III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 7—8 чэрвеня ў Мінску. Напярэдадні адкрыцця форуму быў таксама дадзены старт шэрагу знакавых для беларуска-расійскага супрацоўніцтва мерапрыемстваў. У іх ліку — Дні Масквы ў Мінску, IV Расійска-беларускі маладзёжны форум, Першы фестываль рэгіянальных тэлекампаній Беларусі і Расіі “Вобраз часу” і інш.
Спецыяльна да форуму рэгіёнаў прымеркавалі і Міжнародную выставу “Белагра-2016”.
У гэтым годзе яна прайшла на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 і аб’яднала больш як 500 кампаній з 20 краін.
У пленарным пасяджэнні форуму рэгіёнаў прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Расійскі бок на форуме прадстаўлялі таксама Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Матвіенка, шэраг міністраў расійскага ўрада, мэр Масквы Сяргей Сабянін. Удзельнікамі форуму сталі парламентарыі, кіраўнікі федэральных і рэгіянальных органаў улады, прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін.
У час форуму прайшло пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Працавалі дзевяць тэматычных секцый.
У другі дзень форуму прайшло пленарнае пасяджэнне на тэму “Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы”.
Найбольш развітыя адносіны на постсавецкай прасторы
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу ў Мінску. На сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін, а таксама міжнародны парадак дня.
Адносіны Беларусі і Расіі найбольш развіты на постсавецкай прасторы, адзначыў у ходзе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
“Мы вельмі шмат удзяляем увагі не толькі эканоміцы, але і сацыяльным пытанням. У цэлым гэта, безумоўна, ідзе на карысць нашым грамадзянам. Такі настрой расійскі бок не толькі захоўвае, але і гатовы ўзмацняць”, — сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што ў мінулым годзе знізілася гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, аднак у гэтым годзе яно ўжо аднаўляецца. “Прычым аб’ёмы беларускага экспарту ў Расію павялічваюцца большымі тэмпамі, чым расійскі імпарт у Беларусь. Гэта вельмі добры сігнал. Нам трэба сёння выкарыстоўваць час пры сумеснай рабоце, каб падумаць, як захаваць гэтую станоўчую тэндэнцыю і ўзмацніць яе”, — адзначыў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка у сваю чаргу, падкрэсліў, што эканамічны крызіс павінен з’яднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках. “Вырашэнне гэтых задач у беларуска-расійскай “двойцы” дапаможа развіццю іншых фарматаў інтэграцыйнага аб’яднання”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым канстатаваў, што ўжо не раз адзначаўся значны рух наперад Саюзнай дзяржавы ў плане інтэграцыі і на гэты вопыт у тым ліку арыентуюцца іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні постсавецкай прасторы.
Прэзідэнт адзначыў неабходнасць зняцця абмежаванняў ва ўзаемным гандлі з Расіяй. “Павышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расіян садзейнічала б зняцце яшчэ існуючых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі”, — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў: “У міжрэгіянальным супрацоўніцтве сканцэнтраваны вялікі патэнцыял, які можа паскорыць тэмпы аднаўлення аб’ёмаў узаемнага тавараабароту Беларусі і Расіі. Мы ж, абмяркоўваючы праблемы на вышэйшым узроўні, павінны паказаць рэгіянальнай вертыкалі прыклад канструктыўнага і выніковага супрацоўніцтва. Мы вызначаем нейкі вектар нашага руху на вышэйшым узроўні”.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што бакам пакуль не ўдалося змяніць негатыўную дынаміку тавараабароту. “Але, што прыемна, дзякуючы нашым скаардынаваным намаганням у пераадоленні наступстваў эканамічнай нестабільнасці ў свеце тэмпы спаду тавараабароту значна запаволіліся. Калі па выніках чатырох месяцаў мінулага года ўзаемны тавараабарот знізіўся на 30%, то ў гэтым годзе зніжэнне склала амаль 12%, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяюся, што ў ходзе сумеснай работы мы зможам знайсці рэзервы для замацавання станоўчай тэндэнцыі”.
Сумеснымі намаганнямі выпрацаваць ідэалогію абароны і ўмацавання інтэграцыйнага аб’яднання
Неад’емная частка супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — гэта ўзаемадзеянне па лініі рэгіёнаў, заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
“Разам з беларускімі сябрамі ў нас выбудавана добрая інфраструктура двухбаковага супрацоўніцтва. Яе неад’емнай складовай часткай, безумоўна, з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне па лініі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. 80 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі са сваімі калегамі ў абласцях Беларусі”, — сказаў Уладзімір Пуцін.
