Кірмаш колераў восені

- 10:34Адукацыйная прастора, Рознае

Абласная выстава-кірмаш “Восень-2016” сабрала на цэнтральнай плошчы Гродна прадстаўнікоў 23 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, 6 сярэдніх спецыяльных устаноў і 7 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усіх раёнаў вобласці.

На Савецкай плошчы разгарнуліся канцэртныя пляцоўкі, праходзілі майстар-класы, вёўся актыўны гандаль садавіной і агароднінай, печывам, швейнымі вырабамі — усім тым, што вырошчваецца і вырабляецца ва ўстановах ПТА.

Удзельнікаў і гасцей кірмашу вітаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок. Ён адзначыў, што запрошаныя на кірмаш школьнікі горада могуць убачыць, чаму і як вучаць у прафесійных каледжах і ліцэях вобласці. А ўзровень навучэнцаў пацверджаны ў тым ліку 11 дыпломамі, заваяванымі ў гэтым годзе на конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills у Мінску.

Наведвальнікі кірмашу з цікавасцю прыпыняліся ля маляўніча аформленых павільёнаў навучальных устаноў. Будучыя цырульнікі з Гродзенскага дзяржаўнага ПТК бытавога абслугоўвання насельніцтва тут жа маглі зрабіць стрыжку ці модна заплесці касу. Навучэнцы Нёманскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя прывезлі шкляныя і хрустальныя вырабы, якія карысталіся вялікім попытам сярод наведвальнікаў. З цікавасцю разглядалі школьнікі драўляныя кубкі, дошкі і іншыя хатнія прылады, вырабленыя навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1, а выкладчыкі і навучэнцы расказвалі, як іх вырабляць.

Актыўна ішоў гандаль садавіной і агароднінай. Гродзенцаў вабілі цэны і якас ць бульбы, яблыкаў, памідороў, цыбулі. Тут можна было набыць і элітныя гатункі бульбы, зерневых культур. Усяго ў гэты дзень прафадукацыя нагандлявала на 11,5 тысячы рублёў.

Вырабы навучэнцаў можна было атрымаць і на бяспройгрышнай латарэі. Наведвальнікі кірмашу маглі павучыцца саломапляценню і разьбе па дрэве, убачыць у дзеянні сучасныя 3D-тэхналогіі, атрымаць рэкамендацыі па доглядзе раслін. А школьнікі і іх бацькі атрымалі інфармацыю аб прафесіях, якім вучаць у прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных установах Гродзенскай вобласці.

Цэлы дзень на плошчы праходзілі выступленні творчых калектываў прафтэхадукацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.