Работа ў сучаснай школе патрабуе ад настаўніка прымянення эфектыўных метадаў у час урочных заняткаў, якія спрыяюць якасна новай арганізацыі вучэбнага працэсу. У маёй практыцы такім інструментам стала крытэрыяльнае ацэньванне.
Крытэрыяльныя шкалы ацэнкі разнастайныя па відах, выконваюць розныя дыдактычныя функцыі, маюць свае асаблівасці і прынцыпы. Вядучая ідэя выкарыстання крытэрыяў ацэнкі ў працэсе кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і навучэнцаў у тым, што самі навучэнцы выступаюць актыўнымі суб’ектамі кантролю і ацэнкі сваіх вучэбных дасягненняў. Зразумелыя і канкрэтныя для навучэнцаў крытэрыі ацэнкі да ўрокаў, выканання дамашняга задання ці пры напісанні праверачнай работы спрыяюць павышэнню іх пазнавальнай актыўнасці і робяць прадукцыйным адукацыйны працэс, паколькі кожны навучэнец бачыць, чаму ён павінен навучыцца (згодна са сваім узроўнем навучанасці), пра што ў яго будзе пытацца настаўнік і што будзе ацэньвацца. Крытэрыяльнае ацэньванне служыць своеасаблівым “пагадненнем” паміж мной і маімі вучнямі.
Для навучэнца крытэрыі:
- дапамагаюць больш дакладна зразумець мэты ўрока;
- канкрэтызуюць як свае, так і чаканні настаўніка;
- змяшчаюць канкрэтныя рэкамендацыі да пэўных відаў работы;
- спрыяюць актывізацыі і павышэнню якасці навучання, паколькі навучэнцы падзяляюць адказнасць за вынік;
- павышаюць самастойнасць пры навучанні, самаацэнцы і рэфлексіі сваёй кампетэнтнасці;
- знімаюць пытанне: “А чаму мне такая адзнака?”.
Для настаўніка:
- з’яўляюцца арыенцірамі ў вучэбна-пазнавальным працэсе;
- дапамагаюць вызначыць ступень дасягнення пастаўленай мэты ўрока;
- дазваляюць дыягнаставаць паспяховасць засваення вучэбнага матэрыялу, узровень сфарміраванасці практычнага навыку;
- робяць працэс ацэньвання больш празрыстым і аб’ектыўным;
- дапамагаюць выявіць цяжкасці і ацаніць прагрэс навучэнцаў.
У сваёй практыцы я звяртаюся да розных варыянтаў вызначэння крытэрыяў для заняткаў, дамашняй і праверачнай работы. У адных выпадках распрацоўваю іх сама і тлумачу навучэнцам, прытрымліваючыся наступнага алгарытму:
1) вызначаю найбольш важныя кампетэнцыі, фарміраванне якіх неабходна да канца ўрока;
2) вызначаю якасныя і колькасныя паказчыкі крытэрыяў, па якіх будзе ажыццяўляцца ацэньванне;
3) аналізую, ці магчыма праверыць ступень дасягнення прапісаных крытэрыяў і ацаніць іх;
4) выкарыстоўваю дзеясловы актыўнага дзеяння і пазбягаю ўжывання такіх дзеясловаў, як ведаць, памятаць, вучыць, усведамляць, быць знаёмым;
5) выконваю прынцып рознаўзроўневых крытэрыяў.
Але гэта можна рабіць разам з навучэнцамі, і ў гэтага метаду ёсць шэраг пераваг. У такім выпадку павышаецца адказнасць навучэнцаў за ўласнае навучанне. Навучэнцы самастойна стараюцца вызначыць ключавыя моманты тэмы, убачыць галоўнае ў новым матэрыяле, тое, што яны абавязкова павінны ведаць і ўмець. Такім чынам, яны ўключаны ў навучанне, а не з’яўляюцца пасіўнымі слухачамі. Дакладна распрацаваныя крытэрыі спрыяюць таму, што навучэнцы самастойна/у пары/ у групе могуць праверыць свае работы і ацаніць, наколькі выкананыя заданні адпавядаюць крытэрыям.
