— Педагогі павінны наладжваць партнёрскія адносіны з сем’ямі і прапаноўваць разнастайныя магчымасці для таго, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе, — гаворыць загадчыца ясляў-сада № 10 Пінска М.С.Чушава. — Сацыяльна-педагагічная дзейнасць нашай дашкольнай установы накіравана на ўмацаванне сацыяльнага супрацоўніцтва і прафесійнага ўзаемадзеяння ў рабоце з бацькамі. Мы працуем над фарміраваннем супольнасці сяброў (дзяцей, мам, татаў і выхавальнікаў), якую ўвасабляем праз арганізацыю педагагічнай лабараторыі “Практыка, арыентаваная на поспех” і сямейнага клуба “Школа любячых бацькоў”, а таксама рэалізацыю сацыяльна-педагагічных праектаў.
Па словах сацыяльнага педагога Т.І.Беляковіч, спачатку мэтай дзейнасці лабараторыі з’яўлялася фарміраванне творчага калектыву аднадумцаў, здольных працаваць у рэжыме пастаяннага пошуку і змен з выкарыстаннем адукацыйнай мадэлі “Першы крок”. Педагагічная лабараторыя — гэта інтэрактыўная і насычаная рознымі формамі работы адукацыйная прастора, дзе педагогі павышаюць свой прафесіяналізм і дэманструюць гатоўнасць да дзейнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі якаснай педагогікі.
На працягу некалькіх гадоў удзельнікі лабараторыі ўсебакова вывучалі і прымянялі на практыцы розныя напрамкі работы, якія тычыліся ўключэння дзяцей з АПФР у супольнасць равеснікаў, бацькоў і педагогаў, фарміравання пазітыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі дашкольнікаў ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, аказання дапамогі і падтрымкі маладым сем’ям у выхаванні, развіцці і сацыялізацыі дзяцей. — Сёння мэтай лабараторыі з’яўляецца садзейнічанне прафесійнаму развіццю педагогаў па паляпшэнні якасці педагагічнай дзейнасці, арыентаванай на дзіця і яго сям’ю, ва ўмовах укаранення мадэлі талерантнага адукацыйнага асяроддзя, — адзначае Т.І.Беляковіч. — Пры вызначэнні эфектыўных форм узаемадзеяння педагогаў з бацькамі і далучэння іх да адукацыйнага працэсу вывучаліся і аналізаваліся патрэбы выхавальнікаў — удзельнікаў лабараторыі. Значным рэсурсам ва ўсталяванні канструктыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў з’яўляецца камандная работа педагогаў з выкарыстаннем прынцыпаў якаснай педагогікі адукацыйнай мадэлі “Першы крок”.
Для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па выбары і ўкараненні эфектыўных і разнастайных форм узаемадзеяння з сем’ямі, фарміраванні культуры талерантнасці ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу распрацоўваецца план лабараторыі на навучальны год, асноўнымі складнікамі якога з’яўляюцца мадэляванне, стымулюючая практыка, сацыяльна-педагагічны трэнінг і праблемны семінар. Стварэнню якаснай адукацыйнай практыкі па ўзаемадзеянні з бацькамі і іх далучэнні да адукацыйнага працэсу садзейнічаюць майстар-класы “Арыентацыя на дзіця і яго сям’ю” і “Прэзентацыя пазітыўнага вопыту ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў па фарміраванні талерантнай культуры”, аўкцыён педагагічных ідэй “Як зрабіць бацькоў саўдзельнікамі і партнёрамі” і сацыяльны трэнінг “Роўны ўдзел”.— Удзельнікі лабараторыі ў невялікіх фокусных групах выбіраюць эфектыўныя сучасныя формы і метады ўзаемадзеяння з сем’ямі, якія павышаюць матывацыю бацькоў да ўдзелу ў жыццядзейнасці сваіх дзяцей у дашкольнай установе, — расказвае Т.І.Беляковіч. — Акрамя таго, у фокус-групах выкарыстоўваецца методыка вырашэння праблем у сітуацыях, якія ўзнікаюць натуральным чынам. Такі падыход дапамагае педагогам індывідуалізаваць і дыферэнцаваць формы супрацоўніцтва з сем’ямі з улікам запытаў, інтарэсаў і сацыяльнага статусу бацькоў. Падчас тыдня актыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі “Супрацоўніцтва” былі прэзентаваны лепшыя дасягненні ўдзельнікаў лабараторыі па канструктыўным узаемадзеянні з бацькамі пры фарміраванні талерантнага адукацыйнага асяроддзя. Для актывізацыі дзейнасці мам і татаў, павышэння іх матывацыі да ўдзелу ў адукацыйным працэсе былі распрацаваны і праведзены майстар-класы, адукацыйныя сесіі і прэзентацыі сумеснай сацыяльнай творчасці дзяцей і бацькоў, а таксама рэалізаваны сацыяльна-педагагічныя праекты. Пры падтрымцы гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму ўдзельнікі лабараторыі актыўна распаўсюджваюць назапашаны вопыт у іншых дашкольных установах. Напрацоўкі педагогаў дэманструюцца падчас форумаў, семінараў і канферэнцый.
