкі.
Пачыналі мы з рэалізацыі гатовай прадукцыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выраб якой высока развіты ў каледжы. Даходы ад гэтай дзейнасці дазволілі значна пашырыць спектр паслуг. Мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць і развіваць тое, што маем. Зараз у каледжы эфектыўна працуюць музычны салон, лячэбна-аздараўленчы і спартыўны комплексы, трэнажорная і тэнісная залы, сталовая, буфет, абутковая майстэрня, пральня, цырульня, ажыццяўляецца падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорыі “B” і “С”, дзейнічае станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і інтэрнэт-кафэ, аказваюцца турыстычныя паслугі і паслугі аргтэхнікі. Акрамя таго, у нас працуе аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі з сучасным імпартным абсталяваннем, набытым за кошт толькі пазабюджэтных сродкаў.
Зроблена нямала. Але, нягледзячы на тое, што напрамкі ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці ў нас шырокія, на дасягнутым мы не спыняемся. У нас яшчэ шмат планаў, і ўсе іх мы нацэлены рэалізаваць.

— А што наконт энергазберажэння?
— Энергарэсурсы таксама эканомім усімі магчымымі спосабамі. Не так даўно завершана поўная тэрмарэнавацыя ўсіх будынкаў, праведзена замена аконных і дзвярных блокаў, тэхнічнага абсталявання сталовай, а таксама бытавых прыбораў у інтэрнатах. Значнай эканоміяй цеплаэнергіі стала забеспячэнне кожнага радыятара фальгіраванай плёнкай, устаноўка па перыметры тэрыторыі ўстановы пяці пражэктараў з датчыкамі інфрачырвонага выпраменьвання, рэгулявання цепланосьбіта на воданагравальніку і батарэях ацяплення. Электрычнасць дапамагаюць эканоміць устаноўленыя ва ўсіх вучэбных класах і майстэрнях энергазберагальныя люмінесцэнтныя лямпы. Такое тэхнічнае абсталяванне каштуе нямала, але яно апраўдвае сябе, бо дазваляе штогод эканоміць каля 300 млн рублёў.

— Як гаворыцца ў народзе, па працы і гонар. А, мяркуючы па вашай плённай рабоце, напэўна, і поспехі адпаведныя?
— Дзякуючы лепце кожнага работніка, які адказна выконвае сваю справу, каледжу сёння сапраўды ёсць чым ганарыцца. З 1998 па 2015 год мы нязменна з’яўляемся лідарамі працоўнага спаборніцтва сярод прафесійна-тэхнічных устаноў Магілёўшчыны. Каледж на працягу 9 гадоў заносіцца на абласную Дошку гонару як лепшая ўстанова прафтэхадукацыі. За шматгадовае лідарства і ўклад у развіццё прафесійнай адукацыі рэгіёна ў 2009 годзе нам на бестэрміновае захоўванне быў перададзены адпаведны сцяг пераможцы. Але самага значнага дасягнення мы дабіліся сёлета. Каледж удастоены занясення на рэспубліканскую Дошку гонару.

— Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж сёння можна з упэўненасцю назваць установай са знакам якасці. Па ўсіх паказчыках вы на лідзіруючых пазіцыях. У чым сакрэт такіх вынікаў? Можа, ёсць нейкая формула поспеху?
— Я з задавальненнем раскрыў бы сакрэт поспеху, але яго папросту няма. Усе дасягненні — вынік плённай працы. Наш калектыў працуе, пастаянна ўдасканальваючы свае навыкі, не лянуючыся думаць і браць адказнасць на сябе. З году ў год мы планамерна выконваем сваю галоўную мэту — забяспечваем якасць навучання нашых выхаванцаў. Кожны работнік адданы працы. А дзе самааддача, там і поспех.

Усяляе веру ў цуд

Усё прафесійнае жыццё Ірыны Мельнікавай заключаецца рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Да гэтага яна імкнулася свядома, ёй хацелася аказваць дапамогу асаблівым дзецям.

