Чакай, кніжка! Перадышка!

- 10:18Дадатковая адукацыя, Рознае

Нарэшце школьнікі дачакаліся сваю першую ў гэтым навучальным годзе перадышку. Але, як вядома, адпачынак на канапе ці каля камп’ютара малаэфектыўны. Толькі вось большасць занятых на працоўных месцах бацькоў не можа прапанаваць яму альтэрнатыву. Таму, каб дзеці змаглі адпачыць напоўніцу на асенніх канікулах, актывізаваліся школы і ўстановы дадатковай адукацыі. Педагогі падрыхтавалі насычаную праграму адпачынку для сваіх навучэнцаў, але вось яе сцэнарый кожнае дзіця выбірае само.

Тым, хто плануе канікулы правесці ў школьным лагеры (а гэтых дзяцей па краіне 65 тысяч), прасцей, бо звычайна свае пажаданні наконт лагерных мерапрыемстваў яны агучваюць загадзя. Дарэчы, апошнім часам школьным дзённым лагерам на змену часта прыходзяць міжшкольныя, якія працуюць для навучэнцаў некалькіх школ.

А тым, хто сваю праграму будуе сам, на дапамогу прыходзяць установы дадатковай адукацыі, для якіх заўсёды канікулы — гарачая пара. Для сваіх выхаванцаў яны падрыхтавалі ўжо масавыя святы, спаборніцтвы і турніры, конкурсныя і гульнявыя праграмы, грамадзянска-патрыятычныя, працоўныя, валанцёрскія акцыі і інш. Плануецца, што на восеньскіх канікулах асабліва актыўна з імі будзе праводзіцца турысцка-экскурсійная работа.

На канікулах пройдуць і шматлікія рэспубліканскія мерапрыемствы. Распачне іх чараду першынство Рэспублікі Беларусь па спартыўным скалалажанні, якое пройдзе ў Віцебску 28—30 кастрычніка. 29—31 кастрычніка ў Маладзечне юныя спартсмены вызначаць прызёраў Адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па суднамадэльным спорце “Юнга-2016”.

Чэмпіянат па фларыстыцы сярод юніёраў у рамках Рэспубліканскага экалагічнага праекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі” пройдзе 2—4 лістапада ў Мінску. 3—6 лістапада ў Полацку плануецца Рэспубліканскі вучэбна-трэніровачны збор для членаў юнацкай зборнай па спартыўным арыентаванні.

З 30 кастрычніка да 6 лістапада ў Мінску будзе працаваць выстава лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, прысвечаная 80-годдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Улічваючы тэматыку Года культуры, многія мерапрыемствы атрымаюць “культурную” афарбоўку. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка прапануе сярод іншых тэматычную экскурсію для дзяцей “Падарожжа ў краіну кніжных скарбаў”, падчас якой у займальнай форме пазнаёміць наведвальнікаў 10—12 гадоў з гісторыяй кнігі: першымі пісьмовымі матэрыяламі, узнікненнем і традыцыйным афармленнем рукапіснай кнігі, з вынаходствам кнігадрукавання і рознымі спосабамі афармлення друкаваных кніг.

Актуальная ініцыятыва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзе адзначацца ў 2017 годзе, — культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”. Наведвальнікі падчас інтэрактыўных заняткаў пазнаёмяцца з “доўгажыхарамі” кніжнай культуры, у тым ліку экзэмплярамі, якім ужо 100, 200, 300, 400 і нават 500 гадоў.

Абяцаюць быць цікавымі школьнікам інтэрактыўныя праграмы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у рамках гульнявой праграмы “Маленькі эксперт” для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту ў займальных гульнявых маршрутах маленькія даследчыкі пазнаёмяцца з героямі і прадметамі, прадстаўленымі ў абраных творах. Удзельнікі праграмы змогуць скласці свае казачныя гісторыі пра персанажаў, намаляваных на жывапісных палотнах, навучыцца больш уважліва разглядаць творы. Падчас гульні-падарожжа дзеці пашукаюць адказы на пытанні музейнага квеста і атрымаюць інтэлектуальныя прызы.

Інтэрактывам здзівіць дзяцей і Музей прыроды і экалогіі (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь), дзе можна будзе паглядзець мультфільмы і праявіць свае творчыя здольнасці. Тут жа, на выставе “Шумная птушыная вясёлка” прадстаўлены птушкі з усіх куткоў планеты. А паглядзець на жывёл планеты запрашае выстава “Сафары-парк”. Наведвальнікам прадастаўляецца магчымасць пазнаёміцца з прыроднай разнастайнасцю самых аддаленых куткоў нашай планеты. А вось расліны тут прадстаўлены не толькі рэдкія (хоць іх тут больш за 600), але і незвычайныя — драпежныя. У адрозненне ад сваіх звычайных братоў, гэтыя зялёныя монстры атрымліваюць пажыўныя рэчывы не з глебы: у іх меню — насякомыя, грызуны, жабы і яшчаркі.

Святлана НІКІФАРАВА.