— Работа сямейнага клуба “Школа любячых бацькоў” дапамагае мамам і татам павысіць псіхолага-педагагічную, прававую і выхаваўчую культуру, а таксама матывацыю да актыўнага ўдзелу ў дзейнасці дашкольнай установы, — гаворыць Т.І.Беляковіч. — Кожны навучальны год адкрывае ў рабоце клуба новыя імёны, актуальныя тэмы і цікавыя віды дзейнасці. Нязменнай застаецца творчая атмасфера, якая запрашае да супрацоўніцтва і пашырае магчымасці ўдзелу бацькоў у жыцці ўстановы. Менавіта даверлівая і добразычлівая атмасфера вызначае паспяховую дзейнасць клуба.
Трэнінгі, сацыяльныя гульні, інфармацыйныя сесіі і майстар-класы дапамагаюць бацькам асвойваць асаблівасці метадаў і прыёмаў выхавання і развіцця дзяцей, якія можна паспяхова выкарыстоўваць дома. Мамы і таты знаёмяцца з вопытам іншых сем’яў, аналізуюць свой удзел у рабоце дашкольнай установы за круглым сталом, прыходзяць да сумеснага рашэння агульных праблем. Асабліва карыснымі для бацькоў сталі пасяджэнні на актуальныя тэмы “Як пасябраваць з уласным дзіцем”, “Дзіця — патрэба ў любові” і “Разам з дзіцем”. Серыя пасяджэнняў на тэму “Талент педагога ў кожным з нас” фарміравала адказнае і пазітыўнае бацькоўства, агульнасць інтарэсаў і эмацыянальную ўзаемападтрымку. Мамы і таты вызначалі спосабы ўдзелу ў дзейнасці дашкольнай установы і ўмацоўвалі ўпэўненасць ва ўласных педагагічных магчымасцях. Эфектыўна прайшлі прэзентацыі пазітыўнага вопыту па далучэнні бацькоў да адукацыйнага працэсу “Дайджэст сямейнага шчасця” і “Бацькі — шлях да поспеху”. Падчас розных мерапрыемстваў выхавальнікі пераканаліся, што бацькі могуць быць творчымі педагогамі. — З’яўляючыся членам сямейнага клуба, я больш дакладна вызначыла свой удзел у жыцці дачкі ў дзіцячым садку, — расказвае Г.М.Дзямідка. — Цяпер я ведаю і разумею, што любая мая ідэя будзе падтрымана выхавальнікамі. Свята паветраных шарыкаў, якое я прапанавала правесці ў групе, дазволіла праявіць арганізатарскія здольнасці, зрабіць штосьці значнае не толькі для свайго дзіцяці, але і для іншых.
— Калі мая дачка пайшла ў дзіцячы сад, я пастаянна ўдзельнічаў ва ўсіх праектах і мерапрыемствах, — дадае А.В.Глухаў. — Добра запомнілася, як з дачкой і яе сябрамі мадэлявалі розныя калажы. Асабліва цікава было рабіць сумесную вялікую насценгазету з сімвалічных сямейных гербаў. Самае галоўнае, што мы з дачкой разам выконвалі розныя заданні, прыдумлялі штосьці сваё. Гэта вельмі збліжае ўсталёўвае моцную пазітыўную сувязь.
