Калі ў вас і вашых калег чарговае пасяджэнне педагагічнага савета асацыіруецца з серыяй дакладаў на працягу 2—3 гадзін, неактуальнасцю ўзнятых пытанняў і, самае галоўнае, адсутнасцю сувязі з педагагічнай практыкай — гэта азначае, што такі педагагічны савет не выконвае свае функцыі. Прапануем вам шэраг парад, якія дазволяць правесці яго актыўна і прадукцыйна.
1. Адказна стаўцеся да планавання тэматыкі правядзення педагагічнага савета. Актуальнасць тэмы пасяджэння з’яўляецца гарантам уключэння настаўнікаў у актыўнае абмеркаванне праблемы, матывуе іх на пошук эфектыўных шляхоў яе вырашэння.
Тэматыка пасяджэння павінна быць абумоўлена праблемамі, выяўленымі падчас аналізу работы педагагічнага калектыву за навучальны год; грунтавацца на выніках дыягностыкі запатрабаванняў работнікаў; адпавядаць задачам праграмы развіцця ўстановы адукацыі; звяртацца да змен у нарматыўнай прававой адукацыі.
2. Імкніцеся забяспечыць актыўны ўдзел у правядзенні пасяджэнняў педагагічнага савета ўсіх удзельнікаў калектыву.
Адразу пасля выхаду загада аб правядзенні педагагічнага савета (звычайна гэта робіцца не пазней за 1 месяц да пасяджэння) распрацоўваецца праграма падрыхтоўкі. На розных этапах (арганізацыйна-тэарэтычны, маніторынгавы, аналітыка-рэфлексіўны) стварыце магчымасць для праяўлення творчай актыўнасці вашых калег:
у творчую групу па падрыхтоўцы педсавета ўключыце кіраўнікоў метадычных фарміраванняў, настаўнікаў, якія актыўна пераймаюць і выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі навучання і выхавання;
даручыце работнікам бібліятэкі падабраць і зрабіць агляд літаратуры па тэме педсавета, стварыць банк інфармацыі па тэме;
адказны за сайт, настаўнік інфарматыкі, здольны будзе размясціць інфармацыю аб запланаваным мерапрыемстве на старонцы “Метадычны кабінет” сайта ўстановы адукцыі, зрабіць аб’яву ў настаўніцкай;
пытанні педагагічнага савета абавязкова разглядаюцца на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў, пасяджэннях школы маладога настаўніка і іншых фарміраванняў;
адказнымі за падрыхтоўку метадычнай выставы зрабіце настаўнікаў-філолагаў; абавязкова прадстаўце на ёй назапашаны перспектыўны вопыт настаўнікаў вашай установы;
спецыялісты СППС прафесійна дапамогуць вам правесці дыягностыку адпаведна праблеме педсавета (пажадана з удзелам не толькі настаўнікаў і навучэнцаў, але і прадстаўнікоў бацькоўскай грамадскасці); анкетаванне сёння зручна арганізаваць як з дапамогай апытанняў на сайце ўстановы, так і з дапамогай разнастайных сэрвісаў: Google Forms, Survio.com, Survey Monkey і інш.;
іншыя настаўнікі будуць уключаны ў маніторынгавыя даследаванні, правядзенне дэкады педагагічнага майстэрства, ім можа быць даручана падрыхтоўка дыдактычнага матэрыялу да пасяджэння ці прэзентацыі і г.д.
3. Выбірайце такую форму правядзення педагагічнага савета, якая б дазволіла вам забяспечыць максімальны ўдзел у пасяджэнні ўсіх удзельнікаў.
У сваёй практыцы мы часцей выкарыстоўваем групавую форму работы. Яна дазваляе дыферэнцыраваць змест пытанняў, якія ўзнімаюцца, адпаведна ступеням адукацыі, асаблівасцям вучэбных праграм і патрабаванням да вынікаў засваення навучэнцамі адукацыйных праграм.
4. Сёння ў метадалагічную аснову адукацыйных стандартаў Рэспублікі Беларусь пакладзены сістэмна-дзейнасны, культуралагічны, асобасна арыентаваны і кампетэнтнасны падыходы. На наш погляд, мэтазгодна будзе і падчас праектавання і арганізацыі педагагічнага савета ўлічваць гэтыя падыходы для вырашэння задач па стварэнні ўмоў для прафесійнага росту настаўнікаў.
Аптымальнай для выкарыстання будзе формула 40% на 60%, дзе 40% — час, які адводзіцца на тэарэтычнае выкладанне матэрыялу, а 60% — практычная частка. На практыцы выкарыстоўваем 2 варыянты правядзення пасяджэнняў:
1 варыянт — спачатку прэзентуецца тэарэтычны матэрыял, затым атрыманая інфармацыя замацоўваецца падчас заахвочвання настаўнікаў да выканання практычных заданняў;
2 варыянт — для першаснай рэфлексіі тэарэтычнага матэрыялу, пасля кожнага выступлення настаўнікам прапаноўваюцца практычныя заданні.
Імкніцеся да таго, каб практычныя заданні былі аптымальнымі па часе выканання, каб у абмеркаванні іх была магчымасць удзельнічаць усім членам калектыву.
