Што патрэбна дзецям ХХІ стагоддзя

- 16:39Дадатковая адукацыя

Каб абмеркаваць праблемы, тэндэнцыі і перспектывы развіцця ўстаноў дадатковай адукацыі, увязваючы іх з запытам дзяцей і бацькоў, сацыяльным заказам грамадства і дзяржавы, педагогі сабраліся на навукова-практычную канферэнцыю “Педагогіка дадатковай адукацыі: у цэнтры ўвагі — дзіця XXI стагоддзя”, арганізаваную ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскім абласным палацам творчасці дзяцей і моладзі.

На канферэнцыю сабралася каля 80 удзельнікаў з Гомельшчыны, а таксама навукоўцы, прадстаўнікі рэгіянальнага інстытута адукацыі, Праваслаўнай царквы, сродкаў масавай інфармацыі. Удзел у канферэнцыі прынялі таксама педагогі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці і Бранскага абласнога палаца дзіцячай і юнацкай творчасці імя Ю.Гагарына.

Асабліва каштоўным, па словах дырэктара абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святланы Якіменка, стала тое, што ў канферэнцыі прынялі -ўдзел вучоныя.

— Гэта вельмі важна — ведаць, як разглядаюцца пытанні дадатковай адукацыі з пункту погляду вучоных, валодаць данымі даследаванняў, якія яны праводзяць, — адзначыла Святлана Віктараўна. — Калі наша практычная дзейнасць падмацоўваецца такімі тэарэтычнымі ведамі, то мы, педагогі-практыкі, можам зрабіць яшчэ больш для развіцця талентаў і здольнасцей нашых выхаванцаў.

Сучасныя юнакі і дзяўчаты значна адрозніваюцца ад пакалення сваіх бацькоў. Калі дзеці сталі іншымі, то ім патрэбен іншы педагог — такі, які будзе размаўляць з імі на адной мове. Аб гэтым гаварыў на канферэнцыі кандыдат педагагічных навук загадчык кафедры кіравання і тэхналогій адукацыі Гомель-скага абласнога інстытута развіцця адукацыі Анатоль Бежанішвілі. Ён падкрэсліў, што зараз, як ніколі раней, уся дзейнасць педагогаў накіравана на асобаснае развіццё дзіцяці, а таму сёння адукацыйнай сістэме патрэбен новы педагог — педагог з інавацыйнай кампетэнтнасцю. “Прыгледзьцеся, калі ласка, да сябе: ці з’яўляецеся вы такім педагогам”, — параіў Анатоль Зурабавіч удзельнікам канферэнцыі.

У кантэксце мерапрыемства размова ідзе пра педагога дадатковай адукацыі. Як правіла, звычайна яму прыходзіцца працаваць з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, а гэта значыць з дзецьмі, якія маюць пэўныя псіхалагічныя асаблівасці. Ці складана працаваць з такімі хлопцамі і дзяўчатымі? Аб гэтым, на прыкладзе псіхалагічнага даследавання, расказала кандыдат педагагічных навук загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Таццяна Шацюк.

Для даследавання асаблівасцей адоранай асобы была сфарміравана выбарка са 120 чалавек, якія вучацца ў ГДУ імя Францыска Скарыны і актыўна займаюцца творчай дзейнасцю. Даследаванне праводзілася пры дапамозе апытальнікаў і методык, кожная з якіх дазваляла выявіць пэўныя характарыстыкі і схільнасці. Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць пазнаёміцца з усімі этапамі і вынікамі даследавання. Агульнае ж заключэнне псіхалагічнага экс-перымента гаворыць, што сучасная юная асоба з прыкметамі адоранасці мае завышаны ўзровень самапавагі, самаінтарэсу і самаразумення, ставіцца да сябе станоўча, ухваляе свае паводзіны і блізкая самой сабе. Такія асобы ўпэўнены ў сваёй цікавасці для саміх сябе, але сумняваюцца ў цікавасці для іншых і чакаюць адмоўнага стаўлення ад навакольных.

