Мажарытарная выбарчая сістэма ўлічвае інтарэсы выбаршчыка ў большай ступені

- 11:35Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына выступае супраць прымушэння кандыдатаў у дэпутаты да ўдзелу ў тэледэбатах. Аб гэтым яна заявіла ў час анлайн-канферэнцыі на тэму “Парламенцкія выбары-2016”, якая прайшла на сайце БелТА.

“Удзел у выбарах з’яўляецца свабодным, як і ў перадвыбарных мерапрыемствах. Я супраць любога прымушэння”, — адзначыла Лідзія Ярмошына.

“Калі кандыдат адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах, то выбаршчык мае права зрабіць адпаведную ацэнку яго асобы. Можа, ён адмаўляецца цалкам абгрунтавана, — сказала кіраўнік ЦВК. — Напрыклад, кандыдат у дэпутаты канкурыруе з чалавекам, які вызначаецца залішняй канфліктнасцю. Прыйсці і быць зняважаным, прыніжаным, аблаяным — гэта аднолькавыя ўмовы вядзення дэбатаў? Не, вядома”.

Лідзія Ярмошына лічыць, што “любы кандыдат (скажам, старшыня райвыканкама, кіраўнік, палітык) не павінен баяцца адкрытых пытанняў, павінен умець адкрыта апаніраваць”. Але гэта вельмі індывідуальна, дадала яна.

Старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла таксама, што ў краіне створаны роўныя ўмовы вылучэння для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. “Я абсалютна ўпэўнена, што ўсе заканадаўчыя, арганізацыйныя і прававыя перадумовы былі роўныя. І гэта з’яўляецца тым самым галоўным, што можа запатрабаваць ад дзяржавы выбаршчык і кандыдат у дэпутаты”, — заявіла Лідзія Ярмошына.

Разам з тым старшыня ЦВК падкрэсліла, што абсалютнай роўнасці пры вылучэнні быць не можа, таму што няроўныя самі кандыдаты. “Дырэктара завода вылучыць яго працоўны калектыў, кіраўніка грамадскага аб’яднання або лідара партыі падтрымае яго структура, а беспрацоўнага вылучаць няма каму. Таму абсалютнай роўнасці не існуе. Усё вызначае асоба самога кандыдата”, — звярнула ўвагу яна.

У час анлайн-канферэнцыі Лідзія Ярмошына расказала пра партрэт кандыдата ў дэпутаты.

Жанчын сярод зарэгістраваных кандыдатаў — 24,8 працэнта. “Гэта менш як трэць, але давайце не будзем забываць, што доля жанчын у парламенце можа быць большай. Жанчыны могуць заняць і да 50 працэнтаў са 110 месцаў у парламенце, калі яны будуць выбраны выбаршчыкамі”, — звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.

Моладзі сярод зарэгістраваных кандыдатаў — 9,8 працэнта (крыху больш, чым у 2012 годзе, калі гэты паказчык склаў 9,1 працэнта), пенсіянераў — 8,1 працэнта (42 чалавекі).

У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 31 беспрацоўны (6 працэнтаў).

Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (адукацыя, культура, навука, ахова здароўя) склалі 18,2 працэнта (95 чалавек), дзяржорганаў — 9,8 працэнта (51 чалавек). Даволі шмат работнікаў прамысловасці — 17,3 працэнта (90 чалавек). Прадпрымальнікі склалі 6,7 працэнта (35 чалавек). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 136 чалавек (26,1 працэнта).

Вылучаны палітычнымі партыямі 52,5 працэнта зарэгістраваных (прыблізна столькі ж, як у 2012 годзе). У цэлым жа членамі партый з’яўляюцца 63,7 працэнта зарэгістраваных кандыдатаў (332 чалавекі).

Ацэньваючы колькасць людзей, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў гэтай сітуацыі нельга кіравацца толькі лічбамі. “Самае галоўнае — прычыны (адмовы ў рэгістрацыі. — Заўвага БелТА.). Калі адмовы абгрунтаваны і адпавядаюць рэаліям, значыць, гэта нармальна. Калі ёсць адмовы, прыцягнутыя за вушы, у гэтым будуць разбірацца тэрытарыяльныя камісіі, потым суды. Зразумела, такая сітуацыя не можа задавальняць ні мяне, ні выбаршчыкаў”, — сказала старшыня ЦВК.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, сёлетняя парламенцкая кампанія праводзіцца ў аптымальныя тэрміны.
“У нас няма права перанесці выбары на больш позні тэрмін, калі ўсе будуць на сваіх месцах. Мы і так праводзім іх у гранічна магчымыя канстытуцыйныя тэрміны”, — сказала Лідзія Ярмошына, каменціруючы той факт, што ў жніўні часцей за ўсё людзі бяруць водпуск і выязджаюць за мяжу (або за горад), а таму не змогуць у поўнай меры пазнаёміцца з кандыдатамі і іх ідэямі, паколькі прапусцяць асноўны перыяд агітацыі.

