Выбар прафесіі паспеху не церпіць

- 11:17"Настаўніцкай газеце" — 70

Роўна 10 гадоў назад журналіст “Настаўніцкай газеты” Марыя Бардашун пісала пра тое, што прафарыентацыйнай работай з навучэнцамі займаюцца многія арганізацыі, а больш канкрэтна расказвала пра вопыт Заводскага раёна сталіцы. “Час патрабуе падняць прафарыентацыйную работу на новы ўзровень. Для павышэння яе эфектыўнасці неабходна каардынацыя намаганняў усіх зацікаўленых структур”, — гучала ў матэрыяле, што быў надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце” ў верасні 2005 года. Мы вырашылі паехаць па тым жа адрасе ў Мінску, што і тады, — вуліца Пляханава, 16 — і паглядзець, як прафарыентацыйная работа са школьнікамі вядзецца сёння.

Паспрабаваць і вызначыцца

Аддзяленне дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў 8—11 класаў Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання, які ўзначальвае Аляксандр Іванавіч Кавалёнак, адкрылася два гады назад на месцы вучэбна-вытворчага камбіната. Загадвае аддзяленнем Алена Аляксандраўна Друпава, спецыяліст, што называецца, шырокага профілю, бо мае адукацыю і інжынера-механіка, і сацыяльнага педагога.
“Адна з самых цікавых форм работы ВВК — спецыяльны курс для дзевяцікласнікаў, які дае магчымасць за адзін год паспрабаваць сябе ў розных прафесіях: на працягу першай чвэрці падлетак вывучае, напрыклад, металаапрацоўку і абавязкова атрымлівае практычныя навыкі; потым — сталярную справу, таксама з практычнага боку”, — пісала ў 2005 годзе наш карэспандэнт.
— Прыкладна па тым жа прынцыпе мы працуем і зараз, — каменціруе старую публікацыю Алена Аляксандраўна. — Называем такі спосаб дапрафесійнай падрыхтоўкі блочна-кальцавым метадам. Навучэнцы самі выбіраюць, калі праходзіць такую падрыхтоўку на працягу навучальнага года — або у 8, або ў 9 класе, і ўвесь гэты год знаёмяцца з адной рабочай прафесіяй у чвэрць. Зараз, як расказала загадчык аддзялення, васьмі- і дзевяцікласнікаў знаёмяць з прафесіямі па некалькіх профілях: машынабудаўнічым — кваліфікацыі “вадзіцель”, “слесар па рамонце аўтамабіляў”, “слесар механазборачных работ”; будаўнічым — кваліфікацыі “муляр”, “майстар аддзелачных работ”, “сталяр”; сферы абслугоўвання — “цырульнік”, “швачка”, “кухар”, “рабочы зялёнага будаўніцтва”, “сакратар”. Сёлета хлопцам і дзяўчатам прапаноўваецца і пашыраны блок сацыяльных прафесій па кваліфікацыях “сацыяльны работнік”, “выхавальнік”, “малодшая медыцынская сястра”. Усе прафесіі, як бачна, вельмі запатрабаваны на рынку працы.
— Галоўнае, што мы імкнёмся даць школьнікам, — заўважае мая суразмоўніца, — гэта добрае знаёмства з як мага больш шырокім колам рабочых прафесій. Каб кожны пасля праходжання дапрафесійнай падрыхтоўкі разумеў, што яму падыходзіць, а што дакладна не. Таму не толькі расказваем аб пэўных спецыяльнасцях, але і возім дзяцей на экскурсіі ў адпаведныя ліцэі, напрыклад, у прафесійна-тэхнічны ліцэй № 7 будаўнікоў, канечне, актыўна задзейнічаем свой ліцэй № 14.
З выбарам разабрацца нескладана, бо, як і раней, у вучэбна-вытворчым камбінаце, у аддзяленні працуе псіхолаг. Зараз гэта Еўдакія Аляксандраўна Луганская, якая праводзіць кансультацыі па выбары прафесіі, а таксама заняткі па здаровым ладзе жыцця і заняткі для будучых выпускнікоў па тэме “Абітурыент” з аналізам мінулай прыёмнай кампаніі, вынікаў здачы цэнтралізаванага тэсціравання, прафесій, запатрабаваных на рынку працы.

