Рухацца наперад, не азіраючыся назад

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Пракладзены курс на нармалізацыю адносін з Кубай будзе прадоўжаны, заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама ў ходзе сустрэчы са старшынёй Дзяржсавета і Савета міністраў астраўной дзяржавы Раулем Кастра.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама наведаў Кубу з двухдзённым візітам. Ён стаў першым амерыканскім лідарам за 88 гадоў, які наведаў гэтую краіну.
Візіт прэзідэнта ЗША палітолагі і журналісты ўжо назвалі гістарычным, што пацвердзіў і сам Барак Абама. “Гэта гістарычны візіт і гістарычная магчымасць узаемадзейнічаць з кубінскім народам”, — сказаў ён пасля прыбыцця на Востраў Свабоды. Разам з сям’ёй ён агледзеў гістарычны цэнтр горада — Старую Гавану, пасля чаго адправіўся на сустрэчу з архіепіскапам краіны.
Візіт прэзідэнта ЗША на Кубу стаў магчымы пасля курсу на нармалізацыю адносін, які краіны ўзялі ў снежні 2014 года. У ліпені 2015 года былі адкрыты пасольствы ў Вашынгтоне і Гаване.
У ходзе візіту Прэзідэнт ЗША Барак Абама правёў сустрэчу са старшынёй Дзяржсавета і Савета міністраў Кубы Раулем Кастра. На перагаворах пры зачыненых дзвярах лідары дзвюх краін абмяркоўвалі нармалізацыю двухбаковых сувязей. Выказаўшы ўдзячнасць амерыканскаму прэзідэнту за заклікі да Кангрэса ЗША адмяніць блакаду і за прынятыя ім меры, Рауль Кастра ўсё ж назваў гэтыя крокі недастатковымі.
Са свайго боку Барак Абама выказаў упэўненасць, што эмбарга супраць Кубы будзе знята. Разам з тым ён прызнаў, што не ведае, калі гэта адбудзецца. Паводле слоў Барака Абамы, яго адміністрацыя спрабуе змякчаць дзеючыя абмежаванні, але спіс такіх мер становіцца ўсё карацейшым.
Тым не менш, адзначыў Абама, ЗША больш не разглядаюць Кубу як пагрозу сваёй бяспецы. У той жа час, дадаў прэзідэнт, паміж дзвюма краінамі захоўваюцца глыбокія адрозненні, пры гэтым ёсць імкненне “рухацца наперад (у развіцці двухбаковых адносін), не азіраючыся назад”.
Абама таксама выказаў перакананне, што пракладзены ім курс на нармалізацыю адносін з Кубай будзе прадоўжаны і пры будучай адміністрацыі ЗША.
Прэзідэнт Барак Абама ўсклаў вянок да мемарыяла Хасэ Марці — героя барацьбы за незалежнасць Кубы.