У якасці прыкладу хачу прапанаваць распрацаваныя крытэрыі да серыі ўрокаў у 10 класе.
Тэма ўрока: “Навучальны год у розных краінах”
Мэты: у канцы ўрока навучэнцы будуць ведаць новую лексіку па тэме, змогуць параўнаць навучальны год у розных краінах, змогуць расказаць пра арганізацыю навучальнага года ў Беларусі.
Крытэрыі ацэнкі:
1. Назаву школьныя прадметы са свайго раскладу ўрокаў.
2. Буду ведаць 8 новых слоў па тэме: буду ўмець тлумачыць іх значэнні, прыводзіць сінонімы, выкарыстоўваць у маўленні.
3. Прачытаю тэкст, запоўню табліцу:
Country | Schoolyear | Vocationtime | Schoolday | Schoolsubjects | Classsize | Uniform | Special information |
Australia |
4. Змагу параўнаць навучальны год у Беларусі і іншых краінах, выкарыстаўшы інфармацыю табліцы (8—10 сказаў).
Пры прымяненні крытэрыяў для дамашняга задання навучэнцы больш ахвотна і якасна выконваюць практыкаванні, паколькі ведаюць, на што трэба звярнуць увагу і што будзе ацэнена ці пракаменціравана. Перад пачаткам выканання дамашняга задання яны звяртаюцца да крытэрыяў, разглядаючы іх як сваю канчатковую мэту, і кантралююць сябе па крытэрыях падчас выканання заданняў. У сваю чаргу бацькі атрымліваюць крытэрыі выканання дамашняга задання і разам з дзіцем могуць ацаніць узровень выкананай работы.
Дамашняе заданне па тэме “Навучальны год у розных краінах”:
“Напішыце пісьмо свайму брытанскаму сябру і раскажыце яму пра навучальны год беларускіх школьнікаў”.
Крытэрыі ацэнкі:
1) Раскажыце аб працягласці навучальнага года ў Беларусі, канікулярным часе, працягласці школьнага дня, прадметах, памеры класнага калектыву, школьнай форме.
2) Выкарыстайце 8 новых слоў.
3) Напішыце, што б вы запазычылі ў іншых краін, калі б вы былі міністрам адукацыі.
Прадукцыйным лічу і выкарыстанне крытэрыяў ацэнкі падчас самакантролю і ўзаемаацэнкі. Правяраючы работу, навучэнец паўтарае пройдзены матэрыял, можа паглядзець па-іншаму на пытанне, разгледзець іншы пункт гледжання, тым самым працягваючы навучанне нават у час праверкі. Наяўнасць схемы ацэньвання, распрацаванай на аснове існуючых крытэрыяў ацэнкі, дазваляе арганізаваць самаацэнку і ўзаемаацэнку на ўроку.
Так, пры праверцы дамашняга задання па тэме “Разумны дом” (кожны навучэнец апісвае “разумны дом” або для мнагадзетнай сям’і, або для састарэлай пары, або для сям’і з гадаванцамі і г.д.) на аснове крытэрыяў ацэнкі разам з навучэнцамі вызначаем, што і як будзем ацэньваць.
Крытэрыі ацэнкі для дамашняга задання: | Схема ацэнкі: |
— Напішыце азначэнне “разумнага дома” для вашай катэгорыі сям’і | — Ці дадзена азначэнне “разумнага дома”? Ці адпавядае азначэнне катэгорыі людзей, якія ў ім жывуць? |
— Адзначце не менш за 5 прыкладаў нанапрыбораў (абсталявання, прылад), неабходных вашай катэгорыі сям’і | — Ці падабраны не менш за 5 найноўшых тэхналогій, якія задавальняюць патрэбы сем’яў, якія жывуць у “разумным доме”? |
— Растлумачце, як будуць працаваць вашы новыя тэхналогіі | — Ці апісаны іх спосабы работы? |
— Назавіце перавагі вашага “разумнага дома” | — Ці адзначаны перавагі пражывання ў “разумным доме”? |
— Згадайце пра магчымыя цяжкасці, што могуць узнікнуць у сям’і, якая жыве ў “разумным доме”? | — Ці расказана пра магчымыя недахопы? |
— Ужывайце новыя словы і выразы, вывучаныя па тэме “Дом будучыні” | — Ці ў дастатковым аб’ёме ўжыты новыя словы і выразы па тэме? |
— Ці выканана дамашняе заданне ў поўным аб’ёме? |
Пры маналагічным выказванні навучэнцы не заняты сваімі справамі, пакуль настаўнік апытвае аднаго з іх, а становяцца актыўнымі ўдзельнікамі гэтага віду дзейнасці.
