Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі багаты на мерапрыемствы, якія дазваляюць дзецям і іх бацькам даведацца пра дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, выбраць заняткі на свой густ. Захапленне, якому аддаецца перавага ў дзяцінстве, нярэдка становіцца справай усяго жыцця.
У Мінску больш за 20 устаноў дадатковай адукацыі. Яны ёсць у кожным раёне. Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі — адзін з найбуйнейшых сацыяльна-культурных і адукацыйных цэнтраў краін СНД і Еўропы, член Еўрапейскай асацыяцыі ўстаноў пазашкольнай адукацыі. Сёлета ў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі юбілей — 50 гадоў. На сучасным этапе развіцця ва ўстанове дзейнічае мноства гурткоў, секцый і клубаў, працуе больш за 400 педагогаў, а пачынаў сваю гісторыю палац з трох аддзелаў, 20 гурткоў і такой жа колькасці педагогаў.Па словах дырэктара Галіны Леанідаўны Шкляр, сёння ў палацы дзейнічаюць больш за 800 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць каля 8 тысяч чалавек. У палацы рэгулярна праводзяцца выставы работ навучэнцаў. Адна з такіх выстаў і была арганізавана з нагоды тэматычнага тыдня. У гэтыя дні ў палацы праводзяцца дні адкрытых дзвя-рэй, паказальныя майстар-класы. Заўтра, 13 верасня, у палацы дзяцей і моладзі адбудзецца свята “Прывітанне, палац!”. Запланаваная святочная праграма будзе насычанай і цікавай. Гэта канцэрт, конкурсы, віктарыны, інтэрактыўныя гульні для дзяцей і дарослых, тэатралізаваныя паказы, спаборніцтвы па аўта- і суднамадэлізме, спартыўныя спаборніцтвы, майстар-класы, выстава жывёл і шмат чаго іншага, цікавага, запамінальнага.
Юбілейным гэты год стаў і для іншай установы дадатковай адукацыі — Палаца дзяцей і моладзі “Золак”, якому споўнілася 40 гадоў. Палац знаходзіцца ў Заводскім раёне і мае яшчэ 10 філіялаў. Акрамя дзён адкрытых дзвярэй, прэзентацый, кансультацый для бацькоў, канцэртнай праграмы, “Золак” у рамках Тыдня праводзіў майстар-класы, прэзентацыі новых гурткоў. Ужо адбыліся паказальныя палёты авіямадэляў. Гурткоўцы прадставілі свае лепшыя работы, а яшчэ дазволілі кожнаму жадаючаму пакіраваць імі. Здзейсніць захапляльнае падарожжа ў эпоху рыцарства можна было разам з удзельнікамі тэматычнага клуба. Прэзентацыя дзейнасці гурткоў “Займальная заалогія” і “Юны арнітолаг” таксама праходзіла ў пазнавальнай і цікавай форме. Наведвальнікі змаглі паназіраць за насельнікамі экзатарыуму. На тэрыторыі палаца былі праведзены інтэрактыўныя гульні, у якіх удзельнічалі каля 200 чалавек. Майстар-класы арганізоўваюцца не толькі ў “Золаку” і яго філіялах, педагогі ўстановы выязжаюць у школы і дзіцячыя садкі.
“Золак” рэгулярна праводзіць дабрачынныя акцыі для дзіцячых дамоў і дзяцей-інвалідаў. Акрамя пастановак, песень і танцаў, гурткоўцы прывозяць дзецям падарункі — сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Разам з дзецьмі ў палацы займаюцца і бацькі, яны могуць асвоіць любую справу: роспіс адзення і прадметаў інтэр’еру, валенне, лялечны дызайн, фларыстыку, фотадызайн, арт-тэрапію. Для кожнага ўзросту тут знойдзецца занятак па душы. Як паведаміла дырэктар “Золака” Наталля Вячаславаўна Басарэўская, палац вывучае патрэбы і інтарэсы дзяцей і іх бацькоў, што дазваляе педагогам убачыць прабелы ў сваёй працы, запоўніць іх. Ва ўстанове бацькі і дзеці могуць звярнуцца да псіхолагаў. А яшчэ на базе “Золака” летам дзейнічаюць дзіцячыя лагеры з дзённым знаходжаннем, а таксама палатачныя лагеры і загарадныя змены.
Здорава, з карысцю арганізоўваюць свой час наведвальнікі Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Па словах намесніка дырэктара па метадычнай рабоце Вольгі Мікалаеўны Домнічавай, у рамках Тыдня турыстычна-экалагічны цэнтр 11 і 12 верасня праводзіць гарадскія спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму “Вераснёўскае спатканне”. Удзельнікам каманд з усіх раёнаў сталіцы на спецыяльна абсталяваным палігоне неабходна пераадолець купіны, пад’ём па схіле, навясную пераправу і г.д. Сёння ў парку імя Максіма Горкага цэнтр арганізоўвае гарадскія спаборніцтвы па тэхніцы воднага турызму “Свіслач-2015”. Таксама адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў гарадскога агляду-конкурсу на лепшы праект па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацый сталіцы “Формула саду-2015”, якая пройдзе ў заапарку на беразе Свіслачы. Акрамя заняткаў па профілях, конкурсаў і спаборніцтваў, выхаванцы турыстычна-экалагічнага цэнтра змогуць наведаць самыя прыгожыя мясціны Беларусі — кожныя выхадныя яны адпраўляюцца ў вандроўкі.
Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.