Англійская мова з дзіцячага садка — гэта здорава!

- 11:15Навіны рэгіёнаў

— Дарослыя даўно спрачаюцца наконт таго, з якога ўзросту дзецям лепш за ўсё вывучаць замежную мову, — гаворыць дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста Таццяна Аляксееўна Мосіна. — Малышы ахвотна імкнуцца размаўляць і схопліваюць словы на ляту, у выніку чаго авалодваюць мовай без вялікіх намаганняў. Гэта звязана з псіхалагічнымі асаблівасцямі дзіцячага ўзросту — непасрэднасцю ўспрымання, адкрытымі адносінамі да людзей, здольнасцю імгненна засвойваць пэўную інфармацыю і нормы паводзін.

Т.А.Мосіна лічыць, што паспяховаму авалоданню замежнай мовай дашкольнікам вельмі добра дапамагае тэатр, які з’яўляецца адной з самых яркіх, маляўнічых і даступных для дзіцячага ўспрымання сфер мастацтва. Тэатр прыносіць радасць, развівае ўяўленне і фантазію, садзейнічае станаўленню асобы, стварае станоўчы эмацыянальны фон, робіць жыццё больш багатым і разнастайным.— Патрэба ў тэатральных уражаннях у дзяцей надзвычай вялікая, бо тэатр — гэта заўсёды свята, — адзначае Т.А.Мосіна. — У параўнанні з іншымі відамі мастацтва ён валодае асаблівай сілай уздзеяння на малышоў. Толькі ў тэатры яны сустракаюцца з мастаком, які творыць на вачах. У дзяцей, якія ўдзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, павышаецца інтарэс да заняткаў, абуджаюцца думкі, фантазіі, эмоцыі.
Усе дзеці цікавыя і ўсе розныя. Дапамагчы ім праявіць сваю індывідуальнасць і захаваць яе — асноўная задача дзіцячага тэатра. Тэатральная дзейнасць развівае дасціпнасць і творчае ўяўленне, абуджае інтарэс да творчасці.— Пачынаючы вывучаць з дашкольнікамі замежную мову, вельмі важна далучыць іх да тэатра, — упэўнена Т.А.Мосіна. — Першымі тэатральнымі пастаноўкамі, з якімі пазнаёмяцца дзеці, павінны быць спектаклі-казкі. Свет казкі — вясёлай, хітрай, мудрай і паэтычнай — адкрывае малышам першую радасць перамогі дабра над злом, абуджае фантазію, развівае ўяўленне.Ва ўстанове адукацыі дзіцячы музычны тэатр на замежнай мове існуе каля 20 гадоў. Кіраўніком тэатра з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Т.А.Мосіна. На яго пастаноўках вырасла не адно пакаленне дзяцей. Кожны згадвае першыя тэатральныя дэбюты з вялікай радасцю.У тэатры займаюцца пераважна малодшыя школьнікі. У бягучым навучальным годзе да іх далучыліся і дашкольнікі, якія ўпершыню прынялі ўдзел у вялікім тэатральным свяце “Казачны серпанцін”. Бацькі, запрошаныя на мерапрыемства, высока ацанілі намаганні сваіх дзяцей.
— Тэатр у нашай установе — гэта цэлае жыццё, — гаворыць Т.А.Мосіна. — З дзецьмі працуе вялікі калектыў творчых педагогаў. Сярод іх — музычны кіраўнік Ірына Анатольеўна Філосаф, харэограф Надзея Васільеўна Перамотава і выкладчыца вакалу Наталля Яўгенаўна Карнялюк. Падрыхтоўкай тэатральных касцюмаў і дэкарацый займаецца Алена Генадзьеўна Гарошка. Зладжаная дзейнасць калектыву аднадумцаў дазваляе дасягнуць добрых вынікаў: дапамагае раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, зрабіць вывучэнне англійскай мовы важным, цікавым і захапляльным заняткам. Работа з дзецьмі над спектаклем дазваляе выкарыстоўваць веды і навыкі зносін у розных сітуацыях, развівае партнёрскія адносіны.
Значэнне пастановак для навучання мове неацэннае. Пры выбары сцэнарыя для дашкольнікаў, якія вывучаюць англійскую мову, важна, каб яго тэкст змяшчаў пераважна знаёмы моўны і маўленчы матэрыял. У выніку гэтага работа дашкольнікаў над спектаклем становіцца яшчэ больш захапляльнай. Падчас тэатральнай дзейнасці дзеці разумеюць, што яны адначасова вывучаюць замежную мову. Ім гэта цікава, яны гэтаму рады, таму ўпэўнены ў сваіх сілах.
— Спектакль у дзіцячым садку ставіцца галоўным чынам для саміх малышоў, для таго, каб ім было весела ці сумна, камфортна ці нязручна, каб яны навучыліся таму, чаго яшчэ не ўмеюць, адкрылі ў сабе тое, што да пэўнага часу было схавана ад іншых людзей і іх саміх, — падагульняе Т.А.Мосіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.