Атрымаўшы дыплом адпаведнай спецыяльнасці МДУ імя А.А.Куляшова, працоўны шлях Ірына Міхайлаўна пачала ў адным з дзіцячых садкоў Магілёва. Там працавала некалькі гадоў. А як толькі на базе эканамічнага каледжа адкрыўся Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей з АПФР, стала працаваць педагогам-дэфектолагам у ім. З нядаўняга ж часу Ірына Мельнікава ўзначальвае цэнтр.
— З першага для работы ў каледжы я імкнуся рэалізаваць адну з самых гуманных ідэй у дачыненні да дзяцей-інвалідаў — ідэю роўных правоў і роўных магчымасцей, — кажа Ірына Міхайлаўна.
Яна прытрымліваецца думкі, што нават самы цяжкі дыягназ не прысуд. Любое дзіця мае права на цуд, на рэалізацыю сябе і сваіх здольнасцей.
— Мы імкнёмся дастукацца да ўнутранага свету нашых навучэнцаў. Праз цярпенне, дабрыню і любоў падыход атрымліваецца знайсці да кожнага. І як вынік — дапамагчы ўсім нашым дзецям ва ўласным і прафесійным станаўленні, — адзначае Ірына Міхайлаўна.
Характэрна, што ў сваёй рабоце Ірына Мельнікава пастаянна выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя і тэхнічныя інавацыі. Не так даўно ёю была створана напрацоўка па сацыяльна-педагагічным і псіхалагічным суправаджэнні навучэнцаў.
— Усю работу мы падзялілі на крокі: аналітыка, дыягностыка, карэкцыя, прафілактыка, асвета, кансультацыі. Такі падзел дазволіў зрабіць кожны этап больш эфектыўным і на выхадзе дасягнуць значнага паляпшэння псіхалагічнага стану дзяцей, — распавяла Ірына Міхайлаўна.
Дарэчы, на аснове гэтай напрацоўкі і па ініцыятыве Ірыны Мельнікавай у эканамічным каледжы быў створаны сучасны кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, які неаднаразова прызнаваўся лепшым на адпаведным абласным аглядзе-конкурсе.
Ірына Міхайлаўна стараецца быць у курсе ўсіх новаўвядзенняў у педагогіцы і псіхалогіі, яна пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, абменьваецца вопытам з калегамі, прымае ўдзел у рэспубліканскіх, міжнародных семінарах і канферэнцыях. Станоўчыя напрацоўкі ўмела прымяняе ў дзейнасці Цэнтра рэабілітацыі.
Работа Ірыны Мельнікавай адзначана граматамі Міністэрства адукацыі і абласнога ўпраўлення адукацыі. Але асабістыя ўзнагароды для яе не такія важныя. Галоўнае — гэта выпускнікі: больш за 1200 асаблівых дзяцей, якія знайшлі ў Цэнтры рэабілітацыі сябе, сваё месца ў жыцці і грамадстве.

Працоўнае жыццё на карысць роднай установы

На рахунку Вікторыі Мікалаеўны Гладковай амаль 40 гадоў педагагічнага стажу, і ўсе ў адной навучальнай установе — Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы.