— Магчыма, гэта звязана з тым, што часта яшчэ ў школе дзеці з прыкметамі адоранасці ўспрымаюцца некаторымі педагогамі і іншымі дзецьмі як белыя вароны, яны ў нечым складаныя, часта патрабуюць большай увагі, — тлумачыць такі вынік Таццяна Георгіеўна. — Разам з тым студэнты з прыкметамі адоранасці гаваркія, лёгка кантактуюць, эмацыянальныя, адкрытыя, з адэкватнай самаацэнкай. Яны здольны кіраваць сваімі няўдачамі, дасягаюць поспеху і схільныя да арганізатарскай дзейнасці.

Таццяна Шацюк пазнаёміла прысутных яшчэ з адным эксперыментам, праведзеным ужо расійскімі вучонымі. І калі ў першым выпадку вывучаліся характэрныя асаблівасці і запатрабаванні адоранага дзіцяці, то ў другім — звычайных сучасных юнакоў і дзяўчат. Сутнасць эксперымента заключалася ў тым, каб правесці 8 бесперапынных гадзін у поўнай адзіноце, сам-насам з сабой, без якіх-небудзь сродкаў камунікацыі. Пры гэтым дазваляліся рухавыя гульні, чытанне, пісьмо, рамёствы, маляванне, лепка, спевы, музіцыраванне, прагулкі і г.д. На эксперымент згадзіліся 68 падлеткаў. Да яго завяршэння дайшлі толькі трое — тыя, хто вытрымаў 8 гадзін без гаджэтаў і зносін. Чым толькі не спрабавалі заняць сябе ў адзіноце юнакі і дзяўчаты! Аднак навізна сітуацыі і цікавасць знікла практычна ва ўсіх да пачатку 2—3 гадзіны. Далей пачалося неверагоднае: многія пачалі адчуваць прылівы жару або дрыжыкі, галавакружэнне, млоснасць, патлівасць, сухасць у роце, трэмар рук ці вуснаў, боль у жываце ці грудзях, у некаторых з’явілася адчуванне варушэння валасоў на галаве. Амаль у кожнага назіраўся неспакой, страх, у некаторых нават узніклі суіцыдальныя думкі.

Спыніўшы эксперымент, падлеткі заходзілі ў сацыяльныя сеткі, тэлефанавалі сябрам ці бацькам, уключалі тэлевізар ці пагружаліся ў камп’ютарныя гульні, амаль усе адразу ўключылі музыку. А што ж рабілі на працягу 8 гадзін тыя героі, якія дайшлі да канца эксперымента? Дзяўчынка ўвесь час апісвала ў дзённіку свае адчуванні, адзін хлопчык увесь час клеіў мадэль парусніка, а другі спачатку разбіраў і сістэматызаваў свае калекцыі, а потым перасаджваў кветкі. Ніякіх негатыўных эмоцый яны не адчувалі. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што дзеці з творчымі інтарэсамі насамрэч іншыя, яны гатовы доўгі час займацца любімай справай і быць у адзіноце.

На пленарным пасяджэнні педагогі таксама дзяліліся вопытам супрацоўніцтва з іншымі суб’ектамі і ўдзелу ўстаноў дадатковай адукацыі ў праектах. Пасля ўдзельнікі раздзяліліся згодна са сваімі інтарэсамі і працавалі ў розных блоках, кожны з якіх меў свой кірунак.

Другі дзень навукова-практычнай канферэнцыі быў насычаны практычнымі момантамі: педагогі-прафесіяналы праводзілі майстар-класы, паказвалі, як можна арганізаваць інтэлектуальныя, забаўляльныя ці адукацыйныя мерапрыемствы з дзецьмі. Не адставалі ад педагогаў і выхаванцы. Прадстаўнікі клуба “Лідар” клуба ЮНЕСКА “Дружба” абласнога Палаца творчасці таксама паказалі майстар-клас для педагогаў і бацькоў, прадэманстраваўшы ім, якія яны — дзеці ХХІ стагоддзя.

Пакарылі сваім майстэрствам Кацярына Гаўрыленка і Вікторыя Аскерава. Яны змаглі прымусіць дарослых задумацца пра сэнс жыцця і акунуцца ў свет камп’ютарнай дасведчанасці, той, якую сённяшнія падлеткі ведаюць значна лепш, чым дарослыя.

Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі адзначылі, што падобныя мерапрыемствы дапамагаюць папоўніць тэарэтычныя веды, дазваляюць знайсці новыя падыходы, формы і метады работы, падзяліцца сваімі напрацоўкамі і пераняць вопыт калег.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.