Майстры навучаць

Як і раней, “дзіця можа даведацца пра свае здольнасці, асаблівасці памяці, мыслення, асобасныя якасці, згодна з якімі яму можа быць рэкамендавана пэўная прафесія, і адразу ж атрымаць інфармацыю аб патрабаваннях гэтай прафесіі і навучальных установах, дзе такую спецыяльнасць можна атрымаць”. Менавіта так у нашай газеце калісьці апісваліся перавагі камп’ютарнага тэсціравання.
Зараз усё, канечне, праходзіць з дапамогай удасканаленых тэстаў, сучасных методык, але прынцып той жа: не пакінуць юнакоў і дзяўчат без прафесійнай дапамогі ў выбары лёсу, дапамагчы дакладна вызначыцца з напрамкам будучай дзейнасці. Прычым прайсці такое тэсціраванне бясплатна могуць не толькі дзеці, якія наведваюць заняткі ў аддзяленні, але і ўсе жадаючыя школьнікі.
Сёлета ў аддзяленні дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі навучаюцца 1544 чалавекі з 23 школ Заводскага і 8 школ Партызанскага раёна. Гэта, трэба прызнаць, значны прагрэс у параўнанні з мінулым годам, калі ў аддзяленні навучаліся школьнікі з 19-ці агульнаадукацыйных устаноў Заводскага і 4-х Партызанскага раёнаў Мінска. Сёлета да навучэнцаў аддзялення далучыліся, напрыклад, хлопцы і дзяўчаты з сярэдняй школы № 43 Мінска. Другі год запар аддзяленне супрацоўнічае са школай № 18, дзе вучацца дзеці з парушэннямі слыху і маўлення. 12 чалавек знаёмяцца з прафесіямі, якія яны могуць атрымаць у далейшым, напрыклад, швачкі або маляра-тынкоўшчыка.Выкладаюць жа ў аддзяленні 13 майстроў вытворчага навучання: 10 штатных супрацоўнікаў і тры чалавекі, якія прыходзяць з ліцэя № 14. Так, падчас майго візіту ў аддзяленне ў кабінет загадчыцы зайшла маладая выкладчыца ліцэя Алеся Валер’еўна Нікіціна, якая навучае новай прафесіі — сацыяльны работнік. Яна якраз збіралася ехаць са сваімі навучэнцамі ў адзін з дамоў-інтэрнатаў сталіцы, каб тыя на свае вочы ўбачылі, што значыць быць сацыяльным работнікам. А будучых слесараў па рамонце аўтамабіляў навучае вопытны майстар Мікалай Віктаравіч Камароўскі, вучыцца ў яго заўсёды шмат жадаючых. Майстар Вольга Іванаўна Рыбачак, акрамя таго, што мае спецыяльную адукацыю, з’яўляецца дыпламаваным спецыялістам па прафарыентацыі.
“Кожны майстар ВВК з’яўляецца куратарам адной са школ раёна, у яго абавязкі ўваходзіць і арганізацыя прафарыентацыйнай работы “на месцах”, — чытаем у матэрыяле “Настаўніцкай газеты” дзесяцігадовай даўнасці. Таксама і сёння майстры курыруюць школы свайго раёна, выязджаюць і на сустрэчы з навучэнцамі, і на бацькоўскія сходы, паказваюць прэзентацыйныя матэрыялы. Гэты спосаб супрацоўніцтва даўно і надзейна ўвайшоў у вопыт прафарыентацыйнай работы з агульнаадукацыйнымі ўстановамі. Тут працягваюць таксама супрацоўнічаць з мясцовым ваенкаматам (у яго архівах, напрыклад, працуюць будучыя сакратары-справаводы), службай занятасці насельніцтва, гарадскім цэнтрам прафарыентацыі моладзі.

Ведаць і ўмець

— Аўтаслесар, бадай, самая папулярная ў нас кваліфікацыя, — заўважае А.А.Друпава, — наступная па запатрабаванасці — кухар. Улічваючы тое, што мы перайшлі ў сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, другі год даём старэйшым навучэнцам новую прафесію — член брыгады аб’екта хуткага абслугоўвання (рэстаран) з прысваеннем другога разраду, гэта кухары-афіцыянты. Сёння ў гэтай групе ў нас 27 школьнікаў.
Дарэчы, сёлета адноўлена навучанне па такой прафесіі, як малодшая медыцынская сястра па доглядзе хворых, для вытворчага навучання па якой заключаны дагавор з 5-й клінічнай бальніцай Мінска. Аднавілі або ўпершыню ўвялі сёлета і яшчэ некалькі кваліфікацый — “аператар ПЭВМ” з вывучэннем на працягу 56 гадзін англійскай мовы, “камплектоўшчык тавараў, прыёмшчык тавараў”, “сталяр”. Акрамя гэтых, старшакласнікі могуць атрымаць кваліфікацыі “справавод”, “цырульнік”, “памочнік выхавальніка ўстановы дашкольнай адукацыі”, названыя ўжо “аўтаслесар”, “майстар аддзелачных работ”, “швачка”, “слесар-рамонтнік”, “член брыгады хуткага абслугоўвання”.
На заняткі васьмі- і дзевяцікласнікі прыязджаюць раз у тыдзень на дзве гадзіны пасля ўсіх урокаў. Дзесяці- і адзіннаццацікласнікі — пасля двух урокаў у школе на дзве гадзіны тэорыі і чатыры практыкі. І калі для больш малодшых школьнікаў заняткі носяць азнаямленчы і кансультацыйны характар з невялікай практыкай, напрыклад, для швачак, то дзесяці-, адзінаццацікласнікі займаюцца ў аддзяленні два гады, здаюць выпускныя экзамены, атрымліваюць пэўную кваліфікацыю або рабочы разрад і пасведчанне. Раней, як расказала Алена Аляксандраўна, да 45% школьнікаў працягвалі навучанне ці працавалі па атрыманай спецыяльнасці пасля заканчэння школы. Вынікі па мінулым годзе пакуль канчаткова не падведзены, але паглядзець, колькі падлеткаў вырашылі прадоўжыць навучанне, распачатае ў аддзяленні дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі, будзе вельмі цікава.
Важна адзначыць, што кожны навучэнец 10 класа прыносіць у аддзяленне медыцынскую даведку з заключэннем урача аб тым, па якіх прафесіях ён можа навучацца. У пэўнай ступені гэта, канечне, таксама служыць прафарыентацыі школьнікаў, бо дзіця будзе загадзя, да заканчэння школы, ведаць, што тыя ці іншыя прафесіі яму супрацьпаказаны. А вось для прафесій малодшая медыцынская сястра па доглядзе хворых, памочнік выхавальніка, справавод, сацыяльны работнік медыцынскіх проціпаказанняў практычна няма.

***

Не бяруся рабіць выснову, ці прыжывецца такая форма прафарыентацыйнай работы, як аддзяленні дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў (а яны ёсць яшчэ ў некалькіх раёнах Мінска), але ведаю: чым больш цікавай, насычанай і практыка-арыентаванай з’яўляецца прафарыентацыя школьнікаў, тым большы плён яна дае. Асабліва ў тым, што тычыцца рабочых прафесій, вельмі запатрабаваных эканомікай і грамадствам.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.