— Наша сям’я з задавальненнем супрацоўнічае з педагогамі, удзельнічае ў праектах, — гавораць А.В.Дзікавіцкі і С.М.Дзікавіцкая. — Атрымліваеш вялікае задавальненне, калі бачыш вясёлых і актыўных дзяцей. Падзараджаешся ад іх пазітыўнай энергіяй. Наш першы поспех — гэта выдавецкі праект “Казка для Алісы”, які заняў 1-е месца ў Пінску. У садку мы вучымся быць пазітыўнымі бацькамі, разумець сваё дзіця. Прыемна адчуваць падтрымку педагогаў і іншых бацькоў.
— Назіранні і аналіз вывучэння ўдзелу клубаўцаў у розных відах дзейнасці і супрацоўніцтва з дашкольнай установай паказалі, што амаль 80% бацькоў належаць да актыўнай групы, усе мамы і таты адчуваюць сябе пазітыўна падчас удзелу ў жыцці дзіцяці ў садку, больш за 90% лічаць свой удзел неабходным, — адзначае Т.І.Беляковіч. — Інтэрактыўны характар пасяджэнняў клуба дазволіў яго ўдзельнікам аб’ядноўвацца і далучацца да дзейнасці дашкольных груп, узаемадзейнічаць у нестандартных відах дзейнасці з уласнымі дзецьмі і іх равеснікамі, бацькамі і педагогамі ў сацыяльна-педагагічных праектах. У рамках гэтых праектаў рэалізоўваецца сацыякультурная дзейнасць, накіраваная на пазітыўнае стаўленне да сябе, сваёй сям’і, іншых людзей і грамадства ў цэлым. У такой дзейнасці задзейнічаны не толькі выхаванцы дашкольнай установы і іх сем’і, але і педагогі, у тым ліку іншых устаноў адукацыі Пінска, валанцёры з ліку школьнікаў, студэнтаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Асноўныя задачы праектаў заключаліся ў насычэнні жыцця дзяцей значнымі падзеямі, якія патрабуюць кантактавання з іншымі дзецьмі і дарослымі, новых ролевых паводзін, развіцці асобаснай і пазнавальнай актыўнасці бацькоў і педагогаў у сферы сацыяльнай творчасці пры ўзаемадзеянні з дзецьмі, стварэнні ўмоў для пашырэння сацыяльных сувязей дзяцей з АПФР і інш.
— Узаемадзеянне паміж дарослымі і дзецьмі, як і ўзаемадзеянне паміж равеснікамі, адыгрывае вялікую ролю ў сацыяльным, эмацыянальным і кагнітыўным развіцці дзяцей, — гаворыць Т.І.Беляковіч. — Акрамя таго, узаемадзеянне садзейнічае бесперапыннаму развіццю і навучанню дзяцей, дапамагае абмену ведамі, вопытам, пачуццямі і меркаваннямі. Менавіта праз узаемадзеянне ў дзяцей развіваецца пачуццё ўласнага “я” і пачуццё прыналежнасці да пэўнай супольнасці, набываюцца веды пра свет. Узаемадзеянне, якое дапамагае ўсталёўваць значныя і паважлівыя адносіны паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, развівае ў дзяцей упэўненасць у сабе, дапамагае ім стаць актыўнымі і адказнымі членамі грамадства.
У дашкольнай установе былі рэалізаваны праекты “Права на шчаслівую і здаровую сям’ю”, “Светлыя святы”, “Кожны куток маёй краіны цудоўны”, “Я, мая сям’я, мой горад, мая краіна”, “Радаваць тых, хто побач”, “Нашы маленькія сябры” і “Сюрпрызы для дзяцей нашага горада”, якія дазволілі пашырыць тэрытарыяльную і жыццёвую прастору выхаванцаў і максімальна далучыць да адукацыйнага працэсу іх бацькоў. Падчас ажыццяўлення праектаў дзеці ўзаемадзейнічалі адно з адным у сітуацыі масавасці, відовішчнасці, станоўчых эмоцый і даступнасці, развіваючы сацыяльныя навыкі. Дзеці і іх сем’і вучыліся радавацца кожнаму дню, зносінам з роднымі, сябрамі, светам.
— Наяўнасць у педкалектыву ўласнага стылю педагагічнай дзейнасці, пабудова новага зместу работы з сем’ямі выхаванцаў, атмасфера ўзаемаразумення і творчасці, адзінства поглядаў — вось складнікі нашага мастацтва супрацоўніцтва з сям’ёй, — падагульняе Т.І.Беляковіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота з архіва ясляў-сада.