Беларуска пакарыла легендарную сцэну

- 11:57Навіны рэгіёнаў, Рознае

Уладальніцай гран-пры ІII Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці ў рамках праекта “Салют талентаў” стала навучэнка Віцебскага музычнага каледжа імя І.І.Салярцінскага Вольга Скорынава.

Больш за 200 юных талентаў з Беларусі, Расіі і Узбекістана спаборнічалі за званне лепшых у інструментальным, вакальным і харэаграфічным мастацтве. Яны выходзілі на сцэну Віцебскай абласной філармоніі з эстраднымі, сучаснымі і народнымі танцамі, прадстаўлялі джазавыя і народныя музычныя творы на фартэпіяна, цымбалах, трубе, выконвалі вакальныя кампазіцыі. У склад журы конкурсу ўвайшлі заслужаныя артысты і дзеячы культуры Расіі, выкладчыкі профільных УВА, харэографы-пастаноўшчыкі, вядомыя вакалісты і музыканты з краін — удзельніц фестывалю.
— У рамках праекта на працягу года мы праводзім шэраг фестываляў у розных гарадах Еўропы і Азіі (Хельсінкі, Астана, Пекін, Мінск, Рым, Масква), — праінфармаваў кіраўнік арт-аддзела некамерцыйнай арганізацыі “Салют талентаў” Дзмітрый Праскуракоў. — Ідэя фестывалю “На легендарнай сцэне” адлюстравана ў яго назве, а сцэнічныя пляцоўкі Віцебска сёння — гэта сапраўды сусветныя легенды. Лаўрэаты І ступені ў сваіх намінацыях і ў сваіх узроставых групах кожнага з фестываляў-конкурсаў атрымліваюць права на ўдзел у суперфінале праекта. Сёлета ён адбудзецца ў кастрычніку ў Санкт-Пецярбургу без фестывальнага збору і з прызавым фондам паўмільёна рублёў.

Трыумф Вользе Скорынавай прынесла “Інтрадукцыя і чардаш” А.Цыганкова. Тэхнічнасць, артыстызм і выдатнае майстэрства віцебскай цымбалісткі атрымалі найвышэйшую ацэнку журы. Выкладчык гэтага ж каледжа — Алена Шчамялёва — за акампанемент уладальніцы гран-пры была прызнана лепшым канцэртмайстрам фестывалю. Як расказала таленавітая віцяблянка, для яе гэта не першы поспех на вялікай сцэне. Так, сёлета яна атрымала гран-пры Міжнароднага конкурсу “Музычны вернісаж” (Магнітагорск).

— Я вельмі ўдзячна свайму выкладчыку па класе цымбалаў і дырыжору аркестра Сяргею Цімашэнку, гэта і яго перамогі таксама, — лічыць Вольга. — А на найбліжэйшы час у мяне запланавана паездка ў Аўстрыю, сертыфікат на якую мне ўручылі як пераможцы Міжнароднага музычнага конкурсу “Свет музыкі”. Рыхтуюся да ўдзелу ў конкурснай праграме і канцэрце ў Зальцбургу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.