Пры гэтым ён пазітыўна ацаніў правядзенне Дзён Масквы ў Мінску. Прэзідэнт Расіі даручыў арганізаваць аналагічны праект у расійскай сталіцы.
“Прававая база супрацоўніцтва па лініі рэгіёнаў налічвае амаль 300 пагадненняў. У ходзе гэтага форуму падпісваецца яшчэ больш за 20 новых дакументаў, а таксама каля 150 камерцыйных кантрактаў на агульную суму $230 млн”, — паведаміў Уладзімір Пуцін.
“Беларусь — наш важны эканамічны партнёр. Першае месца (займае Беларусь. — Заўв. БелТА) па тавараабароце з Расіяй сярод краін СНД. На расійскі рынак пастаўляецца палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Але можа быць яшчэ больш”.
Расійскі лідар лічыць, што калі прыняць некаторыя захады па забеспячэнні інтарэсаў сваіх вытворцаў сельгаспрадукцыі, то беларускія калегі змогуць пастаўляць яшчэ больш прадукцыі на рынак Расіі. “Трэба скарыстацца сённяшняй сітуацыяй, каб пашырыць вытворчасць, у тым ліку пад патрэбы расійскага рынку. Калі мы сёння гэтага не зробім, а будзем прапускаць на свой рынак санкцыйную прадукцыю, то і беларускім вытворцам будзе больш складана асвойваць расійскі рынак. А мы хочам мець яблыкі і іншыя сельгаспрадукты — мяса, малако беларускага паходжання, а не тыя, што транзітам прайшлі праз беларускую тэрыторыю”, — сказаў Уладзімір Пуцін. Ён лічыць, што гэта ў інтарэсах беларускіх вытворцаў.
Прэзідэнт Расіі канстатаваў, што, нягледзячы на скарачэнне ўзаемнага тавараабароту з-за нестабільнасці сыравінных цэн і валютных ваганняў у 2015 годзе, сумеснымі намаганнямі ў 2016 годзе ўзаемны гандаль удалося вярнуць у ранейшае рэчышча. У першым квартале гэтага года фізічныя аб’ёмы паставак узраслі на 2,6%. Расійскі экспарт у Беларусь прыбавіў 1,6%, а беларускі — 4,4%.
Пашыраюцца і сустрэчныя патокі капіталаў. У студзені — сакавіку 2016 года аб’ём расійскіх інвестыцый у Беларусь перасягнуў $1,5 млрд. У рэспубліцы ёсць 961 прадпрыемства са стапрацэнтным расійскім капіталам.
Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў, што сустрэчы прадстаўнікоў рэгіянальнага кіраўніцтва, дзелавых колаў дзвюх краін становяцца ўсё больш важкім фактарам у адносінах Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выказаў упэўненасць, што прадоўжыць пошук новых агульных падыходаў у розных сферах Беларусь і Расія змогуць толькі пры дынамічным развіцці эканомік. “Бясспрэчна, стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дало магчымасць у значнай ступені актывізаваць тавараабарот, ажыццявіць шэраг буйнамаштабных сумесных праграм і праектаў, а таксама прынесла ўзаемныя выгады і стала платформай для развіцця адносін па многіх іншых напрамках”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
“Аднак даводзіцца канстатаваць, што замест таго, каб аб’яднаць намаганні ва ўмовах крызісу, мы выжываем паасобку. Навошта? Прэзідэнт Расіі паставіў у аснову менавіта гэтае пытанне. Давайце ў гэтых умовах будзем разам, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — З аднаго боку, атрымліваецца, што мы на самым высокім узроўні прымаем меры па стварэнні агульнага рынку, а з іншага — дзяржавы, рэагуючы на сусветныя выклікі, часта абараняюць толькі свае нацыянальныя інтарэсы. Беларусі і Расіі няма чаго баяцца адна адну — мы ўзаемадапаўняльныя па многіх пазіцыях, калі не па ўсіх, і трэба гэтым скарыстацца. Аб гэтым сёння гаварыў і Прэзідэнт Расіі”.
