На пасяджэнні выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, выканаўчай улады, галіновага прафсаюза, а таксама рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі і дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі абмеркавалі работу сістэмы адукацыі рэгіёна за мінулы год і найважнейшыя задачы, пастаўленыя перад ёй у гэтым годзе.
Калегія праходзіла на базе Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа. Падводзячы вынікі работы за 2015 год, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Леанід Сцяпанаў адзначыў: год быў няпросты, але, дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву сістэмы адукацыі і сацыяльных партнёраў, было забяспечана стабільнае развіццё і выкананы сацыяльны заказ на навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Першачарговая ўвага была звернута на выкананне прагнозных паказчыкаў, пытанні матэрыяльна-тэхнічнага і фінансавага забеспячэння і самазабеспячэння. Так, на фінансаванне сістэмы адукацыі ў 2015 годзе з бюджэту вобласці выдаткавана 4,5 трыльёна рублёў, з якіх 4,2 трыльёна накіравана на сацыяльна абароненыя артыкулы. Акрамя таго, у мінулым годзе абласной інвестыцыйнай праграмай на будаўніцтва 8 аб’ектаў было прадугледжана 66,3 мільярда рублёў, у тым ліку 3 — са сродкаў рэспубліканскага і 63,3 мільярда рублёў — са сродкаў мясцовага бюджэту. У вобласці ўведзены ў эксплуатацыю 1-я чарга комплексу (дзіцячы сад на 257 месцаў і агульнашкольны блок) ясляў-сада — пачатковай школы на 517 дзяцей у 8-м мікрараёне Наваполацка, чатыры жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У бягучым годзе будзе працягнута будаўніцтва дзіцячых дашкольных устаноў у Віцебску, Оршы, Глыбокім і Аршанскім раёнах, другой чаргі (пачатковай школы) ясляў-сада — пачатковай школы ў Наваполацку, школы на 1020 месцаў у Віцебску, школы на 120 месцаў у вёсцы Літусава Сенненскага раёна.
— Жыццё дыктуе неабходнасць пастаянна шукаць унутраныя рэзервы, — звярнуўся да прысутных Леанід Сцяпанаў. — Трэба шырэй прыцягваць пазабюджэтныя крыніцы.
Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, навучальных устаноў прафтэхадукацыi вобласці ў 2015 годзе склалі 112,6 млрд рублёў, у тым ліку за кошт платных паслуг — 66,2 млрд; арэнды, збору макулатуры і металалому, даходаў дапаможнай гаспадаркі і іншых відаў дзейнасці — 46,3 млрд рублёў. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў абласнога падпарадкавання склалі 46,8 млрд рублёў, ад базавых шэфскіх прадпрыемстваў, апякунскіх саветаў, спонсараў на развіццё ўстаноў адукацыі накіравана 44,4 млрд рублёў (у 2014 годзе — 29,3 млрд). За студзень — снежань установамі адукацыі аказана платных адукацыйных паслуг на суму 453,3 млрд рублёў. Па паказчыку заработнай платы па галіне Віцебская вобласць выйшла на другое месца пасля Мінска.У 2015 годзе ў Віцебску праводзіўся заключны, рэспубліканскі, этап конкурсу “Энергамарафон”. Зліццё знакавых для вобласці мерапрыемстваў — Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, семінара “Сістэма работы Віцебскай вобласці па выхаванні ў вучняў культуры энерга- і рэсурсаспажывання: выдаткоўваем рэсурсы рацыянальна” і Міжнароднага форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы” прадэманстравала цэласную сістэму работы вобласці ў азначаным напрамку, дзе бізнес, палітыка, адукацыя выступаюць у адзінай канцэпцыі ўстойлівага развіцця рэгіёна. Дзякуючы сумеснай творчай працы педагогаў вобласці, у намінацыі “Лепшы рэгіён рэспублікі па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” Віцебская вобласць атрымала дыплом I ступені. Акрамя таго, у бягучым годзе пачынаецца рэалізацыя праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” з прыцягненнем пазыкі Сусветнага банка, на 2016 год запланавана рэалізацыя гэтага праекта ў 4 установах адукацыі вобласці.
Прынцыповую ацэнку рабоце рэгіянальнай сістэмы адукацыі ў кантэксце яе далейшага ўдасканалення даў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Сёння сістэма адукацыі Віцебскай вобласці павінна працаваць на развіццё, таму патрабую ад кожнага з вас пастаяннага аналізу сітуацыі і ацэнкі развіцця па ўсіх напрамках дзейнасці і па кожным паказчыку, — падкрэсліў Дзмітрый Леанідавіч. — Без дэталёвай прапрацоўкі і прыняцця ўзважаных рашэнняў, накіраваных на вынік, немагчыма рухацца наперад. Неабходна разам, калегіяльна вырашаць пастаўленыя задачы — толькі тады будуць падставы аптымістычна глядзець у будучыню.
У завяршэнне пасяджэння адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, працоўных калектываў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.