Лепшы майстар названы

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Вынікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Майстар года” падвялі днямі на Магілёўшчыне.

Святочнай атмасферай і поўнай залай гледачоў сустракаў фіналістаў прафесійны ліцэй № 9, на базе якога праходзіла цырымонія ўзнагароджання. Дзевяць майстроў вытворчага навучання на працягу амаль цэлага месяца знаходзіліся ў конкурснай барацьбе, дэманстравалі свае лепшыя практычныя і тэарэтычныя ўменні па розных напрамках дзейнасці.
З прывітальным словам да фіналістаў звярнулася старшыня журы загадчык кафедры педагогікі МДУ імя А.А.Куляшова Алена Снапкова:
— Вельмі прыемна, што выбраць лідара нам было нялёгка. Усе фіналісты былі вартыя перамогі. Конкурс з году ў год паказвае, што майстры вытворчага навучання прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі вобласці валодаюць высокай педагагічнай культурай, імкнуцца да ўдасканалення сваіх уменняў і навыкаў, да прымянення наватарскіх форм і метадаў навучання, ракрыцця талентаў і здольнасцей дзяцей.
Доўгі конкурсны марафон завяршыўся. Шмат добрых слоў прагучала са сцэны ў адрас фіналістаў. Нарэшце надышоў і хвалюючы момант абвяшчэння пераможцаў.
Па выніках усіх заданняў, дыплома ІІІ ступені ўдастоілася Людміла Лагун з Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына. 2-е месца ўпэўнена заняла Ірына Драздоўская з Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага. Пераможцай жа конкурсу і ўладальніцай ганаровага звання “Майстар года” стала Ала Трацэўская з Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа. Астатнія ўдзельнікі таксама не засталіся без узнагарод, яны былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў і прызёраў у асобных намінацыях.
Што ж тычыцца пераможцы — Алы Трацэўскай, то для яе прыход у сістэму адукацыі быў асэнсаваным. Больш за 25 гадоў Ала Іванаўна прапрацавала на пошце. А потым зразумела, што хоча перадаваць назапашаныя веды іншым. Уладкавалася майстрам па прафесіі “Аператар сувязі” ў Магілёўскі электратэхнічны каледж і вось ужо 16 гадоў неразрыўна звязана з гэтай навучальнай установай. На сваіх занятках яна стараецца прымяняць апошнія педагагічныя тэхналогіі, выхоўвае ў маладога пакалення любоў да прафесіі, вучыць іх творча мысліць. Нягледзячы на значны вопыт працы і высокую кваліфікацыю, Ала Трацэўская пастаянна імкнецца да ўдасканалення свайго прафесійнага майстэрства. У гэтым плане многае ёй даў “Майстар года”.
— Прымаючы ўдзел у конкурсе, я набыла новы вопыт, павысіла ўзровень педагагічнай культуры і прафесійных ведаў. Гэтыя навыкі значна дапамогуць у далейшай працоўнай дзейнасці і самаразвіцці, — запэўніла Ала Іванаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.