Прымяненне крытэрыяў ацэнкі разам з заданнямі, якія прапануюцца да праверачнай работы, даюць магчымасць пазбегнуць элемента нечаканасці, таму што навучэнцы азнаёмлены з патрабаваннямі, выкананне якіх прывядзе іх да добрага выніку.
Тэма праверачнай работы: “Умоўныя сказы І і ІІ тыпу”
Заданні для праверачнай работы:
І. Ужывіце адпаведны злучнік.
ІІ. Выпраўце памылкі, дзе гэта неабходна.
ІІІ. Раскрыйце дужкі, ужыўшы І ці ІІ тып умоўных сказаў.
Крытэрыі ацэнкі:
1. Ужываю злучнікі, якія адпавядаюць рэальнай і нерэальнай умове (ведаю, што unless мае адмоўнае значэнне).
2. Магу пабудаваць умоўныя сказы І і ІІ тыпу:
Condition | If-clause | Main-clause | Translation |
Real | PresentSimple (anyPresent) | Will+ inf. (any Future) | б |
Unrealpresent | PastSimple / Continuous | Would+ inf. (could, might) | б |
3. Ужываю адпаведны сітуацыі тып умоўнага сказа (звяртаю ўвагу на прыслоўі часу, указальныя займеннікі, трывальна-часавыя формы дзеясловаў у сказах).
Крытэрыяльная шкала ацэнкі добра спалучаецца з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў кантролю вучэбных дасягненняў навучэнцаў і павышае ўзровень іх пазнавальнай актыўнасці для ўдасканалення прадметных кампетэнцый.
Напрыклад, дасягненне мэт урока праз прапанаваныя крытэрыі ацэнкі я магу праверыць, прымяніўшы інтэрактыўны метад “Памяняемся месцамі”.
Крытэрыі ацэнкі па тэме “Старажытныя і сучасныя дамы”:
1. Магу назваць сама каля 8 тыпаў дамоў.
2. Магу расказаць пра перавагі (не менш за 5) пражывання ў сучасным і старажытным доме.
3. Магу расказаць пра недахопы (не менш за 5) пражывання ў сучасным і старажытным доме.
4. Магу выказаць сваё меркаванне на форуме аб пражыванні ў розных дамах.
5. Выкарыстоўваю новыя словы (10) і выказванні па тэме.
Я прапаную ўстаць і памяняцца месцамі тым, каму:
— падабаецца жыць у старажытным доме;
— не падабаецца жыць у старажытным доме;
— падабаецца жыць у сучасным доме;
— не падабаецца жыць у сучасным доме.
Навучэнцы мяняюцца месцамі і выказваюць сваё меркаванне, тлумачаць свой выбар, гаворачы аб плюсах і мінусах розных дамоў. Настаўнік, згодна з крытэрыямі ацэнкі, адсочвае выкарыстанне новых слоў (10) і выразаў па тэме, паўнату выказвання аб перавагах і недахопах (не менш за 5) пражывання ў сучасным/старажытным доме.
Аналіз кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і навучэнцаў на ўроках англійскай мовы паказвае, што, па-першае, выкарыстанне крытэрыяў ацэнкі падчас навучання замежным мовам спрыяе фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў, па-другое, арганізоўвае навучанне такім чынам, што падчас кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці ажыццяўляецца дыягностыка дасягненняў і цяжкасцей навучэнцаў, па-трэцяе, педагог сваімі кваліфікацыйнымі дзеяннямі своечасова аказвае дапамогу па запаўненні прабелаў, падтрымліваючы пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.
Наталля ГЛАДКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 13 Жлобіна.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.