Выхаванне ўрокамі мінулага

- 14:24Адукацыйная прастора

Трыццаць гадоў прайшло з моманту самай буйной тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Разам з шэрагам іншых беларускіх рэгіёнаў асаблівыя страты панесла Магілёўшчына. Сёння ў раёнах, пацярпелых ад радыяцыйнага ўздзеяння, жыццё нармалізавалася. Аднак пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС было і застаецца задачай дзяржаўнай значнасці. Асобная ўвага ўдзяляецца адпаведнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка, у магілёўскіх установах адукацыі перыядычна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на разуменне навучэнцамі маштабаў і сур’ёзнасці чарнобыльскіх падзей, а таксама фарміраванне ў іх экалагічнай культуры і актыўнай жыццёвай пазіцыі.

— У асобных навучальных установах рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты, прысвечаныя гэтай тэме. Не забываем мы і аб аздараўленні вучняў школ, размешчаных на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання. Толькі за першы квартал бягучага года санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшлі больш за 2800 школьнікаў, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Большая колькасць адпаведных выхаваўчых мерапрыемстваў традыцыйна праходзіць у красавіку, напярэдадні трагічнай даты. Паўсюдна ў навучальных установах арганізоўваюцца памятныя мітынгі, тэматычныя конкурсы-выставы дзіцячай творчасці, урокі, круглыя сталы, паказ дакументальных фільмаў, сустрэчы, гутаркі з відавочцамі і ліквідатарамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Адно з такіх памятных мерапрыемстваў на мінулым тыдні адбылося ў сярэдняй школе № 31 абласнога цэнтра. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Петрачэнка ва ўстанове прайшоў круглы стол на тэму “Чарнобыль — наш боль”. Навучэнцы 9-х класаў аднавілі храналогію тых падзей, паглядзелі дакументальныя фільмы пра аварыю, агучылі ўспаміны ліквідатараў, вывучылі творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя чарнобыльскай тэме. Арганізаваўшы міні-прэс-канферэнцыю, падчас якой адны выступілі ў ролі экспертаў, а другія — карэспандэнтаў, падлеткі даведаліся пра дадатковыя факты аб аварыі і яе наступствах. Дзевяцікласнікі таксама выступалі з дэкламацыяй вершаў, імправізаванымі тэатральнымі пастаноўкамі, дзяліліся сваім разуменнем той трагедыі.

— Аварыя на ЧАЭС аказалася страшней за вайну, таму назаўжды павінна застацца ў нашай памяці. Павінна стаць для нас горкім урокам, навучыць жыць больш свядома, адказна, каб больш не дапускаць падобных катастроф, — выказаў сваё меркаванне пасля заканчэння круглага стала дзевяцікласнік 31-й школы Уладзіслаў Патапенка.

З ім салідарныя і навучэнцы гімназіі № 3 Магілёва, якія ўспаміналі падзеі на ЧАЭС падчас пазакласнага мерапрыемства “Трагедыя даўжынёй у жыццё”. Разам з настаўнікам біялогіі Аляксандрам Афанасенкам вучні 8 “Б” класа здзейснілі экскурс у мінулае, дэталёва разгледзелі розныя версіі прычын аварыі, у малюнках адлюстравалі жыццё да і пасля катастрофы. Дзеці стварылі тэматычную групу ў папулярнай сацыяльнай сетцы і размясцілі ў ёй зробленыя на ўроку фотакалажы аб наступствах чарнобыльскай бяды. Разгледзелі навучэнцы і сучасныя экалагічныя праблемы.

Увогуле, як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Грамыка, напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС у гімназіі адбыўся цэлы экамарафон. На працягу тыдня ва ўстанове праходзілі экаўрокі, пазакласныя гадзіны, літаратурны вечар, конкурс дзіцячых плакатаў. Праз правядзенне падобных мерапрыемстваў педагогі стараюцца не толькі нагадаць навучэнцам пра чарнобыльскую трагедыю, подзвіг ліквідатараў, але і выхаваць у іх правільнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, беражлівыя адносіны да прыроды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.