Па спецыяльнасці Вікторыя Гладкова — інжынер хімічнай прамысловасці. 10 гадоў працавала на вытворчасці, але потым нечакана паклікала педагогіка.
— У пачатку 80-х мне прапанавалі пасаду выкладчыка агульнатэхнічных дысцыплін у тагачасным вучылішчы хімікаў. Я пагадзілася і не шкадую, бо ў педагагічнай дзейнасці сапраўды змагла рэалізаваць свой патэнцыял, — падзялілася Вікторыя Мікалаеўна.
Выкладчыкам у каледжы Вікторыя Гладкова працавала 18 гадоў. Пасля была шматгадовая праца загадчыцы аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі На абедзвюх пасадах Вікторыя Мікалаеўна паказала сябе высокакваліфікаваным, таленавітым спецыялістам. Цяпер, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працуе ў каледжы ў якасці педагога дадатковай адукацыі.
Вікторыя Гладкова памятае эканамічны каледж у розныя перыяды: у перыяд яго заняпаду, станаўлення, росквіту. Таму не дзіўна, што менавіта яна выступіла ініцыятарам стварэння музея ўстановы.
— Работа над стварэннем музея гісторыі развіцця нашай навучальнай установы пачалася ў 2006 годзе. Тады ж ён і быў адкрыты. Падыход да арганізацыі экспазіцый мы выбралі крыху неардынарны. Сем залаў, якія цяпер налічваюць больш за 9 тысяч экспанатаў, размясціліся ў рэкрэацыях і калідорах каледжа. Гэты арыгінальны падыход надае музею дадатковы выхаваўчы патэнцыял, бо навучэнцы маюць магчымасць пастаянна бачыць перад вачыма экспазіцыі і больш падрабязна з імі знаёміцца, — адзначыла Вікторыя Мікалаеўна.
Паводле яе слоў, стварыўшы адзін музей, захацелася большага. У 2013 годзе быў адкрыты гісторыка-этнаграфічны музей плошчай 317 квадратных метраў. Размясціўся ён, дарэчы, на гарышчы ўстановы.
Але і на гэтым у эканамічным каледжы вырашылі не спыняцца. Як заўважыла Вікторыя Мікалаеўна, на канец гэтага года запланавана адкрыццё асобнай экспазіцыі, якая будзе расказваць пра гісторыю непасрэдна эканамічнага каледжа.
Немалаважна, што за музейнай працай Вікторыя Гладкова не забываецца і пра сваю дзейнасць як педагога дадатковай адукацыі. Яна вядзе аб’яднанне па інтарэсах, на якім прывівае навучэнцам высокамастацкі густ, развівае іх дызайнерскія таленты.

З самааддачай да кожнай справы

Людміла Сёмчына марыла звязаць прафесійную дзейнасць з журналістыкай, але лёс павярнуў яе жыццё ў іншы бок — і яна стала настаўнікам.

