У Беларусі праходзіць Першы еўразійскі форум маладых вучоных — YES-форум (Young Eurasian Scientist forum). На гэтым навуковым мерапрыемстве прадстаўлены найбольш значныя сумесныя распрацоўкі, якія рэалізоўваюцца з удзелам маладых вучоных краін — удзельніц ЕАЭС, і перш за ўсё Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі.
“На форуме прадстаўлены найбольш буйныя гатовыя сумесныя праекты, многія з якіх ужо ўкаранёны, — адзначыў Андрэй Іванец, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі. — Адной з умоў арганізацыйнага камітэта, якія прад’яўляюцца да праекта, з’яўляецца ўдзел у аўтарскім калектыве прадстаўнікоў як мінімум дзвюх краін”.
Год назад менавіта беларускі Савет маладых вучоных выступіў з ініцыятывай правесці мерапрыемства, дзе маладыя вучоныя маглі б прадэманстраваць свае дасягненні. Падтрымала гэтую ідэю і навуковая моладзь краін ЕАЭС. Было вырашана, што распрацоўкі варта прадстаўляць па трох ключавых кірунках: матэрыялазнаўстве, навуцы аб жыцці і сацыяльна-гуманітарных навуках.
“Ужо чатыры гады мы супрацоўнічаем з Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У нас ёсць сумесныя армянска-беларускія праекты, у асноўным па біялогіі, біяхіміі і астрафізіцы”, — адзначыў Геворк Варданян, старшыня Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія.
Еўразійскі форум маладых вучоных даў магчымасць моладзі не толькі прадэманстраваць свае распрацоўкі, але і паспаборнічаць, у прыватнасці, на атрыманне фінансавання ад фонду Сколкава на рэалізацыю сваіх праектаў. Заўтра пройдзе спіч-сесія фонду Сколкава, дзе будзе прэзентавацца 20 праектаў беларускіх маладых вучоных.
“Цалкам маладзёжных праектаў, магчыма, не так шмат. Многія праекты рэалізоўваюцца менавіта з удзелам моладзі. Для таго каб падрыхтаваць маладога вучонага, трэба, каб ён папрацаваў пад кіраўніцтвам вопытнага прафесара”, — адзначыў Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума НАН Беларусі.
Акрамя ўдзельнікаў з краін ЕАЭС, на форум прыехалі і еўрапейскія прадстаўнікі. Так, прэзідэнт Еўрапейскай біятэхналагічнай асацыяцыі Муніс Дундар выказаў жаданне арганізаваць адукацыйны праект у сферы біятэхналогій.
“Сюды я прыехаў, каб прадставіць работу нашай арганізацыі і прапанаваць магчымыя шляхі далейшага супрацоўніцтва. Напрыклад, нас цікавяць адукацыйныя праекты для студэнтаў і маладых вучоных, правядзенне семінараў па біятэхналогіях”, — адзначыў Муніс Дундар.
Святлана ШЫЯН.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА.