Адбор абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы неабходна ўдасканаліць, а навучанне — зрабіць больш практыка-арыентаваным. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, узгадняючы назначэнне новых рэктараў вышэйшых навучальных устаноў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сістэма вышэйшай адукацыі мае патрэбу ў аптымізацыі. “Нам трэба аптымізаваць тэрміны навучання, выключыць з праграм усё лішняе. Давайце пакінем тыя курсы, якія сёння патрэбны для канкрэтнага спецыяліста”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у прыклад навучанне медыцынскім спецыяльнасцям. Паводле яго слоў, будучы ўрач у першую чаргу павінен вывучаць тыя прадметы, якія спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці, а таксама атрымліваць веды па сумежных навуках. “Вядома, як грамадзянін ён павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. Але ён вывучыў яе ў школе. Шліфаніце ва ўніверсітэце на першым курсе адзін семестр, але навошта больш? Некаторыя ж прадметы здаюць дзеля заліку або адзнакі. Фармалізму быць не павінна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным. “Трэба адразу ж акунуць студэнта, былога абітурыента, у яго будучую прафесію. Няхай ён, калі зразумее, што не туды трапіў, лепш пойдзе ў першым семестры, чым праз два-тры гады, — лічыць прэзідэнт. — Потым ён атрымае адукацыю, а працаваць няма каму”.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што востра стаіць пытанне аб неабходнасці ўдасканаліць сістэму адбору ў ВНУ. “Мне здаецца, што мы тут нешта недапрацавалі. Мы прайшлі пэўны шлях і ўбачылі: так, тэсты — гэта добра. Але ёсць шмат недахопаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, што старшакласнікаў пры падрыхтоўцы да паступлення вучаць толькі рашаць тэсты і завучваць патрэбную інфармацыю. “У самім працэсе тэсціравання мы не бачым чалавека. Паглядзіце, колькі ў школах таленавітых юнакоў і дзяўчат. Потым яны становяцца моцнымі кіраўнікамі, вучонымі… Але выкладчык бачыць патэнцыял гэтага чалавека, калі размаўляе з ім, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тэсціраванне — гэта добрая рэч. Але мы не бачым чалавека, і тут трэба штосьці рабіць. Што трэба рабіць, мы за зіму павінны падумаць”.
Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адбор у ВНУ пры дапамозе цэнтралізаванага тэсціравання негатыўна ўплывае на прафарыентацыю навучэнцаў. “Не прайшоў у адну ВНУ — паступіў у іншую, дзе меншы конкурс, — заўважыў прэзідэнт. — Што такое прафарыентацыя ў такім выпадку? Мы ж загадзя арыентуем чалавека быць юрыстам, эканамістам, чыгуначнікам, ваенным. А ён тут паглядзеў — адукацыю толькі б атрымаць — і пайшоў некуды. І што? Займаецца і ведае, што інжынерам працаваць не будзе”.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў былыя часы абітурыенты мэтанакіравана ішлі на выбраную спецыяльнасць. Пры гэтым яны маглі паступаць некалькі разоў запар, пакуль не будуць залічаны ў ВНУ.
“Нам трэба паглядзець на адбор па тых ці іншых спецыяльнасцях, у тыя ці іншыя ВНУ”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, прэзідэнт узгадніў на гэтым тыдні назначэнне Юрыя Кулажанкі на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і Івана Паляводы на пасаду начальніка Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.