— Школу я скончыла з залатым медалём, была прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Імкнулася паступіць на журфак БДУ, але ў выніку стала студэнткай філалагічнага факультэта. Тады, здавалася, страціла сваю мару, а цяпер разумею: усё было да лепшага, — кажа Людміла Тадэвушаўна.
Атрымаўшы кваліфікацыю “настаўнік рускай мовы і літаратуры”, Людміла Сёмчына адправілася працаваць педагогам на родную Гродзеншчыну, у Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна. Менавіта там прайшла станаўленне як педагог. Там жа сустрэла будучага мужа, які аказаўся магіляўчанінам. Так Людміла Тадэвушаўна апынулася ў Прыдняпроўскім краі.
— Гэта быў 1997 год. Я шукала работу і даведалася, што педагогі патрэбны ў тагачаснае вучылішча хімікаў. Установа была не самай прэстыжнай, але дырэктар паабяцаў, што калі ўвесь педагагічны калектыў будзе імкнуцца да лепшага, то хутка ўсё зменіцца. Так і выйшла! — адзначае Людміла Сёмчына.
Працоўная дзейнасць Людмілы Тадэвушаўны ўжо амаль 20 гадоў звязана з эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжам. Паводле яе слоў, гэтыя гады праляцелі непрыметна.
— Тут, у каледжы, мне ўдалося рэалізаваць усе інавацыйныя творчыя задумкі і планы, бо наш дырэктар падтрымлівае любыя наватарскія ідэі, — падкрэслівае суразмоўніца.
Працуючы педагогам рускай мовы і літаратуры, Людміла Сёмчына па сумяшчальніцтве была яшчэ і куратарам вучэбнай групы. У той час яна зацікавілася пытаннямі выхавання маладых людзей.
— Мяне вельмі хвалявала гэтая праблема. Напрыканцы 90-х у нашай установе перыядычнымі былі выпадкі здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў навучэнцамі. Сітуацыю неабходна было выпраўляць, — дзеліцца Людміла Тадэвушаўна.
Вынікам яе карпатлівай працы стала аўтарская комплексная праграма выхавання “Я чалавек. Я грамадзянін. Я асоба”, якая на гэты момант рэкамендавана рэцэнзентамі да выкарыстання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Заўважыўшы актуальныя распрацоўкі Людмілы Сёмчынай, ёй прапанавалі паўдзельнічаць у абласным конкурсе “Лепшы куратар вучэбнай групы”. Яна пагадзілася… і перамагла. Далей быў удзел у аналагічным рэспубліканскім конкурсе, у якім Людміла Тадэвушаўна стала адной з суперфіналістаў. А потым — перамога ў раённым конкурсе на званне “Лепшы па прафесіі”.
Праз некаторы час Людміла Сёмчына была прызначана загадчыцай аддзялення ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Новая пасада, новыя абавязкі таксама хутка захапілі неардынарнага педагога: яна рэалізавала сваю юнацкую мару пра журналістыку, арганізаваўшы выданне штомесячнай малатыражнай газеты “Профі”. Актыўна працягвала займацца даследчай дзейнасцю. Інфармацыйна-камунікацыйны праект “Пераадолець бар’еры”, распрацаваны Людмілай Сёмчынай у суаўтарстве з педагогам Аленай Зязюлінай, быў адзначаны спецыяльным прызам Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і заняў 1 месца на Рэспубліканскім аглядзе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”.
Наогул, магчымасць самарэалізацыі дзяцей з асаблівасцямі — адна з найбольш хвалюючых тэм для Людмілы Сёмчынай. Яна прымала непасрэдны ўдзел у распрацоўцы рэгіянальнай падпраграмы “Дзеці-інваліды” ў рамках прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”. Як вынік, на аддзяленні ССА каледжа ўдалося выбудаваць сістэму работы, якая дазваляе дзецям з асаблівасцямі атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю. За 7 гадоў гэтую магчымасць выкарысталі 257 асаблівых навучэнцаў, якія цяпер паспяхова працуюць па атрыманых спецыяльнасцях.
З такой жа самааддачай Людміла Тадэвушаўна аказвае метадычную дапамогу педагогам, праводзіць адкрытыя ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы. Такая любоў да сваёй справы, да педагогікі, не магла застацца незаўважанай. За плённую працу Людміла Сёмчына адзначана граматай і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, а таксама шматлікімі ўзнагародамі мясцовых выканаўчых улад.

Наватар і выхавальнік

Магілёўскі эканамічны каледж — своеасаблівы перадавік у плане эканоміі энергарэсурсаў. У гэтым ёсць заслуга педагога дадатковай адукацыі Аляксандра Краснова. Менавіта ён ініцыятар практычна ўсіх тэхнічных перааснашчэнняў, дзякуючы якім каледжу штогод удаецца эканоміць мільённыя бюджэтныя сродкі.

У калектыве каледжа Аляксандр Уладзіміравіч з 1998 года. Амаль 10 гадоў працаваў механікам, столькі ж — педагогам дадатковай адукацыі.
— Гэта сапраўдны наватар. Заўсёды ў курсе ўсяго перадавога і імкнецца ўкараніць любыя новаўвядзенні ў работу каледжа, — так адазваўся пра Аляксандра Краснова дырэктар.
І сапраўды, па ініцыятыве Аляксандра Уладзіміравіча ў каледжы штогод праводзіцца вялікая работа па энергазберажэнні. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам ва ўстанове цалкам заменена сістэма водаправодаў, праведзена тэрмарэнавацыя ўсіх будынкаў, замена рознага тэхнічнага абсталявання, усюды ўстаноўлены энергазберагальныя люмінесцэнтныя лямпы. Падобнае перааснашчэнне дазволіла знізіць спажыванне цеплавой і электрычнай энергіі ў каледжы амаль у два разы.
— Да эканомнага расходавання энергіі мы прывучаем і навучэнцаў. У кожным класе ўстановы ёсць сучасныя вучэбныя стэнды, выкладчыкамі распрацаваны спецыялізаваныя курсы па вучэбных прадметах, функцыянуе ў нас і інфармацыйны цэнтр па прапагандзе і навучанні асновам энергазберажэння, — адзначае Аляксандр Уладзіміравіч.
Акрамя маштабнай работы па энергазберажэнні, Аляксандр Красноў паспявае займацца і дадатковай адукацыяй дзяцей. Яго гурток “Юны патрыёт” карыстаецца высокай папулярнасцю ў вучняў, у сувязі з чым заняткі праводзяцца амаль кожны вучэбны дзень.
— Педагог павінен быць яшчэ і выхавальнікам, — лічыць Аляксандр Уладзіміравіч, таму, акрамя асноў беражлівага стаўлення да рэсурсаў, вучыць дзяцей патрыятызму і прывівае ім любоў да Радзімы.

