Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Толькі праз узаемнае ўзбагачэнне, праз дыялог і супрацоўніцтва пралягае шлях да вырашэння глабальных задач, якія стаяць перад сусветнай грамадскасцю”

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Ні адна дзяржава ў розных частках свету не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад пагрозай тэрарызму. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Стамбуле на XIII саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС).

“Сёння ні адна дзяржава ні на Захадзе, ні на Усходзе не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад гэтым злом, якое паразітуе на раз’яднанасці і недаверы паміж краінамі, нацыямі і культурамі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным той факт, што гэты саміт праходзіць у Стамбуле — горадзе, які спрадвеку размешчаны на скрыжаванні культур і з’яўляецца калыскай розных цывілізацый. “Упэўнены, што толькі праз узаемнае ўзбагачэнне, праз дыялог і супрацоўніцтва пралягае шлях да вырашэння глабальных задач, якія стаяць перад сусветнай грамадскасцю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што тэматыка саміту вельмі актуальная і сугучная з беларускім знешнепалітычным курсам. Пытанні бяспекі, супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам з’яўляюцца агульнымі для ўсіх дзяржаў незалежна ад іх нацыянальнага складу і рэлігійнай прыналежнасці. “Паглядзіце, што адбываецца сёння ў свеце. Множацца войны і разлады, разбураюцца некалі квітнеючыя дзяржавы, ператвараючыся пры гэтым у крыніцы хаосу і насілля, параджаючы маштабныя крызісы. На фоне ўзрастаючай нестабільнасці і нявызначанасці глабальны характар набывае пагроза тэрарызму”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта цяпер трэба аб’яднаць намаганні ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі. “Аднак замест гэтага многія заняты сёння абвінавачаннямі ў адрас адно аднаго. Як доўга гэта можа доўжыцца? Калі не спыніць гэты працэс, у нейкі момант ён можа дасягнуць сваёй крытычнай масы, набыць неабарачальны характар і прывесці да непрадказальных вынікаў”, — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэтай негатыўнай тэндэнцыі ў першую чаргу можна супрацьпаставіць развіццё сістэмнага супрацоўніцтва па лініі як асобных краін, так і найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднанняў, поўнамаштабна задзейнічаць патэнцыял рэгіянальных фарматаў.

“Мы павінны напоўніць рэальным зместам адносіны не толькі па напрамку Захад — Усход, але і Поўнач — Поўдзень, пазбягаючы пры гэтым якога-небудзь супрацьпастаўлення і тым больш канфрантацыі паміж імі. Менавіта з такіх пазіцый мы ў свой час вылучылі канцэпцыю інтэграцыі інтэграцый, якая поўнасцю адпавядае такім падыходам і базіруецца на прынцыпах збліжэння і яднання”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, Беларусь добра ведае цану міру і ўносіць рэальны ўклад ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі, у вырашэнне самых складаных канфліктных сітуацый. “Толькі ўявіце, чаго можна было б дабіцца, калі б тыя каласальныя сродкі, якія сёння трацяцца на ваенныя дзеянні, накіроўваліся на мірныя мэты”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

“Упэўнены, што ў нашых з вамі сілах зрабіць так, каб у XXI стагоддзі ўмоўныя рэлігійныя граніцы, якія ахопліваюць вялізныя тэрыторыі і закранаюць мільёны чалавечых лёсаў, былі граніцамі дружбы, а не супрацьстаяння. Сёння магчымасцей для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва значна больш, чым рэальных або надуманых супярэчнасцей”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ісламскі свет можа стаць адной з апор стабільнасці і бяспекі.

“Відавочна, што без мусульман немагчыма станаўленне сапраўды шматпалярнага свету, контуры якога так пакутліва фарміруюцца сёння. Нараўне з іншымі важнымі геапалітычнымі гульцамі ісламскі свет можа стаць адной з апор стабільнасці і бяспекі, рухавіком прагрэсіўнага і ўстойлівага развіцця на планеце”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, для гэтага ёсць усе перадумовы, паколькі Арганізацыя ісламскага супрацоўніцтва, што аб’ядноўвае 57 краін з насельніцтвам больш за мільярд чалавек, мае вялікі палітычны і эканамічны патэнцыял. “Шлях да яго раскрыцця — у дасягненні адзінства ў мусульманскім свеце, у пераадоленні ўнутраных рознагалоссяў”, — упэўнены беларускі лідар.

Ён запэўніў, што ў асобе Беларусі мусульманскія дзяржавы заўсёды знойдуць надзейнага і прадказальнага партнёра.

“Лічу, што з улікам высокага ўзроўню нашых даверлівых адносін з многімі мусульманскімі дзяржавамі і блізкасці пазіцый па канцэптуальных міжнародных пытаннях атрыманне Беларуссю статусу наглядальніка ў АІС стала б лагічным крокам, які адкрывае новыя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь падзяляе ўніверсальныя прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, павагі іх тэрытарыяльнай цэласнасці, якія прапаведуе АІС, выступае супраць прымянення сілы, за ўрэгуляванне канфліктаў мірным шляхам. “Супадзенне пазіцый Беларусі і членаў АІС па многіх прынцыповых пытаннях дае нам магчымасць сумеснымі намаганнямі папулярызаваць агульныя каштоўнасці традыцыйнай сям’і, адстойваць разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця, нарошчваць намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі, супрацоўнічаць у рамках глабальнай ініцыятывы “Альянс цывілізацый”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі стагоддзямі цудоўна ўжываюцца прадстаўнікі розных рэлігій, і ў кожнага з іх свая дарога да храма. “Мы кожнаму гэтую дарогу гарантуем”, — сказаў ён. “Мы ганарымся тым, што ў нас ніколі не было якіх-небудзь міжнацыянальных або рэлігійных канфліктаў. Гэта дасягнута дзякуючы паслядоўнаму развіццю ідэй талерантнасці, мірнага і гарманічнага суіснавання розных нацыянальнасцей і канфесій”, — адзначыў прэзідэнт.

“Глыбока сімвалічна, што менавіта тут, у Стамбуле, на прадстаўнічым форуме я магу паведаміць вам аб важнай падзеі для ўсіх беларускіх мусульман. У сталіцы нашай дзяржавы завяршаецца будаўніцтва Саборнай мячэці, адкрыццё якой адбудзецца ў найбліжэйшы час”, — дадаў беларускі лідар.