“Нягледзячы на шматгадовыя інтэграцыйныя працэсы, у нас да гэтага часу на практыцы не забяспечаны ў поўным аб’ёме роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб’ектаў гаспадарання. А гэта дало б магчымасць павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі, стварыць сотні тысяч рабочых месцаў і перайсці да новых узаемавыгадных праектаў. Дарэчы, амаль 20 праектаў мы падпісваем у гэты час, і яны якраз вырашаюць гэтую праблему. Гэта добра”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“Уніфікацыю і збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы нам трэба актыўна прадаўжаць і далей, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым трэба ўлічваць высокую ступень эканамічнай інтэграцыі, агульны рынак працы і падобныя сацыяльна-дэмаграфічныя ўмовы”.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што больш глыбокай гарманізацыі патрабуе заканадаўства ў галіне аховы здароўя. “Сістэмы яго арганізацыі могуць мець адрозненні, але неабходна ўрэгуляваць механізм роўнадаступнасці медыцынскіх паслуг, узаемных паставак лекавых сродкаў, іншыя пытанні. Добра, што на форуме ідзе пошук падыходаў да вырашэння гэтых праблем”, — лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Цяперашні форум прысвечаны сацыяльна-гуманітарным пытанням. “Трэба прызнаць, што на сёння ў гэтай сферы зроблена нямала. Грамадзяне нашых краін маюць роўныя правы ў галіне аплаты, умоў і аховы працы, у пенсійным забеспячэнні. Створана нарматыўная база, якая забяспечвае свабодны доступ да атрымання адукацыі. Зроблены канкрэтныя крокі па фарміраванні адзінай прасторы ў ахове здароўя, культуры, спорце, турызме”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены ў неабходнасці ствараць умовы для пашырэння супрацоўніцтва вучоных і канструктараў Саюзнай дзяржавы. “Свой важкі ўклад у яго арганізацыю могуць унесці расійскія рэгіёны, якія маюць буйныя навуковыя і прамысловыя цэнтры, моцныя вышэйшыя школы. Агульнымі намаганнямі мы можам і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння выйграюць тыя краіны, якія могуць імкліва асвойваць найноўшыя тэхналогіі. “Таму важнае месца ў тэматыцы форуму адведзена навуковаму і навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, фарміраванню агульнай адукацыйнай прасторы. Гэтыя неад’емныя складнікі шматграннага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі маюць доўгатэрміновы перспектыўны характар”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Зняцце бар’ераў, фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі і адзінага рынку — у нашых агульных інтарэсах, — падкрэсліў беларускі лідар. — Трэба не канкурыраваць адно з адным, а, наадварот, аб’ядноўваць рэсурсы, каб сапернічаць з замежнымі карпарацыямі ўнутры саюза, а потым пацясніць іх і на знешніх рынках. І, паверце, гэта ў нас атрымаецца”.
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, ахоўныя меры павінны прымацца па знешнім контуры Саюзнай дзяржавы — у гэтым аснова паспяховасці яе функцыянавання сёння і развіцця ў будучым.
Прэзідэнт Беларусі таксама лічыць: “Сумеснымі намаганнямі нам неабходна выпрацаваць ідэалогію абароны і ўмацавання нашага інтэграцыйнага аб’яднання, якое па праве з’яўляецца самым развітым на постсавецкай прасторы (і не толькі на постсавецкай). Гэта яшчэ і таму, што ў нас ёсць вопыт жыцця ў адной дзяржаве, і, дзякуй богу, расіяне і беларусы яго не зусім страцілі”.
“Пэўным сілам і ў нас, і ў вас не даспадобы наша ўсебаковае супрацоўніцтва і збліжэнне, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Усякімі спосабамі яны імкнуцца разбурыць наша адзінства, пасварыць Расію, Беларусь, аслабіць тым самым нашы пазіцыі. Нам ні ў якім разе нельга паддавацца на гэтыя патугі і ўбіць клін у нашы брацкія адносіны”.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць рэгіянальнага партнёрства ў сферы культуры, якая для беларусаў і расіян ідзе сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. “У ёй заключаны каласальныя духоўныя багацці. За шматвяковую гісторыю сфарміравана значная самабытная гістарычная спадчына. І сёння ў нас няма ніякіх прычын, каб адмовіцца ад добрых традыцый яе ўзаемадзеяння і ўзаемнага ўзбагачэння як у сусветным, так і ў рэгіянальным маштабе”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Найбольш цесныя і плённыя сувязі ў беларусаў з рускай культурай. “Нашай культурай”, — акцэнтаваў прэзідэнт.