Прыклад для пераймання

— Чалавек-маяк, чыё жыццё, вытрымка і сіла волі могуць служыць прыкладам для пераймання. Высакакласны спецыяліст, добры педагог, — так ахарактарызаваў дырэктар каледжа майстра вытворчага навучання Уладзіміра Дзем’яновіча. Размаўляючы з Уладзімірам Пятровічам, разумееш: такая характарыстыка поўнасцю адпавядае рэчаіснасці.

Да 9 класа Уладзімір Дзем’яновіч быў звычайным падлеткам: хадзіў у агульнаадукацыйную школу, ганяў мяч у двары, бегаў з сябрамі на раку. Але нечаканы няшчасны выпадак кардынальна змяніў яго жыццё.
— Няўдала нырнуў, — з нацяжкай усміхаецца Уладзімір. — У выніку бальніцы, потым інваліднасць. Здавалася, на нармальным жыцці можна паставіць крыж. Мяне нават ахапіла поўная апатыя. Але потым мы даведаліся пра эканамічны каледж, магчымасці навучання тут. Я захапляўся інфармацыйнымі тэхналогіямі, а ў каледжы была адпаведная спецыяльнасць.
Вучоба, па словах Уладзіміра, давалася лёгка. І педагогі, і аднакурснікі ставіліся да яго як да роўнага, ва ўсім дапамагалі. У выніку, атрымаўшы дыплом аператара ЭВМ, Уладзімір Дзем’яновіч працягнуў вучыцца на другой ступені навучання.
— Гады вучобы заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. Але асабліва ярка памятаю момант атрымання дыплома. Павіншаваць нас прыязджала Алёна Ланская. А мне не верылася, што я стаў тэхнікам-праграмістам, — расказаў Уладзімір Пятровіч.
Яшчэ больш ён быў здзіўлены, калі яму прапанавалі застацца працаваць у каледжы ў якасці майстра вытворчага навучання. Адказ на такую прапанову, вядома, быў станоўчым.
Зараз Уладзімір Дзем’яновіч жыве паўнавартасным жыццём, насычаным падзеямі. Ён прывівае прафесійныя практычныя навыкі дзецям, якія выбралі спецыяльнасць “Аператар ЭВМ”, вядзе факультатывы, арганізоўвае нефармальныя сустрэчы з навучэнцамі з асаблівасцямі, каб дапамагчы ім адаптавацца ў каледжы, паверыць у свае сілы. У вольны ад заняткаў час майстар займаецца распрацоўкай праграм, электронных падручнікаў у дапамогу навучэнцам. Актыўны ўдзел Уладзімір Пятровіч прымае і ў грамадскім жыцці роднай навучальнай установы. Ён добра спявае і з’яўляецца пастаянным удзельнікам усіх масавых мерапрыемстваў каледжа.
— Я сёння шчаслівы чалавек. У мяне ёсць сябры, калегі і любімая работа, дзе ёсць усе магчымасці для самарэалізацыі, — падкрэсліў Уладзімір Дзем’яновіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.