Паводле слоў старшыні ЦВК, перанос выбараў на больш ранні тэрмін (напрыклад, ранняй вясной. — Заўвага БелТА.) выклікаў бы яшчэ большы шквал крытыкі. “Па-першае, мы абмежавалі б паўнамоцтвы парламента, тэрмін паўнамоцтваў — практычна на паўгода. Па-другое, былі б папрокі нашай апазіцыі: “Вы не далі нам падрыхтавацца, вы дачасна праводзіце выбары”. Таму з двух ліх усё ж такі, я думаю, што ўлада выбрала меншае”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Каменціруючы ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА пытанні назірання за выбарамі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што чым менш абмежаванняў для наглядальнікаў на выбарах, тым больш непрадузяты іх погляд. “Чым больш свабоды, чым менш абмежаванняў і кантролю з боку ўлады, тым больш свабодна адчувае сябе наглядальнік, тым больш непрадузятым з’яўляецца яго погляд, таму што ён абсалютна рознабаковы ў сваіх кантактах і можа атрымаць інфармацыю ад любых людзей і арганізацый”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Разам з тым старшыня ЦВК адзначыла, што не можа ацэньваць работу наглядальнікаў на выбарах у Беларусі. “Больш за тое, я не маю права гэта рабіць. Бо ў гэтым выпадку яны назіраюць за дзейнасцю дзяржаўных улад і выбарчых камісій, а не я. Магу сказаць, што яны працуюць абсалютна аўтаномна, па сваёй праграме, не ўзгадняючы яе з Цэнтральнай выбарчай камісіяй”, — звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, раней ЦВК часцей кантактаваў з наглядальнікамі, аднак у эпоху інтэрнэту ўсё змянілася. “Цяпер яны бачаць літаральна ўсё: праграму дзеянняў, тэлефоны, расклады, рэжымы работы акруговых і тэрытарыяльных камісій. І яны самі выходзяць непасрэдна на гэтыя арганізацыі, самі кантактуюць з імі. Кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ я бачыла адзін раз — пры прадстаўленні. Цяпер яна працуе разам са сваёй місіяй самастойна. Да нас прыходзяць асобныя эксперты, але яны прыходзяць у асноўным у наш прававы аддзел, каб пракансультавацца з юрыстамі, атрымаць у іх нейкую інфармацыю, скапіраваць скаргі, якія паступаюць у ЦВК, і адказы на іх”, — растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Па меркаванні Лідзіі Ярмошынай, існуючая мажарытарная выбарчая сістэма ў большай ступені ўлічвае інтарэсы выбаршчыка.

Паводле яе слоў, пераход на прапарцыянальную сістэму патрэбны, каб партыі развіваліся, удзельнічалі ў выбарах — гэта адзінае абгрунтаванне для такога кроку. “Але мы бачым, што партыі ў нас не дэградуюць, яны развіваюцца і пачынаюць удзельнічаць у выбарах яшчэ больш актыўна. Дык навошта мы будзем укараняць прапарцыянальную сістэму і ў той жа час пазбаўляць выбаршчыка такіх рэчаў, як персанальны погляд, персанальны выбар кандыдата, персанальная адказнасць? Гэта ўсё тое, што дае мажарытарная сістэма, што дорага выбаршчыку”, — адзначыла Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што на постсавецкай прасторы масавая з’ява, калі ўкаранілі прапарцыянальную сістэму, а потым сталі пераходзіць да змешанай або мажарытарнай. “Такі крок быў патрэбны не ўраду (яму якраз больш зручная прапарцыянальная сістэма), гэта патрэбна выбаршчыку”, — лічыць яна.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, кандыдаты будуць змагацца за 110 месцаў у парламенце.

Згодна з данымі Цэнтрвыбаркама, для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання зарэгістраваны 521 кандыдат.
Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты былі вылучаны 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. 93 прэтэндэнтам адмоўлена ў рэгістрацыі, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах.

Пры гэтым у выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.