Піянерскія каманды падтрымкі — майстры выдатнага настрою. У гэтым пераканаліся ўсе, каму пашчасціла прысутнічаць на абласным этапе III Рэспубліканскага конкурсу піянерскіх каманд падтрымкі “Піянерскія іскры”, які праходзіў у Аршанскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Арганізатарамі свята выступілі ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласны Савет БРПА, абласны палац дзяцей і моладзі, а таксама аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама.
— Конкурс праводзіцца ў тры этапы: першы адборачны вызначыў пераможцаў і прызёраў сярод піянерскіх каманд падтрымкі на ўзроўні раёна, горада; у другім адборачным сёння сустрэліся лепшыя каманды рэгіёна; трэці заключны адбудзецца ў рамках Рэспубліканскага спартыўна-патрыятычнага марафону “Будзь здаровы!”. Галоўнай мэтай нашага спаборніцтва з’яўляецца садзейнічанне развіццю і папулярызацыі чырлідынгу сярод дзяцей і падлеткаў праз рэалізацыю творчага патэнцыялу, патрэбы да самарэалізацыі і самаразвіцця, — расказала старшыня журы загадчык аддзела піянерскай работы і дзіцячых рухаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Шыбека. — У конкурсе прынялі ўдзел акцябраты і піянеры ў складзе змешаных каманд у дзвюх узроставых катэгорыях: “Зорачкі” (7—10 гадоў) — 5 каманд, “Іскрынкі” (11—14 гадоў) — 8 каманд.
Па выніках выступленняў у намінацыі “Зорачкі” пераможцай стала каманда “Мікс” Дубровенскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. 2-е месца — у “Прынесеных бусламі” з сярэдняй школы № 18 Барані, 3-е месца падзялілі паміж сабой “Іскрынкі” з сярэдняй школы № 6 Оршы і “Іскры” з гімназіі № 7 Віцебска. У намінацыі “Іскрынкі” несумненнае лідарства пацвердзіла каманда “РЫТМ” Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. За 2-е месца разгарэлася вострая барацьба, перамогу ў якой атрымалі каманды “Беларусачкi” сярэдняй школы № 16 Полацка і “Top-dance” сярэдняй школы № 6 Оршы. На 3-м месцы — каманда “Сюрпрыз” Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.