Беларускі лідар у сваім выступленні асаблівую ўвагу ўдзяліў развіццю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. “Сёння ва ўсім свеце запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды: на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. У многіх галінах менавіта моладзь аказваецца ў авангардзе як у эканамічнай, так і ў культурнай сферы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што дзяржаўная маладзёжная палітыка мае шэраг напрамкаў. “На рэгіянальным узроўні нам неабходна развіваць студэнцкі абмен, сістэму маладзёжнага турызму. Магутны імпульс актывізацыі такога супрацоўніцтва дае развіццё саюзнага студатрадаўскага руху”, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
У ліку прынцыпова важных тэм форуму рэгіёнаў кіраўнік беларускай дзяржавы назваў стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы.
Што тычыцца тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яе трэба не загубіць, неабходна развіваць.
Ён нагадаў, што ў адрозненне ад беларускіх абласцей, дзе ў эфіры прысутнічаюць усе вядучыя расійскія тэлеканалы, на Расію вяшчае толькі адзін — “Беларусь 24”, і тое не ўсюды. “Адкрыта скажу: ва ўмовах насычанасці расійскага медыяполя нашаму каналу патрэбна ваша падтрымка ў рэгіёнах”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, вельмі важна, каб расіяне ведалі, як на самай справе жывуць беларусы, каб атрымлівалі сапраўды аб’ектыўную інфармацыю.
“Праз два тыдні сумная дата 75-годдзя з дня вераломнага нападу нацысцкай Германіі на СССР зноў нагадае беларусам і расіянам, што клопат пра ветэранаў — асабліва адказная галіна інтэграцыйнага ўзаемадзеяння”, — сказаў прэзідэнт.
“Дапамога людзям, якія прайшлі праз многія нягоды, аднавілі краіну, — наш прыярытэт і важны напрамак сацыяльнай палітыкі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Недапушчальна забываць аб тым, што беларусы і расіяне прайшлі праз агульныя цяжкія выпрабаванні, перакананы кіраўнік дзяржавы. “Мы заўсёды былі разам — і ў радасці, і ў няшчасці”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі і расійскі народы не толькі прайшлі праз гэтыя выпрабаванні, але і з гонарам плячо ў плячо выстаялі ў іх.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ніколі не было фактаў несумленнага, ненармальнага стаўлення да памяці абедзвюх сусветных войнаў. “У нас ніколі не разбураліся помнікі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі іх тысячы, але нават тыя, што размешчаны ў самых аддаленых вёсках, не застаюцца без догляду. Прычым клапоціцца пра гэта падрастаючае пакаленне, якому са школьнага ўзросту прывіваецца павага да подзвігу абаронцаў агульнай Айчыны, якія загінулі на беларускай зямлі, сказаў прэзідэнт.
Аб’ядноўваць вытворчы патэнцыял
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наведалі 8 чэрвеня Міжнародную спецыялізаваную выставу “Белагра-2016”.
Кіраўнікі дзяржаў наведалі экспазіцыю тэхнікі вытворчасці Мінскага трактарнага завода. У прыватнасці, увазе прэзідэнтаў былі прадстаўлены інавацыйныя мадэлі трактарнай тэхнікі сумеснай беларуска-расійскай вытворчасці. У выпуску гэтай тэхнікі выкарыстоўваецца значная доля расійскіх камплектуючых. Затым Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін агледзелі экспазіцыю Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Кіраўнік ведамства Васіль Жарко далажыў аб рабоце, праведзенай за апошнія гады па павышэнні на ўнутраным рынку долі лякарстваў беларускай вытворчасці, якія ў тым ліку запатрабаваны ў Расіі.
Прэзідэнты і члены дэлегацый, якія іх суправаджалі, праехалі на аўтобусе вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода і агледзелі прадстаўленую на “Белагра-2016” прадукцыю дзясяткаў розных прадпрыемстваў. У іх ліку былі такія гіганты беларускай прамысловасці, як “Амкадор”, “БелАЗ”, “Гомсельмаш”, “Белкамунмаш”, а таксама стэнды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, падведамных прадпрыемстваў.
Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі экспазіцыю канцэрна “Беллегпрам”. Прэзідэнтам расказалі аб асартыменце прадукцыі, якая выпускаецца прадпрыемствамі канцэрна, а таксама паказалі ўзоры школьнай формы, маладзёжнага адзення і адзення дзелавога стылю з натуральных тканін, у тым ліку з элементамі нацыянальнага арнаменту.
Уладзіміру Пуціну падарылі вырабы з беларускага лёну, у тым ліку кашулю з нацыянальным беларускім арнаментам.