Прыклады заданняў:
разгадаць крыжаванку (калі неабходна замацаваць новую тэрміналогію);
“акраслова” (да кожнай літары прапанаванага слова падабраць тэрмін, які адпавядае тэме педагагічнага савета);
“воблака слоў” (загадзя распрацаванае можа выкарыстоўвацца ў якасці апорных слоў для распрацоўкі памяткі, рэкамендацый);
“педагагічны багаж” (у багаж прапануецца “пакласці” метады і прыёмы, якія неабходна выкарыстоўваць на занятках сучаснага тыпу);
інсцэніроўка прапанаванай сітуацыі (адбываецца спантанна, з мэтай дэманстрацыі сітуацыі для аналізу, пошуку шляхоў вырашэння педагагічнай сітуацыі) і інш.
5. Шырока і рознабакова дэманструйце творчыя знаходкі, дасягненні настаўнікаў, выкарыстанне іх на практыцы.
Прыём “Стол знаходак”. Падчас наведвання заняткаў калег кіраўніцтва ўстановы адукацыі, удзельнікі творчай групы звяртаюць увагу на новыя сродкі навучання (аб’екты, якія ўключаюцца ў адукацыйны працэс у якасці носьбітаў інфармацыі і інструментаў дзейнасці педагога і навучэнцаў: метадычная літаратура, мультымедыйныя сродкі навучання, дыдактычныя матэрыялы і г.д.). І калі гэтыя аб’екты дапамагаюць педагогу актывізаваць адукацыйны працэс, робяць яго сучасным, выклікаюць у навучэнцаў цікаваць і жаданне назапашваць веды і ўменні, то падчас пасяджэння яны дэманструюцца на “стале знаходак”. Іх выкарыстанне аналізуецца з пункту гледжання эфектыўнасці для павышэння якасці ведаў навучэнцаў.
Па выніках наведвання заняткаў падрыхтуйце пісьмовыя “кампліменты” настаўнікам, імкніцеся да адлюстравання ў іх эфектыўных метадаў, форм, прыёмаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія калегі выкарыстоўвалі дзеля вырашэння пастаўленай задачы. Разам з фотаздымкамі самых яскравых момантаў з урокаў упрыгожце імі стэнд у настаўніцкай. Прыём “Камплімент”, з аднаго боку, дапаможа выказаць падзяку настаўнікам за прэзентацыю свайго вопыту ў межах дэкады прафесійнага майстэрства, падкрэсліць значнасць іх работы ва ўстанове, з другога — заахвоціць калег да актыўнага ўзаеманаведвання, больш грунтоўнай падрыхтоўкі да адкрытых заняткаў.
6. Паступова фарміруйце ў калег стаўленне да педагагічнага савета як да святочнага мерапрыемства, прысутнасць на якім абавязковая, удзел — прэстыжны.
Аб’ява і праграма правядзення педагагічнага савета рыхтуецца адразу пасля выдання загада аб яго правядзенні. Паспрабуйце зрабіць гэтую інфармацыю даступнай для ўсіх (размясціце не толькі ў настаўніцкай, але і ў сеткавых групах, на сайце ўстановы адукацыі), аформіце калярова. Абавязкова запрасіце кожнага да ўдзелу!
7. З мэтай выяўлення станоўчых і адмоўных рыс у падрыхтоўцы і правядзенні педсавета, з мэтай усталявання зваротнай сувязі і карэкціроўкі далейшай работы раім напрыканцы педсавета абавязкова праводзіць рэфлексію.
Як і па выніках вучэбных заняткаў, па выніках педсавета важна праводзіць рэфлексію адпаведна яго зместу.
Больш варыятыўнай па форме правядзення будзе рэфлексія адпаведна эмацыянальнаму стану ўдзельнікаў педагагічнага калектыву па выніках педсавета:
сказы-пажаданні будучым настаўнікам у выглядзе “капсулы памяці”;
восеньскі лістапад думак;
малюнак “твар педсавета”;
дрэва жаданняў;
запісы на плоце і г.д.
Таксама для правядзення рэфлексіі можна выкарыстаць і прадстаўленыя на педсавеце педагагічныя тэхнікі, актыўныя метады і прыёмы навучання. Напрыклад, выкарыстанне “кубіка Блума” дазволіць у нестандартнай форме падсумаваць матэрыял праз адказы на пытанні: “Як?”, “Назавіце”, “Калі?”, “Дакажыце”, “Дзе?”, “Што” і г.д.
8. Для таго каб павысіць эфектыўнасць выканання рашэнняў педагагічнага савета, рабіце іх адраснымі і максімальна канкрэтнымі, устанаўлівайце дакладны тэрмін іх выканання.
Прыклады:
Арганізаваць майстар-клас па тэме…
На апошнім пасяджэнні метадычнага аб’яднання выслухаць кароткія справаздачы настаўнікаў на прадмет … .
Правесці самакантроль сфарміраванасці ўніверсальных вучэбных дзеянняў у навучэнцаў … класаў.
Актывізаваць работу школы маладога настаўніка праз правядзенне практычных заняткаў, заняткаў па ўзаемаабмене вопытам па тэме…
Прадставіць вопыт работы на навукова-практычнай канферэнцыі…
9. З пазіцыі тайм-менеджменту заўсёды на пачатку педсавета агучвайце парадак дня разам з рэгламентам выступленняў. Вядома, што тэрмін, падчас якога мы здольныя трымаць увагу, — 10—15 мінут. Улічвайце гэта!
Безумоўна, што пералічаныя парады не з’яўляюцца невычэрпнымі. Аднак спадзяёмся, што яны падштурхнуць вас да пошуку новых, арыгінальных форм і метадычных прыёмаў для правядзення педагагічных саветаў.
Вольга ЛУК’ЯНЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца гісторыі гімназіі № 4 Мінска.